У Менскім гарвыканкаме заяўлялі, што будаўнічыя работы ў храме сьвятога Сымона і сьвятой Алены (Чырвоны касьцёл) павінны пачацца ў першым квартале 2024 году. Ён ужо заканчваецца, але працу так і не пачалі, паведамляе Katolik.life.
Цяпер ідзе апошні тыдзень першага кварталу, аднак абяцаныя работы так і не пачаліся, удакладнілі Katolik.life у парафіі. Па словах вернікаў, сытуацыя ніяк не зьмянілася ў апошні час:
«Ніякіх прыкметаў пачатку працаў пакуль не назіраем, і на гэты конт нам нічога не паведамлялі. Падчас Вялікага посту прыхаджане маліліся аб тым, каб гарадзкія ўлады захацелі адкрыць для вернікаў касьцёл на Вялікдзень».
Прайшло ўжо 18 месяцаў зь таго часу, як дзьверы каталіцкага Чырвонага касьцёла ў Менску закрытыя для вернікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы зможам хутка аднавіць усе пашкоджаньні». Парафіяльны камітэт апублікаваў фота Чырвонага касьцёла пасьля пажару і зьвярнуўся да ўладаў
- У ноч на 26 верасьня 2022 году ў Чырвоным касьцёле адбыўся пажар пры дзіўных абставінах, пасьля якога ўлады аб’явілі, што далейшая эксплюатацыя будынка небясьпечная і ён мае патрэбу ў рамонце.
- 26 верасьня 2022 году касьцёл, які наведвалі каля 10 тысяч вернікаў, закрылі для наведваньня. З таго часу практычна ніякія работы ў храме не праводзілі.
- У кастрычніку 2023 году намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран заявіў, што «рэканструкцыя храма вядзецца па пляне, работы не спыняліся ні на адзін дзень», а таксама што «падрыхтавалі праектную дакумэнтацыю і ў першым квартале 2024 году павінны пачацца работы ў будынку», пасьля завяршэньня якіх прымуць рашэньне аб аднаўленьні дзейнасьці касьцёла. Тое ж паўтарыла ў лістападзе адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску. Пасьля гэтага ніякай новай інфармацыі афіцыйныя органы не агучвалі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».