14 сакавіка на сустрэчы з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (БПЦ) Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра беларускіх сьвятароў, якія выступілі супраць гвалту і рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, піша «Позірк».
«Мы памятаем, як у 2020 годзе некаторыя сьвятары (на жаль, і некаторыя праваслаўныя) заняліся, мякка кажучы, палітыкай. Скажу, што для гэтага ў дзяржаве ёсьць спэцыяльныя інстытуты і падрыхтаваныя людзі. Справа царквы — задаваць маральныя хрысьціянскія арыентыры», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, якога цытуе ягоная прэс-служба.
На думку Лукашэнкі, беларускае грамадзтва «адчувае беспрэцэдэнтны ціск» на ўзроўні ідэяў і каштоўнасьцяў у сувязі зь «небывалымі тэмпамі разьвіцьця тэхналёгіяў» і навязваньнем «заведама дэструктыўных, разбуральных для грамадзтва і дзяржавы» «ўседазволенасьці, спажывецтва, бязьдзетнасьці, ЛГБТ».
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі «закладзеныя трывалыя асновы ўзаемадзеяньня праваслаўнай царквы і ўладаў, дзяржавы ў цэлым», а БПЦ у краіне «адведзеная не галоўная, а асаблівая роля».
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і царквы ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія герархі і вернікі розных канфэсіяў адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсіяў, якія пачаліся ўсьлед за масавымі пратэстамі.
- З пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе ўлады запалохваюць і затрымліваюць рэлігійных лідэраў, пагражаюць рэлігійным грамадам.
- Паводле зьвестак ініцыятывы «Хрысьціянская візія», зь верасьня 2020 году 19 праваслаўных, 25 рымска-каталіцкіх, 5 грэка-каталіцкіх, 25 пратэстанцкіх сьвятароў, пастараў і служнікаў зазналі ператрусы, затрыманьні, суды, арышты, крымінальны перасьлед, штрафы, катаваньні і пагрозы.
Знакавы для вернікаў каталіцкі Чырвоны касьцёл ў Менску быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году, і дасюль застаецца зачыненым.
Пры гэтым БПЦ адкрыта падтрымлівае Расею ў вайне. Так, Сьвята-Елісавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях пад лёзунгам «Сваіх не кідаем», якія падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне, зьбірае грошы і набывае транспарт, лекі, іншую дапамогу для расейскіх вайскоўцаў. 7 студзеня 2023 году падчас наведваньня манастыра з нагоды праваслаўнага Раства Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расейскіх вайскоўцаў на фронце.