26 сакавіка Швэдзкае агенцтва міграцыі Migrationsverket выпусьціла прававую пазыцыю аб пашпартах для беларусаў. Дакумэнт акцэнтуе ўвагу на важнасьці магчымасьці для грамадзян Беларусі атрымаць пашпарты ў Швэцыі ў некаторых выпадках, калі адсутнічае магчымасьць атрымаць беларускі пашпарт.
У дакумэнце падкрэсьліваецца, што шмат у якіх беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, цяпер няма магчымасьці атрымаць беларускі пашпарт у консульствах і амбасадах за мяжой.
«У цяперашніх умовах ня трэба заахвочваць беларусаў да паездак у сваю краіну для атрыманьня пашпарта. На практыцы гэта азначае, што грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, ня могуць атрымаць дакумэнт, які выконвае ролю пашпарта», — паведаміў Migrationsverket.
У заяве на сайце Міграцыйнай службы гаворыцца пра важнасьць магчымасьці для грамадзян Беларусі ў такіх выпадках атрымаць так званы пашпарт іншаземца.
У некаторых выпадках іншаземцу могуць даць дазвол на жыхарства «нават пры адсутнасьці ў яго пашпарта, калі немагчыма атрымаць пашпарт у разумны тэрмін альбо праз замежнае прадстаўніцтва сваёй краіны», таксама гаворыцца ў дакумэнце Швэдзкага агенцтва па міграцыі.
Як адзначаюць Народныя амбасады Беларусі, апублікаваны дакумэнт непасрэдна паўплывае на магчымасьць беларусаў падаваць дакумэнты на пашпарт іншаземца ў Швэцыі, бо цяпер лічыцца, што яны ня маюць магчымасьці атрымаць пашпарт «у разумныя тэрміны».
«Гэта не закон, гэта інструкцыя, юрыдычная пазыцыя Міграцыйнай службы для такіх выпадкаў, і яна тлумачыць, на якой падставе могуць выдаваць пашпарты іншаземца для беларусаў у Швэцыі, чые беларускія пашпарты пратэрмінаваныя. І гэта дапаможа ім пазьней атрымліваць дазволы на жыхарства, чыста тэхнічна.
Такіх беларусаў у Швэцыі цяпер дастаткова шмат, ня толькі палітычных уцекачоў, але і тых хто тут працуе ці ўзяў шлюб з грамадзянінам Швэцыі», — патлумачыў Свабодзе Зьміцер Васэрман, прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва будзе выдаваць пашпарт замежніка толькі тым беларусам, якія цярпяць ад перасьледу рэжыму