«Умовы працы мэдыкаў у Беларусі блізкія да рабства». Доктар Салавей пра новага міністра, «дэградацыю сыстэмы» і сьмерці ў радзільнях

Доктар Станіслаў Салавей, сытуацыя ў мэдыцыне. Ілюстарцыйны каляж

Што зьмянілася ў беларускай мэдыцыне з прыходам новага міністра аховы здароўя? Што стане з сыстэмай аховы здароўя Беларусі, калі ў краіне нічога ня будзе мяняцца бліжэйшыя гады?

Зь якімі праблемамі сутыкнуліся беларускія мэдыкі ва Ўкраіне, пасьля таго як Украіна скасавала пагадненьне зь Беларусьсю аб узаемным прызнаньні дыплёмаў? Дзеля чаго мэдыкам патрэбны незалежны прафсаюз? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае прадстаўнік незалежнага прафсаюзу мэдыкаў «Панацэя», доктар акушэр-гінэколяг Станіслаў Салавей.

Інтэрвію запісавалася за некалькі дзён да прызначэньня Станіслава Салаўя намесьнікам прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Вольгі Гарбуновай. Ён будзе адказваць за пытаньні аховы здароўя. Асноўная задача, якая перад ім стаіць, — распрацоўка праекту рэформаў аховы здароўя пераходнага пэрыяду. Таксама Салавей будзе займацца абаронай правоў беларускіх мэдыкаў у замежжы.


Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі са Станіславам Салаўём

Пра незалежны прафсаюз мэдыкаў

— Прафсаюз «Панацэя» стаў крылом Свабоднага прафсаюзу беларускага. Я паўдзельнічаў у яго стварэньні. Усё пачалося з пандэміі. Да яе быў такі статус-кво ў мэдыцыне, што мы нікому не цікавыя, працуем, усім вінныя. Мэдычная галіна была вельмі заціснутая ўладамі. Прафсаюз афіцыйны — не прафсаюз у прынцыпе, а арганізацыя, якія абкладае мэдыкаў данінаю і нічога, акрамя падарунка на Новы год і сымбалічнай пуцёўкі, ня робіць. Пры гэтым «прафсаюзе» і адбываецца няспыннае пагаршэньне ўмоваў працы мэдыкаў. Незалежны прафсаюз зараджаўся ў часы пандэміі і падчас першых дзён пратэстаў, калі мэдыкі адкрыта выступілі. Мы шукалі форму, як гэта можа быць рэалізавана. Гаворка не ішла пра тое, што прыбярыце дыктатара, і на гэтым усё заканчваецца. Гаворка ішла пра самасьвядомасьць, што мы людзі, мы маем свае правы і хочам іх абараняць. Для гэтага прафсаюз існуе і патрэбны. Калі паглядзець на ўмовы працы мэдыкаў у Беларусі, то яны блізкія да рабства. Дасьледаваньне, якое было праведзена з удзелам нашага прафсаюзу, засьведчыла ня толькі жахлівыя ўмовы працы, але і тое, што мэдыкі нават ня ведаюць, як яны павінны працаваць паводле закону. Мая ўлюбёная тэма — праца 32 гадзіны запар без адпачынку. Гэта забаронена законам на базавым узроўні. Нікога не засмучае, заўсёды мэдыкі так працавалі і працуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доктар Станіслаў Салавей стаў намесьнікам Вольгі Гарбуновай у Аб’яднаным пераходным кабінэце ў пытаньнях аховы здароўя

Ці мяняецца што ў сыстэме аховы здароўя са зьменай міністра

— Сытуацыя залежыць ад пэрсаналій, але не ад пэрсаналій у Міністэрстве аховы здароўя ці Міністэрстве працы і сацабароны, а ад пэрсаналій усім вядомага дыктатара. Усё, на жаль, упіраецца ў яго. І сыстэма аховы здароўя ня можа ісьці яму насуперак. Можна згадаць выпадак, калі пачалі ўводзіць масачны рэжым у Беларусі. Гэта было абсалютна слушнае рашэньне, у міністэрстве разумелі, што трэба ўводзіць масачны рэжым. Але пасьля загаду «„наморднікі“ скасаваць» яго адмянілі. Пакуль ня будзе свабоды ў прыняцьці рашэньняў у Мінздароўя, ня варта гаварыць пра тое, што Піневіч ці Хаджаеў нешта зьменяць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына-2023: дэфіцыт лекаў, мэдыкаў і паслугаў, разбурэньне прыватнага сэктару, самыя закрытыя сфэры

Пра загад «скараціць чэргі ў паліклініках»

— Першыя ж выступы Хаджаева ня ўразілі. Гэта чыноўнік з разраду, што загадваюць «скараціць чэргі ў паліклініках». Кляс, пастанавіў. А як? Проста пастанавіўшы скараціць? Можна пастанавіць перастаць ад раку паміраць. Асаблівасьці беларускай сыстэмы аховы здароўя ў тым, што патрэбныя лічбы будуць атрыманыя. Іх проста намалююць. Трэба, каб менш было чэргаў, — скароцяць час прыёму ці павялічаць час працы дактароў. Гэта ня пойдзе на карысьць ані сыстэме, ані мэдыкам, ані пацыентам, але карцінку намалююць.

Аб’ектыўна нават Мінздароўя не разумее рэальнай карціны ў сыстэме аховы здароўя. Загадчык аддзяленьня думае, якую справаздачу падаць галоўнаму лекару і змазаць карцінку, каб не атрымаць праваленыя паказьнікі. Галоўны лекар будзе думаць, як яму прыкрасіць справаздачу, якая вышэй ідзе. І так адбываецца на кожным узроўні.

Пра маштабы ад’езду дактароў

— Колькасьць дактароў, якія зьехалі, ідзе на тысячы. Важна глядзець, ня што гаворыць Мінздароўя, а што робіць. Па рашэньнях можна зразумець, што Мінздароўя разумее маштаб праблемы ад’езду спэцыялістаў і спрабуе іх утрымаць. Не выдаюцца неабходныя дакумэнты, павялічваюцца тэрміны адпрацоўкі, становяцца больш жорсткімі санкцыі за адмову ад адпрацоўкі. Тэндэнцыя — закручваць гайкі і ўскладняць адʼезд. Не выдаваць дыплёмы на рукі, ускладніць атрыманьне апастыляў — усё гэта паступова будзе дадавацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замест Абельскай». Што стала прычынай замены Піневіча на Хаджаева, меркаваньне «Белых халатаў»

Пра рэпрэсаваных мэдыкаў

— Пры гэтым дагэтуль існуюць чорныя сьпісы дактароў, якія ня маюць права працаўладкаваньня ў Беларусі. Працягваюцца затрыманьні калегаў. Калі гаварыць пра затрыманых мэдыкаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі, то мы ведаем толькі верхавіну айсбэрга. Вельмі шмат людзей баяцца паведамляць, што іх родны трапіў за краты за палітыку. Яны асьцерагаюцца, што статус палітзьняволенага створыць яму праблемы, што будуць больш жорсткія тэрміны. Такім чынам сыстэма спрабуе зрабіць рэпрэсіі нябачнымі, іх нармалізаваць. Афіцыйна 13 мэдыкаў прызнаныя палітзьняволенымі. Я лічу, што рэальная лічба значна большая. Плюс адміністрацыйныя арышты, плюс штрафы, плюс ціск, плюс звальненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка прызнаў, што рэгуляваньне цэнаў на паслугі стаматалёгіі ў Беларусі не дало эфэкту

Што стане з мэдыцынай Беларусі, калі ў краіне нічога ня будзе мяняцца бліжэйшыя гады?

— Нельга казаць, што ў Беларусі масава паміраюць ад халеры і дызэнтэрыі, што ўсё спынілася і немагчыма праапэраваць апэндыцыт. Калі параўнаць з дэпрэсіўнымі рэгіёнамі сьвету, некаторымі краінамі Афрыкі, як Судан ці Самалі, то ў нас цудоўная сыстэма аховы здароўя. Асноўная праблема ў тым, што яна не разьвіваецца, што яна дэградуе. Чым больш доўгі будзе гэты пэрыяд, тым большая будзе дэградацыя. Аднаўленьне законнасьці, зрынаньне рэжыму не азначае, што сыстэма пачне адбудоўвацца. Гэта найперш узмоцніць развал, таму што працаваць не па законе ўжо будзе немагчыма, прыйдзецца хутка адаптавацца да нармальнасьці, здымуцца абмежаваньні на эміграцыю, і мы атрымаем пагаршэньне. Цяпер ідзе назапашваньне праблем, якія прыйдзецца вельмі доўга разграбаць. У эканоміцы можна падставіць плячо крэдытамі, з мэдыцынай так немагчыма. Аказаньне мэддапамогі немагчыма спыніць нават на суткі. Немагчыма пайсьці на Камароўку ці ў Брусэлі ўзяць крэдыт на 5 тысяч дактароў і 20 тысяч мэдсёстраў, каб яны прыехалі і некалькі гадоў папрацавалі...

Пра беларускіх дактароў у Адэсе

— Дзясяткі беларускіх дактароў зьехалі ва Ўкраіну пасьля 2020 году. Праз асаблівасьці ўкраінскага заканадаўства туды ехалі дактары, вышэйшыя за сярэдні ўзровень, бо ім прапанавалі высокія заробкі. Беларускія дактары працуюць у Кіеве, Адэсе, Львове ды іншых гарадах. Чаму так шмат беларускіх дактароў менавіта ў Адэсе? У прыватнай клініцы, дзе я працую, ужо ведалі беларускіх дактароў і ведалі альгарытм, як дзейнічаць, каб іх легалізаваць. Яны бралі на працу дактароў, якія мелі адносна высокі прафэсійны ўзровень. І беларускія дактары атрымалі ў Адэсе вышэйшыя заробкі, чым мелі на радзіме. Пасьля вымушанага пераезду ва Ўкраіну мой заробак вырас, мае ўмовы працы палепшыліся, даступная мне апаратура стала лепшай. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня нехта зь беларускіх дактароў зьехаў адразу, вырашыўшы, што гэта ня тое месца, дзе хочацца жыць. Нехта зьехаў з Украіны праз праблемы з дакумэнтамі і легалізацыяй. Паступова мы размываемся ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чакаю міру і страйкаў у Беларусі». Доктар Салавей аб працы ў ваеннай Адэсе, канфлікце паміж добраахвотнікамі і нэкралёгу на першай паласе

Пра прабітыя шыны аўто зь беларускімі нумарамі

— Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны я ня так моцна сутыкаўся з нэгатыўным стаўленьнем украінцаў да сябе праз тое, што я зь Беларусі. Некаторыя мае сябры больш зазналі гэта. Некалькі разоў спускалі шыны, пашкрабалі маю машыну. Я ежджу на машыне зь беларускімі нумарамі. Зьмяніць нумары на ўкраінскія вельмі складана. Машыну трэба размытніць, а тут пачынаюцца вялікія бюракратычныя перашкоды, якія практычна нельга абыйсьці. Калі чарговым разам мне спусьцілі колы, я паставіў нумары бяз знакаў адрозьненьня — проста набор лічбаў без указаньня краіны. Мяне спыніла мясцовая паліцыя і запытала, што за нумары. Я адказаў, што мне таньней паліцыі штраф заплаціць, чым яшчэ раз ехаць на шынамантаж. Паліцыянты запыталі, чаму прыехаў, чаму застаўся, ня выпісалі штраф і пажадалі добрай дарогі. Больш адчуваеш сябе некамфортна не зь людзьмі, а з органамі ўлады. Вельмі многа бюракратычных праблемаў. Беларусам ва Ўкраіне стала жыць у разы цяжэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да лекараў унутры Беларусі будзе зьвяртацца ў скрайніх сытуацыях». Доктар пра здароўе Лукашэнкі і арышты мэдыкаў за зьвесткі пра Бабарыку

Пра наступствы скасаваньня пагадненьня аб прызнаньні дыплёмаў

— Калі пераяжджаеш ва Ўкраіну, то першае, што трэба зрабіць дзеля прафэсіянальнай легалізацыі, — падаць свой дыплём на адпаведнасьць у Міністэрства адукацыі, каб прызналі, што твой дыплём доктара прыкладна такі ж самы, як дыплём доктара, атрыманы ва Ўкраіне. Калі атрымліваеш паперу аб адпаведнасьці, далей павінен атрымаць сэртыфікацыі спэцыяліста... Украіна разарвала вельмі шмат дамоваў зь Беларусьсю, у прыватнасьці, дамову аб прызнаньні дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі. Цяпер немагчыма легалізаваць дыплём, атрыманы пасьля здабыцьця незалежнасьці Беларусі. Савецкі дыплём яшчэ будуць прызнаваць. Адпаведна, усе гады навучаньня ва ўнівэрсытэце не залічваюцца, адзіны варыянт цяпер — ісьці нанава вучыцца. Мяне ўжо гэта ня тычыцца, бо я пасьпеў усё сэртыфікаваць. Хто не пасьпеў, ня мае права працаваць доктарам. Адпаведна, колькасьць беларускіх дактароў ва Ўкраіне цяпер фіксаваная і ня можа зьмяніцца.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.