У Вільні прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці правялі круглы стол «Актуальнасьць ідэалаў 25 сакавіка», прымеркаваўшы размову да 106-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сустрэчу зладзіла Рада БНР, якая запрасіла ў «Дом супольнасьцяў» прадстаўнікоў больш як 20 грамадзкіх арганізацый і культурніцкіх ініцыятываў, прычым ня толькі эмігранцкіх, але і мясцовых, якія аб’ядноўваюць этнічных беларусаў у Літве. У круглым стале бралі ўдзел таксама літоўскія палітыкі і грамадзкія дзеячы.
У звароце з нагоды Дня Волі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла празь відэасувязь запэўніла, што Рада БНР стаіць «побач з дэмакратычнымі нацыянальнымі сіламі, якія змагаюцца з дыктарскім рэжымам у Беларусі». Івонка Сурвіла заклікала беларусаў не забывацца пра родны край і ахвярнасьць продкаў, «якія ня раз ішлі паміраць, каб жыла Беларусь». Асноўны заклік лідэркі Рады БНР — захаваць дзяржаўнасьць Беларусі, якая разглядаецца як «найбольшы скарб». Паводле Івонкі Сурвілы, у сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны перад Беларусьсю ўзьніклі новыя пагрозы, на якія беларускаму народу давядзецца адказваць.
«Сорам, што рэжым нас зрабіў у вачах вольнага сьвету суагрэсарам суседняга краю, зь якім мы стагодзьдзямі жывем у згодзе. Нашым абавязкам ёсьць даказаць, што народ наш ня хоча вайны», — мяркуе Івонка Сурвіла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Івонка Сурвіла — беларусам да 25 Сакавіка: «Трэба забыцца ўсё, што дзеліць, і аднавіць салідарнасьць»У дыскусію ўключыўся віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі беларускіх прадпрымальнікаў за мяжой Серж Наўродзкі, які адзначыў ролю прыватнага бізнэсу ў падзеях 2020 году. Паводле прадпрымальніка, трэба ўзмацніць высілкі, скіраваныя на аб’яднаньне беларусаў у эміграцыі вакол мэты пабудовы ў Беларусі дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы. Прадпрымальнікі гатовыя ў гэтую справу ўкласьціся, мяркуе спадар Наўродзкі.
«Безумоўна, у эміграцыі частка беларусаў папоўніць літоўскае грамадзтва, ці польскае, але наша задача — утрымаць беларусаў у адным коле, клапаціцца пра тое, каб у ім захаваліся нашы вартасьці, найперш беларуская культура, беларуская мова. І ў выніку зрабіць так, каб гэтыя людзі ў будучыні абавязкова вярнуліся на радзіму і сталі непасрэднымі ўдзельнікамі будаўніцтва новай беларускай дзяржавы», — мяркуе Серж Наўродзкі.
Аляксандар Царук прадстаўляе «Крайт» — аб’яднаньне беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ва Ўкраіне. Спадар Царук прасякнуты ідэяй стварэньня новага беларускага войска, якое будзе бараніць вольную незалежную Беларусь.
«Калі першая Рада БНР абвяшчала незалежнасьць Беларусі, яны разумелі, што дзеля гэтага патрэбнае войска. Дык вось, на маю думку, цяпер гэтае войска фармуецца ва Ўкраіне. Таму трэба падтрымліваць тых добраахвотнікаў, якія вярнуліся з вайны, бо яны засталіся сам-насам са сваімі праблемамі», — мяркуе Аляксандар Царук. Былы добраахвотнік ухваліў ініцыятыву офісу Сьвятланы Ціханоўскай зьбіраць сродкі на дроны для беларусаў, якія ваююць у палку імя Каліноўскага. «Трэба падтрымаць стварэньне беларускага войска на базе палку імя Каліноўскага ды іншых беларускіх фармаваньняў», — мяркуе Аляксандар Царук.
Што да клопату пра былых добраахвотнікаў, Аляксандра Царука падтрымаў Сяргей Шалыгін з клюбу «Ліцьвіны». Сяргей Шалыгін назваў сумную лічбу — пайшлі з жыцьця ўжо тры беларусы, якія прыехалі ў Літву пасьля ўдзелу ў баях ва Ўкраіне.
«Ніякіх адмысловых праграмаў дапамогі ані з боку Літвы, ані ад арганізацый беларусаў тут няма», — паведаміў Сяргей Шалыгін.
Пра небясьпеку для беларускіх эмігрантаў з боку «русского мира» гаварыў на круглым стале Яраслаў Грыгор'еў, прадстаўнік моладзевай арганізацыі «Рух».
«Новы выклік — гэта змаганьне з расейскім наратывам, які імкнецца сутыкнуць ілбамі літоўцаў і беларусаў, што нібыта „беларусы на Вільню прэтэндуюць“ — хоць гэта абсалютна прыдуманая канструкцыя», — запэўніў прысутных Яраслаў Ігнацьеў.
Паводле актывіста, ён з аднадумцамі на сваім прыкладзе імкнецца паказаць, што такія абвінавачаньні не адпавядаюць рэчаіснасьці. Актывіст расказаў пра палітычныя акцыі, у прыватнасьці — як арганізаваў калёну пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і браў удзел у маршы на сьвята незалежнасьці Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём ВоліАд офісу Сьвятланы Ціханоўскай у дыскусіі ўзяла ўдзел прэсавы сакратар беларускай лідэркі Ганна Красуліна, якая таксама шмат увагі аддала захадам супраць пагрозы беларускай незалежнасьці з боку «імпэрскай Расеі». Паводле Красулінай, Сьвятлана Ціханоўская «на міжнародным узроўні дамагаецца, каб беларусаў не прыраўноўвалі да расейцаў. Яна тлумачыць, чаму Беларусь не Расея і чаму беларусы не агрэсары, што яны супраць вайны». Ганна Красуліна падкрэсьліла, што сярод беларусаў трэба захоўваць адзінства, дзякуючы якому ўдасца лепей падрыхтавацца да зьмены сытуацыі ў Беларусі.
Сярод іншых арганізацый, прадстаўнікі якіх бралі ўдзел у Круглым стале «Актуальнасьць ідэалаў», — партыі «Народная Грамада» і АГП, «Будзьма беларусамі», «Разам», «Дапамога», «Вольныя беларусы Вільні», Re-Belarus, «Вольная Серабранка», «Сябрына», Таварыства беларусаў Літвы, праваслаўны прыход Канстантынопальскага патрыярхату.
Зь літоўскага боку ў круглым стале «Актуальнасьць ідэалаў 25 сакавіка» бралі ўдзел дэпутат Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс, былы мэр Вільні Артурас Жуокас. Былы амбасадар Літвы ў Расеі Рэмігіюс Мотузас падзяліўся назіраньнямі адносна рэжымаў у Расеі і Беларусі. Паводле спадара Мотузаса, гэтыя рэжымы вельмі забаяліся, што сьледам за прыкладам Украіны ў іх адбудзецца майдан, празь які народ зрыне дыктатуру і стане на эўрапейскі шлях.
«Вам вельмі важна зараз адсунуцца ад Расеі — гэта адзіны шлях. Вы мусіце адсунуцца ад Расеі і голасна гаварыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. А вам жадаю добрага настрою, бо сёньня Дзень Волі. Жыве Беларусь!», — гэтыя словы літоўскага палітыка былі сустрэтыя воклічамі «Жыве вечна!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я спадзяюся, што цяпер наш голас будзе мацнейшы». У Празе адкрылі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Успомніць тых, хто стаяў ля вытокаў незалежнасьці. Натальля Гардзіенка аб ушанаваньні памяці пра дзеячоў БНР