Беларуска ў жніўні 2022 году далучылася да Міжнароднага легіёну, створанага пад эгідай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Яна служыць пад пазыўным «Воран».
«Чаму я пайшла ваяваць? Гэта, хутчэй, пытаньне майго сумленьня, таму што сядзець і глядзець, як забіваюць людзей з суседняй краіны — гэта цяжка», — сказала беларуска ў відэароліку пра баявых мэдыкаў Міжнароднага легіёну. Ролік падрыхтавала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Беларуска расказала, як ёй разам з паплечнікамі давялося пад абстрэлам ратаваць параненых вайскоўцаў з-пад Бахмуту.
«Мы былі на пікапе, і калі мы занесьлі параненага на насілках, борт не зачыніўся, бо насілкі ня ўлезьлі. Я праверыла турнікеты на нагах параненых, і адзін зь іх быў амаль не зацягнуты, а ён сьцякаў крывёю, таму мне трэба было яго перакласьці. Гэта было вельмі складана, бо гэта было ўначы, нас абстрэльвалі з РПГ. Мой напарнік трымаў мяне за каўнер маёй бронекамізэлькі, адной нагой я трымалася за борт машыны, другой я трымала другога параненага на насілках, а рукамі ў цемры я закручвала турнікет. Я думала, што я вывалюся з машыны пад колы тых, хто ехаў за намі, і мяне разьнясе РПГ», — згадала жанчына пра адну апэрацыю, калі ратавалі параненых.
Беларускі баявы мэдык лічыць, што пасьля такіх выпрабаваньняў «чалавек можа працаваць у любых умовах — у стрэсе, у цемры, пад абстрэлам». «Ён будзе рабіць сваю працу, нягледзячы ні на што», — падкрэсьліла яна.
Беларуска дадала, што не адчувае ў сваім падразьдзеле нейкіх гендэрных праблемаў ці перадузятага стаўленьня з боку камандзіра. «Калі ты ня толькі жанчына, але яшчэ і добры жаўнер і спэцыяліст, то ты будзеш сябе добра адчуваць усюды», — дадала баявы мэдык зь Беларусі. У інтэрвію яна гаварыла па-беларуску.
У невялікім фільме ўдзельнічалі добраахвотнік з Швэцыі, які служыць мэханікам-кіроўцам, і баявы мэдык зь Львова.
«Я ўдзячны іншаземцам, якія стаяць са мной побач, але мне сорамна за ўкраінцаў, якія забыліся, што ва Ўкраіне вайна», — сказаў мэдык зь Львова з пазыўным «Арэх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнікБеларусы служаць у розных падразьдзелах войска Ўкраіны. Вядома пра ўдзел беларусаў у 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, атрадзе «Атам», у Беларускім добраахвотніцкім корпусе, у батальёнах «Волат» і «Ліцьвін» (гэтыя батальёны ўваходзяць у полк імя Кастуся Каліноўскага), а таксама ў складзе ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну. З восені 2023 году ўтварыўся яшчэ адзін беларускі падразьдзел — «Танга-Рамэо».
Паводле розных зьвестак, на баку Ўкраіны ваюе ад 500 да 1000 грамадзян Беларусі. Сама меней 33 беларусы загінулі ад пачатку поўнамаштабнай вайны.