Пра сьмерць ва Ўкраіне беларускага добраахвотніка Аляксандра Стасевіча днямі паведамілі сябры Аляксандра і Кіева-Магілянская бізнэс-школа, чыім выпускніком ён быў.
Супрацоўнікі Кіева-Магілянскай бізнэс-школы таксама выказалі спачуваньні родным і блізкім у сувязі з гібельлю Аляксандра Стасевіча.
«Саша быў вельмі адукаваным, сьветлым, мудрым чалавекам вялікага сэрца, шырокай душы, летуценьнікам. Ён ня быў абавязаны ваяваць за Ўкраіну, неаднаразова паранены і кантужаны — мог з чыстым сумленьнем дэмабілізавацца. Але Саша ня мог пакінуць сваё падразьдзяленьне і пабрацімаў. Разумеючы ўсе рызыкі, ішоў да канца, — сапраўдны Воін», — напісаў у Фэйсбуку сябра Стасевіча Яраслаў Грышын.
Ён расказаў, што Аляксандар Стасевіч ваяваў у складзе штурмавога спэцпадразьдзяленьня Ўзброеных сіл Украіны. Паводле адукацыі ён быў гісторыкам. Ва Ўкраіне вучыўся ў бізнэс-школе Кіева-Магілянскай акадэміі, а пасьля працаваў дырэктарам маркетынгу.
Мяркуючы па фота ў сацыяльных сетках, у загінулага засталіся жонка і двое маленькіх дзяцей.
Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі каля чатырох дзясяткаў беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся з расейскай агрэсіяй.