Памерла актывістка Анжаліка Калатазішвілі, якая набыла інваліднасьць пасьля памылковай апэрацыі

Анжаліка Калатазішвілі. Архіўнае фота

Пра сьмерць Анжалікі Калатазішвілі, якой у выніку памылковага анкалягічнага дыягназу выдалілі жаночыя органы і зрабілі яе інвалідам 1 групы, стала вядома 14 сакавіка.

Жыхарка райцэнтру Слаўгарад Магілёўскай вобласьці Анжаліка Калатазішвілі пасьля памылковай апэрацыі наноў навучылася хадзіць і сутыкнулася з жыцьцём, поўным нягодаў і абмежаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу жыць...» Як чалавеку з інваліднасьцю выжыць у адным з найбяднейшых раёнаў Беларусі

Жанчына стала вядомай пасьля заяваў аб памылковым анкалягічным дыягназе, у выніку якога ёй выдалілі жаночыя органы і зрабілі яе інвалідам 1 групы. Яна настойвала, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць яе праўду. З 2014 году яна дамагалася кампэнсацыі за шкоду здароўю. Мэдыкі сваёй памылкі не прызнавалі.

Анжаліка Калатазішвілі. Архіўнае фота

У 2018 годзе ейнага мужа, грамадзяніна Грузіі, абвінавацілі ў парушэньні наркатычнага заканадаўства. Спатканьня зь ім у сьледчым ізалятары Магілёва яна дамаглася галадоўкай. Мужа асудзілі на два гады зьняволеньня, а затым дэпартавалі зь Беларусі. Анжаліка Калатазішвілі зьвязвала яго перасьлед са сваімі намаганьнямі атрымаць ад мэдыкаў кампэнсацыю за шкоду здароўю.

Анжаліка Калатазішвілі падчас галадоўкі. Архіўнае фота

Доўгі час Анжаліка жыла ў інтэрнаце адна. Перасоўвалася з дапамогай інваліднага вазка, бо ў выніку працяглага лячэньня ў яе атрафаваліся цягліцы і без апірышча ёй стаяць было цяжка.

У 2020 годзе Слаўгарадзкі раённы суд Магілёўскай вобласьці прызнаў Анжаліку Калатазішвілі вінаватай у распаўсюдзе матэрыялаў экстрэмісцкага характару (артыкул 17.11 частка 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях) і пакараў штрафам у 270 рублёў (10 базавых велічыняў).

14 сакавіка стала вядома, што Анжаліка Калатазішвілі памерла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Магілёўшчыне пакаралі жанчыну з інваліднасьцю за рэпост фільма пра Лукашэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага за наркотыкі грамадзяніна Грузіі дэпартуюць зь Беларусі. Жонцы прапанавалі купіць яму квіток