Слаўгарадзкі раённы суд Магілёўскай вобласьці прызнаў мясцовую жыхарку з інваліднасьцю Анжаліку Калатазішвілі вінаватай у распаўсюдзе матэрыялаў экстрэмісцкага характару (артыкул 17.11 частка 2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях) і пакараў штрафам у 270 рублёў (10 базавых велічыняў).
Нагодай для адміністрацыйнага працэсу стала разьмяшчэньне жанчынай на ўласнай старонцы ў «Аднаклясніках» фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», які рашэньнем суду Цэнтральнага раёну ўнесены ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Стужка, зьнятая ў 2019 годзе каналам блогера NEXTA, знаходзіцца ў адкрытым доступе на YouTube і сабрала больш за 2,6 мільёна праглядаў.
Пра Анжаліку Калатазішвілі. Сьцісла
- Жанчына стала вядомай пасьля заяваў аб памылковым анкалягічным дыягназе, у выніку якога ёй выдалілі жаночыя органы і зрабілі інвалідам 1 групы. Яна настойвае, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць яе рацыю. З 2014 году яна дамагаецца кампэнсацыі за шкоду здароўю. Мэдыкі сваёй памылкі не прызнаюць.
- У 2018 годзе ейнага мужа, грамадзяніна Грузіі, абвінавацілі ў парушэньні наркатычнага заканадаўства. Спатканьня зь ім у сьледчым ізалятары Магілёва яна дамаглася галадоўкай. Мужа асудзілі на два гады зьняволеньня, а затым дэпартавалі зь Беларусі. Анжаліка Калатазішвілі зьвязвае ягоны перасьлед са сваімі намаганьнямі атрымаць ад мэдыкаў кампэнсацыю за шкоду здароўю.
- Жыве ў інтэрнаце адна. Да зьяўленьня міліцыі трымалася самаізаляцыі. Непакоіцца, што міліцыянты маглі заразіць яе каранавіруснай інфэкцыяй, зь якой яе аслаблены арганізм ня справіцца.
- Перасоўваецца з дапамогай інваліднага вазка, бо ў выніку працяглага лячэньня ў яе атрафаваліся цягліцы і без апірышча ёй стаяць цяжка.
Пазыцыя абвінавачанай
Анжаліка Калатазішвілі сваёй віны не прызнае, а адміністрацыйны перасьлед лічыць «незаконным, палітычна матываваным і ціскам за яе актыўную грамадзянскую пазыцыю».
Яна настойвае, што разьмясьціла не спасылку на фільм, а «карцінку да яго» ў кастрычніку 2019-га — да таго, як судовае рашэньне 7 сьнежня 2019 году (пра тое, што стужка «экстрэмісцкая») набыло моц.
Калатазішвілі даводзіць, што пра існаваньне сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў даведалася толькі ад участковага, які браў у яе тлумачэньні, а сам фільм не зьбіралася распаўсюджваць.
На яе думку, міліцыя мела папярэдзіць уладальнікаў старонак пра «забаронены судом матэрыял», а грамадзяне не абавязаныя спраўджваць, ці зьяўляецца ён непажаданым для прагляду.
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні 19 чэрвеня 2020 году склаў на Калатазішвілі супрацоўнік Слаўгарадзкага аддзелу міліцыі Юры Дзянісаў, а апытваў ягоны калега сяржант Дзьмітры Манько. Абодва на працэсе былі сьведкамі.
З матэрыялаў справы вынікае, што ў распрацоўку Калатазішвілі трапіла пасьля рапарту супрацоўніка абласной міліцыі Дзьмітрыя Раўнейкі, якому паведамілі пра «забаронены матэрыял».
Пакараная заявіла, што будзе абскарджваць вырак.
Судзьдзя Аляксандар Курылін палічыў, што Калатазішвілі дапусьціла «публічнае дэманстраваньне фільма», бо ейная старонка ня мае абмежаваньняў для прагляду, і вынес абвінаваўчы вырак.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН