У сьпісе — мэдыя, культурныя і юрыдычныя ініцыятывы
У Польшчы і Літве пачаўся падатковы пэрыяд. Кожны падаткаплатнік можа пералічыць частку сваіх падаткаў на дабрачынныя або недзяржаўныя арганізацыі. У Польшчы гэта 1,5%, у Літве — 1,2%.
У сьпісе арганізацыяў, якія можна такім чынам падтрымаць, ёсьць і беларускія. Гэта мэдыя Hrodna.Life, dev.by, «Люстэрка», Reform.by, культурны фонд Tutaka, «Вольны хор», «Купалаўцы», ініцыятыва дапамогі мігрантам Partyzanka, «Цэнтар беларускай салідарнасьці» і іншыя. Адсотак ад падаткаў можна скіраваць пэўнай арганізацыі ў момант падачы дэклярацыі або пазьней.
Кіраўнік фонду «Тутака» ў Беластоку Павал Станкевіч расказаў, што яны ўзялі ўдзел у гэтай праграме яшчэ летась. Некаторыя людзі іх падтрымалі «хвосьцікамі» ад сваіх падаткаў. Дакладную суму і колькасьць ахвярадаўцаў Павал ня ведае.
«У нашым выпадку гэта былі невялікія грошы. Мы іх патрацілі на грашовыя ўзнагароды ўдзельнікам дэкляматарскага конкурсу да Дня роднай мовы», — дзеліцца ён.
Галоўны рэдактар горадзенскага парталу Hrodna.Life, які цяпер працуе ў Польшчы, Аляксей Шота расказаў, што яны сёлета бяруць удзел у праграме ўпершыню. Пакуль вынікаў кампаніі няма. Іх варта чакаць увосень, у канцы году, калі падатковая апрацуе ўсе пераказы і дашле грошы арганізацыі.
«Некалькі чалавек прыватна мне сказалі, што пералічылі гэты адсотак на нашую карысьць», — кажа Аляксей.
Летась — на Каляды, сёлета — на Дзень Волі
Дырэктар Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве Алесь Лапко паведаміў Свабодзе, што яны ўпершыню ўзялі ўдзел у праграме летась. Удзельнічаюць праз арганізацыю-пасярэдніка — Студэнцкую фундацыю «Маладыя — маладым». Свае адсоткі ад падаткаў ім ахвяравалі каля 250 чалавек. Разам выйшла крыху больш за 100 тысяч злотых (каля 25 тысяч даляраў). Грошы прыйшлі летась у сьнежні.
«Гэта для нас дастаткова значная сума. Але мы на яе ня можам існаваць нават квартал, калі ўлічыць усе выдаткі на дзейнасьць, на памяшканьне. Гэтыя грошы мы разьлічваем траціць на імпрэзы, куды могуць прыйсьці іншыя беларусы, каб яны пабачылі вынік таго, на што яны ахвяравалі», — кажа кіраўнік хабу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скандалу «Беларускі моладзевы хаб» у Варшаве адкрыўся ў новым будынку. ФОТАЛетась у сьнежні ў хабе на гэтыя грошы правялі шэраг сьвяточных захадаў для дзяцей і для дарослых: набылі падарункі і сувэніры. Сёлета Беларускі моладзевы хаб — адзін з суарганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі. Імпрэзы пройдуць 24 і 25 сакавіка ў Варшаве. Арганізацыя мае расказваць публічна, куды яна траціць гэтыя грошы ад падаткаў.
Летась, адзначае Алесь Лапко, інфармацыі пра магчымасьць ахвяраваць адсотак ад падатку на беларускія ініцыятывы сярод беларусаў было мала. Яны расказвалі пра гэта ў сваіх сетках — допіс у Telegram прачыталі 13 тысяч чалавек. Рабілі ўлёткі, якія раздавалі ўдзельнікам сваіх імпрэзаў. Зьвярталіся да юрыдычных асобаў і прасілі, каб тыя расказвалі сваім работнікам, бухгальтарам пра такую магчымасьць.
«На маю думку, беларусы павінны падтрымліваць беларусаў, бо таксама ў свой час займеюць падтрымку. Гэта яшчэ адзін крок да самастойнага фінансаваньня беларускай дзейнасьці, каб ня быць залежнымі ад донараў, ад іншых дзяржаваў», — кажа суразмоўца.
Летась ня так шмат беларускіх арганізацыяў удзельнічалі ў гэтай кампаніі. Сёлета прадстаўнікі хабу дзяліліся досьведам і расказвалі іншым, як далучыцца да праграмы. Алесь Лапко кажа, што не баіцца канкурэнцыі ў гэтай справе.
«Будуй сваё» — грошы ў «адзін слоічак»
Прэс-сакратарка «Новай Беларусі» Марыя Грыц расказала Свабодзе, што яны прыдумалі праект, які можа сабраць «хвосьцікі» ад падаткаў беларусаў у «адзін слоічак». Праект называецца «Будуй сваё». Сутнасьць у тым, каб ажыцьцявіць разам адну самую папулярную і запатрабаваную ідэю.
«Усе, хто будзе ўдзельнічаць у гэтым праекце, вызначаюць, на што патраціць грошы супольна. Ня так, каб мы скінуліся ў фонд, а нейкія людзі — абазнаныя ці неабазнаныя, патаемныя ці не патаемныя — вызначалі, а жывым галасаваньнем: людзі тыцкаюць у аплікацыі», — расказвае яна.
Дзеля гэтага трэба, каб беларусы даслалі ў «Будуй сваё» 1,5% або 1,2% ад падатку. Тады яны маюць магчымасьць прапанаваць сваю ідэю, на якую пойдуць грошы. Кожны ахвярадаўца мае права галасаваць за ідэю. Грошы ідуць на ідэю, якая пераможа. Праекты рэалізуюцца асобна ў Польшчы, асобна ў Літве, асобна для ўсіх іншых краін — Global.
Летась праект падтрымалі каля 300 чалавек, яны ахвяравалі больш за 14 тысяч эўра ў Літве і больш за 33 тысячы эўра ў Польшчы. Дзякуючы гэтаму ў Вільні адкрылі беларускамоўную бібліятэку. Там можна замовіць і пачытаць папяровыя кнігі па-беларуску.
У Польшчы летась перамог праект сайту пра гісторыю Беларусі. Перш плянавалі ствараць кантэнт на ангельскай мове. Аднак калі стала вядома, што хочуць уніфікаваць расейскія і беларускія падручнікі гісторыі, вырашылі рабіць сайт па-беларуску. Над ім яшчэ працуюць.
«Грошы прыходзяць не адразу, залежыць, як апрацоўвае падатковая. У Літве грошы прыйшлі хутчэй, і праект ужо рэалізаваны. У Польшчы яны прыйшлі толькі ў канцы мінулага году, і праект яшчэ ў працы», — тлумачыць Марыя Грыц.
Калі чалавек ня плаціць падаткі ў Польшчы ці Літве, але хацеў бы падтрымаць праект «Будуй сваё», ён можа пералічыць 35 эўра і далучыцца. 35 эўра — гэта сярэдняя сума, якую пералічвалі беларусы з сваіх падаткаў.
Прадстаўнікі «Новай Беларусі» просяць не пераводзіць грошы зь Беларусі, бо арганізацыя — «экстрэмісцкае фармаваньне».
Сёлета ўжо пачалі прымаць новыя ідэі. Іх сабралася 19, большасьць у Польшчы. Арыентацыя на онлайн-праекты, якімі змогуць карыстацца людзі ў розных краінах.
«Летась была касьмічная ідэя купіць зямлю дзе-небудзь і там будаваць Беларусь. Цікавая ідэя, але наўрад ці нам гэта дазволяць. Сёлета шмат праектаў, накіраваных на дзетак. Мяне гэта вельмі цешыць, значыць, людзі ўжо зразумелі, што патрэбныя сэрвісы, каб захоўваць беларускасьць у малечы», — кажа суразмоўца.
Удзельнікі праекту прапаноўвалі зрабіць мультфільм пра крыж Эўфрасіньні Полацкай, квіз пра гісторыю ВКЛ, VR беларускіх палацаў і сьвятыняў, пакой зь беларускамоўнымі выхавальнікамі, куды можна аддаць дзіця на некалькі гадзін, беларускамоўны летнік, курсы сэкс-адукацыі для падлеткаў.
«Зь нечаканых прапановаў была GTA па Менску. Я б хацела па Менску паганяць. Думаю, гэта супэрклясна для тых, хто сумуе па радзіме. Гэта самая задызьляйканая ідэя, але я ў яе веру», — прызнаецца прэс-сакратарка «Новай Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пачатку вайны беларусы зьвяртаюцца па грамадзянства Малдовы, Кіргізстану і Армэніі. Што пра гэта вядома ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заяц у воўчай шкуры. Ці нясуць Літве пагрозу беларусы, якія ўцяклі ад Лукашэнкі