Чатыры з паловай месяцы застаецца да пачатку летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, яны пачнуцца 26 ліпеня, але ўсё яшчэ незразумела, у якім фармаце ў іх возьмуць удзел беларускія спартоўцы.
На дадзены момант сытуацыя выглядае так: 8 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў дапусьціць беларускіх атлетаў да ўдзелу ў Гульнях, але з абмежаваньнем, што выступаць яны будуць пад нэўтральным сьцягам. Пры гэтым дапушчаныя толькі спартсмэны, якія выступаюць у індывідуальных спаборніцтвах, але не камандных.
Да Алімпіяды дакладна ня будуць дапушчаныя тыя спартоўцы, якія падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне, а таксама — якія маюць кантракты з вайсковымі ведамствамі. Аднак у кожным выпадку рашэньне будзе прымацца фэдэрацыямі відаў спорту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім тэнісісткам Сабаленцы і Азаранцы дазволілі гуляць на Алімпіядзе ў Парыжы і ў парным разрадзеЛёгкая атлетыка: усё ў тумане
Напрыклад, зусім яшчэ незразумела, ці возьмуць удзел беларусы ў самым мэдальным відзе Алімпіяды — лёгкай атлетыцы. Старшыня Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Сэбастыян Коў лічыць, што дапускаць беларусаў няма ніякай магчымасьці. Але рашэньне будзе прымаць не адзін ён, а прэзыдыюм фэдэрацыі.
Для кіраўніка беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Івана Ціхана важна дабіцца, каб беларусы выступалі пад дзяржаўным сьцягам.
«Паедзем ці не, будзем вырашаць самі», — казаў ён.
Па словах Ціхана, добрыя шанцы на высокія вынікі на Алімпіядзе б мелі скакун з шастом Мацей Волкаў і скакуха ў трайным скачку Віялета Скварцова.
А вось бронзавы мэдаліст мінулай Алімпіяды, праўладны спартовец Максім Недасекаў сказаў, што рыхтуецца ўжо да Алімпіяды-2028.
«Мне будзе 30 гадоў, самы час, каб прыгожа завяршыць кар’еру», — казаў ён.
Недасекаў выступае ў скачках у вышыню, але апошні год прапусьціў праз траўму.
Дзяржаўны трэнэр зборнай Ігар Сівадзедаў казаў у лютым, што на дадзены момант ёсьць ужо шэсьць ліцэнзій, але хочацца дагнаць гэтую лічбу да пятнаццаці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх спартоўцаў дапусьцілі на Алімпіяду ў Парыжы ў індывідуальным нэўтральным статусе. Каманды не дапушчаныяТэніс: Сабаленка і Азаранка
Тэніс — гэта той від спорту, дзе беларускіх спартоўцаў не адхілялі нават на самым пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Каб трапіць на Алімпіяду, трэба быць у топ-56 наймацнейшых спартоўцаў плянэты паводле рэйтынгу.
Арына Сабаленка на сёньняшні дзень займае другі радок у міжнародным рэйтынгу. Зусім неверагодна, каб яна адтуль выпала. Вікторыя Азаранка — трыццатая. Хутчэй за ўсё, і яна зможа адабрацца на Алімпійскія гульні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім тэнісісткам Сабаленцы і Азаранцы дазволілі гуляць на Алімпіядзе ў Парыжы і ў парным разрадзеДужаньне: дзьве ліцэнзіі ўжо ёсьць
Яшчэ адзін від праграмы, дзе разыгрываецца вельмі шмат мэдалёў, — дужаньне. На дадзены момант прайшоў толькі адзін з трох этапаў адбору на Алімпіяду. Адбывалася гэта на чэмпіянаце сьвету ў сэрбскім Бялградзе ў 2023 годзе.
Займець ліцэнзію на Парыж-2024 змаглі Ванэса Каладзінская ў вольным дужаньні (яна была другая на чэмпіянаце сьвету) і «грэка-рымлянін» Абубакар Хаслаханаў (пятае месца). У красавіку і траўні будуць яшчэ два этапы адбору.
«Колькі яшчэ будзе месцаў, пакажа дыван», — казаў кіраўнік Беларускай фэдэрацыі дужаньня Алім Селімаў.
Іншыя віды: чаканьні на батут
На сёньняшні момант беларускія спартоўцы заваявалі па адной ліцэнзіі ў акадэмічным веславаньні, плаваньні, тхэквандо і роварным спорце.
Вялікія спадзяваньні ў беларускіх функцыянэраў на допуск да Алімпіяды хаця б аднаго батутыста. Менавіта са скачкамі на батуце зьвязаныя найбольшыя посьпехі беларускага спорту на апошніх Алімпіядах. У 2016 годзе залаты мэдаль узяў Уладзіслаў Ганчароў, а ў 2020-м — Іван Літвіновіч. Гэта былі адзіныя залатыя мэдалі для Беларусі на тых Алімпіядах.
Выданьне «Трыбуна» прагназуе, што ў Алімпіядзе могуць узяць удзел максымум 15–20 беларускіх спартоўцаў. Гэта пры той умове, што да Гульняў будуць дапушчаныя лёгкаатлеты.
Эмігранты: Ціманоўская, хутчэй за ўсё, паедзе
Не пакідаюць магчымасьці прабіцца на Алімпіяду і тыя спартоўцы, якія пасьля 2020 году выехалі зь Беларусі.
Бягуха Крысьціна Ціманоўская на дадзены момант выступае за зборную Польшчы. На нядаўнім чэмпіянаце Польшчы ў памяшканьнях яна стала другой. Ціманоўская пакуль ня выканала алімпійскі нарматыў, але можа адабрацца паводле рэйтынгу. На дадзены момант яна трапляе ў сьпіс.
На Алімпіядзе-2020 у Токіё Ціманоўская трапіла ў эпіцэнтар буйнога скандалу, калі яе ледзь прымусова не адправілі назад у Беларусь за крытыку дзеяньняў трэнэрскага штабу зборнай. У апошні момант у аэрапорце Ціманоўская папрасіла дапамогі японскай паліцыі. Пасьля гэтага спартоўка атрымала грамадзянства Польшчы, дзе і жыве цяпер.
Таксама ад Польшчы мае шанец трапіць на Алімпіяду Вольга Сафронава ў конным спорце. З Марыяй Жодзік, якая выступае ў скачках у вышыню, усё яшчэ цьмяна, бо яна пакуль ня мае польскага грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наезьнікаў зь Беларусі і Расеі адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе-2024 незалежна ад статусуБеларусь на ранейшых летніх Алімпіядах
- 1996. Атланта (ЗША). 181 атлет у 28 відах спорту. Адзін залаты мэдаль, шэсьць срэбраных, восем бронзавых.
- 2000. Сыднэй (Аўстралія). 139 атлетаў у 20 відах спорту. Тры залатыя мэдалі, тры срэбраныя, адзінаццаць бронзавых.
- 2004. Атэны (Грэцыя). 151 атлет у 22 відах спорту. Два залатыя мэдалі, пяць срэбраных, шэсьць бронзавых.
- 2008. Пэкін (Кітай). 181 атлет у 28 відах спорту. Тры залатыя мэдалі, чатыры срэбраныя, шэсьць бронзавых.
- 2012. Лёндан (Вялікая Брытанія). 173 атлеты ў 25 відах спорту. Два залатыя мэдалі, пяць срэбраных, пяць бронзавых.
- 2016. Рыё-дэ-Жанэйра (Бразылія). 124 атлеты ў 19 відах спорту. Адзін залаты мэдаль, чатыры срэбраныя, чатыры бронзавыя.
- 2020. Токіё (Японія). 108 атлетаў у 20 відах спорту. Адзін залаты мэдаль, тры срэбраныя, тры бронзавыя.
Такім чынам, ад Алімпіяды-2000 колькасьць заваяваных Беларусьсю мэдалёў няспынна зьмяншаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскіх спартоўцаў палохаюць наступствамі за згоду выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы ў нэўтральным статусе