А Францыя хоча, каб некаторыя зь яе абаронных прадпрыемстваў выраблялі ваенную тэхніку непасрэдна ва Ўкраіне. Аб гэтым заявіў міністар абароны Себасьцьян Лекарню: «Тры францускія кампаніі будуць устанаўліваць партнэрскія адносіны з украінскімі кампаніямі, у прыватнасьці, у сэктарах бесьпілётнай і наземнай тэхнікі, для вытворчасьці запасных частак на ўкраінскай зямлі і, магчыма, боепрыпасаў у будучыні». Наладзіць вытворчасьць змогуць ужо да лета 2024 года.
У лік уцягнутых кампаній можа ўвайсьці вытворца танкаў KNDS. Гэта эўрапейскі холдынг, утвораны пасьля зьліцьця буйнога францускага і нямецкага вытворцы зброі. Акрамя таго, у Францыі працягваецца абмеркаваньне ініцыятывы прэзыдэнта Эмануэля Макрона па адпраўцы войскаў ва Ўкраіну. На сустрэчы з кіраўніцтвам палітычных партый краіны Макрон сказаў, што Францыя можа ўвесьці сваіх салдат, калі лінія фронту зрушыцца да Адэсы ці Кіева. Пра гэта газэце L’independant расказалі ўдзельнікі сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон гатовы адправіць францускае войска ва Ўкраіну, калі расейцы дойдуць да Адэсы ці КіеваМіністар абароны Францыі Себасьцьян Лекарню ў эфіры аднаго з нацыянальных тэлеканалаў сказаў, што размова не ідзе аб удзеле францускіх ваенных у баявых дзеяньнях. Паводле яго слоў, францускія спэцыялісты маглі б навучаць украінцаў і дапамагаць ім у разьмініраваньні тэрыторый.
Аб эўрапейскай дапамозе Кіеву вядучы Настоящего времени Ігар Сяўругін пагаварыў з Аляксандрам Харам, украінскім дыпляматам, экспэртам Цэнтра абаронных стратэгій.
— Калі мы паглядзім на абʼёмы дапамогі Ўкраіне, то на першым месцы ў Эўропе знаходзіцца Нямеччына. На другім месцы — Брытанія, потым Данія. Францыя знаходзіцца дастаткова далёка: яна ў ліку пятнаццаці найбуйнейшых пастаўшчыкоў Украіне ўзбраеньняў і тэхнікі. Парыж пастаўляе спэцыфічныя віды ўзбраеньня, такія як крылатыя ракеты SCALP або гаўбіцы Caesar — гэта высокатэхналягічныя добрыя віды ўзбраеньняў. Але па абʼёме яны саступаюць і немцам, і брытанцам, і ўсім астатнім.
Чэхія не зьяўляецца буйной дзяржавай ні з пункта погляду індустрыі, ні з пункту гледжаньня фінансаў. Але лідэрства, якое яны праяўляюць, годна пахвалы. Францыя, напэўна, хоча пераняць эстафэту лідэрства ў Германіі і Вялікабрытаніі. Асабліва на фоне таго, што адбываецца ў Вашынгтоне, асабліва з магчымай перспэктывай прыходу Трамп да ўлады і невядомых парамэтраў працы як NATO, так і дапамогі Ўкраіне.
— Тыя 300 тысяч снарадаў, якія знайшла для Ўкраіны Чэхія і аплацілі саюзьнікі, на што іх можа хапіць?
— Ужо ёсьць пазытыўныя навіны з двух напрамкаў на фронце, дзе снарадны голад ужо не адчуваецца. На жаль, гэта не па ўсіх кірунках. Зразумелая справа, што гэта вынік лідэрства Чэхіі. Гэта хоць і маленькая краіна з невялікімі магчымасьцямі, але лідэрствам усё гэта перакрывае.
Мы спадзяемся, што бліжэйшым часам пачуем прыемныя навіны са Швэцыі, якая афіцыйна ўступіла ў NATO. Я думаю, што яны прымуць рашэньне дапамагчы нашым ваенна-паветраным сілам. У Швэцыі ёсьць выдатны самалёт, які не горшы, чым F-16, і ён адназначна нам будзе карысны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія ўвяла санкцыі супраць расейскага бізнэсоўца і ягонай сям’і, якая валодае нерухомасьцю ў Празе