З пачатку 2024 году ў Беларусі завялі 63 крымінальныя справы за тэлефонныя махлярствы. Гаворка пра выпадкі, калі махляры схілялі беларусаў перадаць ім грошы наўзамен за непрыцягненьне іх сваякоў да адказнасьці за нібыта ўчыненыя імі ДТЗ, паведамляе МУС Беларусі.
У выніку дзеяньняў махляроў агульны ўрон пацярпелых склаў ужо больш за адзін 1 мільён беларускіх рублёў у эквіваленце.
Паводле МУС, у большасьці выпадкаў для рэалізацыі сваіх схемаў афэрысты выкарыстоўвалі кіроўцаў таксі, якія забіралі ў падманутых людзей пасылкі і дастаўлялі іх у вызначанае месца. Атрымальнікі пасылак «за свой працэнт» пераводзілі наяўныя грошы ў віртуальныя і адпраўлялі на замежныя рахункі ці крыптакашалькі махляроў. Для выкананьня гэтай ролі прыцягвалі ў тым ліку падлеткаў, адзначаюць у МУС.
Паводле ведамства, сёлета затрымалі ўжо 42 кур’ераў тэлефонных ашуканцаў, сярод іх двое — непаўналетніх.
МУС нагадвае беларусам пра неабходнасьць расказваць пажылым сваякам пра хітрыкі махляроў і іх схемы, а дзецям — пра тое, які іх могуць паспрабаваць уцягнуць у супрацьпраўны бізнэс і чым гэта можа пагражаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усяго за 20 эўра». Ашуканцы прыдумалі новую схему, разьлічаную на «экстрэмістаў»Махлярствы па схеме «Ало, мама!» сталі шырока распаўсюджанымі ў 2022 годзе. У рамках яе зламысьнікі тэлефануюць, як правіла, пажылым людзям і кажуць, што іх сын ці дачка сталі віноўнікамі аварыі, і для вызваленьня ад адказнасьці ці правядзеньня лекаваньня тэрмінова патрэбныя грошы, а потым адпраўляюць саўдзельніка па названым адрасе забраць грошы. Як распавядаў начальнік ГУУС Менгарвыканкаму, у 2022-ым менш чым за год ад гэтай махлярскай схемы пацярпелі больш за 600 менчукоў, якія перадалі зламысьнікам звыш 4 мільёнаў даляраў у эквіваленце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі махляры падманулі пэнсіянэрку і яна спаліла два аўтамабілі