Сьледчы камітэт выставіў абвінавачаньне гомельскай пэнсіянэрцы за наўмыснае пашкоджаньне чужой маёмасьці (частка 2 артыкулу 218 КК) за падпал двух аўтамабіляў па ўказаньні тэлефонных ашуканцаў, паведаміла прэс-служба СК.
Сьледзтва вызначыла, што тэлефонныя ашуканцы пераканалі пэнсіянэрку, што на яе ў банку аформілі 10 крэдытаў на суму ў 50 тысяч рублёў. І зрабіла гэта «нядобрасумленная работніца банка з саўдзельнікам-начальнікам». І зараз яны хочуць уцячы за мяжу, таму Нацбанк зь міліцыяй праводзяць спэцапэрацыю.
Ашуканцы адправілі жанчыну ў банк узяць крэдыт на суму «ня меней за 48 тысяч рублёў». Пазьней гэтую суму ашуканцы выкралі.
У банку работнікі папярэджвалі жанчыну аб існаваньні падобнага віду падману, але махляры загадзя ўзялі з пэнсіянэркі «падпіску аб невыдаваньні ходу спэцапэрацыі» на імя начальніка крымінальнай міліцыі Менскага рэгіёну.
Пасьля жанчыне паступіла ўказаньне падпаліць аўтамабілі «работнікаў банку», каб тыя не змаглі ўцячы за мяжу. Дзеяньнямі пэнсіянэркі кіравалі па відэасувязі, падказвалі, дзе купіць запальную сумесь і дзе прыпаркаваныя аўтамабілі. Жанчына выканала просьбы.
Агульная шкода пасьля падпалу аўтамабіляў Nissan Terrano і Hyundai IX 35 склала 21 703 рублі.
Падчас сьледзтва «жанчына «ўсьвядоміла маштаб падману» і абсурднасьць сваіх дзеяньняў. Сьцьвярджаецца, што яна раскаялася і пакрыла прычыненую шкоду.