Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усяго за 20 эўра». Ашуканцы прыдумалі новую схему, разьлічаную на «экстрэмістаў»


Ашуканцы ўсё часьцей сталі выкарыстоўваць страх беларусаў перад рэпрэсіямі ў краіне. Цяпер у Instagram зьявілася новая схема падману: за сымбалічную суму ў 20 эўра людзям прапануюць «забыць» нібыта знойдзеную ў іх акаўнтах «экстрэмісцкую» інфармацыю.

Карыстальнікам сацсеткі рассылаюць інфармацыю, што іх «актыўнасьць у экстрэмісцкіх групах» прыцягнула ўвагу, пагражаюць крымінальнай справай па арт. 361-4 КК Беларусі (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і прапануюць сваю дапамогу: «Усяго за 20 эўра я дапамагу „забыць“ знойдзеную інфармацыю».

У адваротным выпадку ашуканцы пагражаюць перадаць «зьвесткі аб актыўнасьці» беларускім сілавікам, паведамляе тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Скрыншот паведамленьня, якое атрымліваюць беларусы
Скрыншот паведамленьня, якое атрымліваюць беларусы

«На жаль, часу на роздум у вас няшмат. Інакш праграма аўтаматычна перадасьць дадзеныя аб вашай актыўнасьці ў праваахоўныя органы РБ. Загадзя папярэджваю, што выдаляць і закрываць сваю старонку позна: уся інфармацыя аб вашай актыўнасьці з 2020 году ўжо даўно сабраная і знаходзіцца ў маёй базе», — піша адпраўнік.

Некалькі беларусаў, якія жывуць у Варшаве, паведамілі выданьню MOST, што таксама атрымалі падобныя паведамленьні. Іх аўтар прапануе пералічыць яму 20 эўра ў абмен на тое, што ён «забудзе» актыўнасьць гэтых людзей у экстрэмісцкіх групах. Паведамленьні прыйшлі на пошту, але аўтар зьвяртаецца да атрымальнікаў лістоў па іх ніку і ID у Інстаграме. Тэкст паведамленьняў, якія атрымалі розныя людзі, супадае, а імёны, якімі прадставіліся адпраўнікі, адрозьніваюцца.

Выглядае, гэта чарговы прыклад фішынгавай рассылкі. Ня варта пераходзіць па спасылцы або пераводзіць грошы незнаёмцам.

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі махляры выкарыстоўваюць у сваіх схемах рэпрэсіі ў Беларусі. Раней людзям, напрыклад, пагражалі ператрусам і патрабавалі «задэкляраваць» грошы, пасьля чаго людзі пазбываліся сваіх зьберажэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG