«Тое, што здарылася зь Лізай, магло адбыцца зь любой з нас», — зазначалі ў анонсе маршу «Miała na imię Liza» яго арганізатаркі Наста Базар, беларускія фэміністкі, Fundacja Kraina, Fundacja Martynka, Fundacja Feminoteka, Ogólnopolski Strajk Kobiet, Grupa główna, Sema Ukraine, Rezistanta Ukraine.
Актывісткі заклікалі апрануцца ў чорнае, узяць з сабой транспаранты «і ўшанаваць памяць Лізы так, як кожны палічыць найболей годным» увечары 6 сакавіка на месцы здарэньня.
А 18-й у сераду ў цэнтры Варшавы на вуліцы Журавяй, 47, каля стыхійнага мэмарыялу ў памяць Лізаветы сабраліся сотні людзей. Людзі пачалі зьбірацца яшчэ за паўгадзіны да пачатку акцыі.
На пачатку маршу слова ўзяла адна зь яго арганізатарак:
«Ліза — зь Беларусі. Яна прыехала сюды ўладкоўваць сваё жыцьцё. Але тут, у Польшчы, яна страціла яго. Ніколі гэтага не забудзем і не прабачым! Мы ня хочам, каб гэта сустрэла яшчэ кагосьці. Мы ня хочам, каб людзі, якія прыяжджаюць да Польшчы, баяліся пра сваю бясьпеку».
Наста Базар, у сваю чаргу, адзначыла, што Ліза памерла, сярод іншага, таму, што не магла крычаць.
«Сёньня за яе крычаць будзем мы», — заявіла Базар.
Сярод прысутных шмат мужчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма слоў, каб апісаць тое, што адбылося». Што кажуць жыхары Варшавы, якія прыйшлі да мэмарыялу памерлай ад гвалту беларускі. ВІДЭА«Польскія суды караюць гвалтаўнікоў сёньня вельмі лагодна, — кажуць польскія актывісткі. — Сытуацыя павінна зьмяніцца. Гвалт — гэта недапушчальна».
«Прабач мяне, Ліза, ад імя Польшчы, якая пазбаўленая пачуцьцяў. Давайце нарэшце навучымся дапамагаць, ня быць абыякавымі», — заявіла ў сваёй прамове суарганізатарка маршу Агнешка.
Яна нагадала лёзунг польскага пратэсту ў абарону жанчын: «Ніколі ня будзеш ісьці сама».
Грамадзкая актывістка Яна Шостак пачала прамову словамі: «Патрабую канца патрыярхату. Патрабую канца абыякавасьці, патрабую канца жорсткасьці».
Свой выступ яна скончыла хвілінай крыку «ў імя Лізы і кожнай з нас».
Прыкладна а 19-й мясцовага часу людзі, усклаўшы кветкі да фатаграфій забітай Лізы, рушылі маршам у бок Палаца культуры і навукі. Там акцыя завяршылася. Яна сабрала больш за 1000 чалавек.
Многія ўдзельнікі падкрэсьлівалі, што ў гвалту няма нацыянальнасьці.
«Гэта была жорсткая сьмерць, якая не павінна нідзе больш адбыцца», — кажа полька Эмілія, выціраючы сьлёзы, пасьля таго як паклала ружу каля фатаздымку Лізаветы.
«Я тут, бо гэта магло адбыцца з маёй дачкой і ўнучкай», — кажа жанчына сталага веку.
На вуліцы Журавяй, там, дзе пачаўся марш, 25 лютага на беларуску Лізавету напаў мужчына ў масцы. Яна вярталася раніцай дадому, ён прыставіў да яе шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе зьбіў і згвалтаваў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю. Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго арыштавалі на тры месяцы. Па выстаўленых абвінавачаньнях яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
1 сакавіка Лізавета памерла. Непасрэднай прычынай сьмерці стала гібель мозгу.
Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У вядучых польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы штодня была адной з асноўных.
У сваю чаргу, намесьніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт заявіла ў этэры TVN24, што вызначэньне згвалтаваньня ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе Польшчы зьменяць, «каб гэта стала злачынствам, а не — як сёньня — правапарушэньнем».
Пра трагедыю ў сацсетках выказваліся вядомыя палітыкі, журналісты і актывісты. У сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць — пад гэтым хэштэгам людзі дзяліліся сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.
Сваю зацікаўленасьць у маршы ў памяць Лізаветы на Facebook пацьвердзілі амаль 2 тысячы чалавек, удзел — больш за 800.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ахвяры маўчаць, мы будзем крычаць». Арганізатарка і ўдзельнік акцыі #хопіцьгвалціць тлумачаць, што зьменіць марш «Яе звалі Ліза» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы на лячэньне беларускі Лізаветы пачалі вяртацца на карткі ахвярадаўцаў, адкрылі новы збор на пахаваньне