Беларусам, чый сваяк памёр за мяжой, варта вырашыць два асноўныя пытаньні: 1) хаваць памерлага ў Беларусі або ў краіне, дзе ён памёр; 2) абраць традыцыйнае пахаваньне або рабіць крэмацыю. Выбар уплывае на час, выдаткі і ўзровень складанасьці.
«Да амбасады мы не зьвярталіся»
Іван* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) дапамагаў арганізаваць апошнія працэдуры для знаёмай, якая памерла ў Польшчы. Сьмерць наступіла ў шпіталі. Там сваякам выдалі пасьведчаньне аб сьмерці. За знаходжаньне ў шпіталі ня трэба было плаціць. Цела потым забралі на дасьледаваньне ў паліцыю.
«Некаторыя пытаньні могуць вырашаць толькі сваякі, ці людзі, якія маюць натарыяльную даверанасьць, ці адвакат, бо у Польшчы ёсць закон пра абарону пэрсанальных дадзеных. Ні ў шпіталі, ні ў паліцыі сябру ці іншаму „чалавеку з вуліцы“ не дадуць аніякай інфармацыі», — тлумачыць Іван.
Жанчыну пахавалі ў Беларусі. Крэмацыю не рабілі.
«Думаю, гэтая сумная справа даволі індывідуальная. Залежыць, пры якіх абставінах чалавек памёр і якіх поглядаў трымаюцца сваякі», — мяркуе суразмоўца.
Пытаньнямі перавозу і ўсімі неабходнымі паперамі займалася пахавальная фірма. Перавоз цела каштаваў 1500 эўра.
«Да амбасады мы не зьвярталіся. Усе пытаньні вырашала фірма-перавозьнік», — тлумачыць Іван.
Інфармацыю пра тое, што і як рабіць, бралі ў шпіталі ці ў паліцыі. Таксама парадамі дапамагаў адвакат, расказвае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы на лячэньне беларускі Лізаветы пачалі вяртацца на карткі ахвярадаўцаў, адкрылі новы збор на пахаваньне«Гэта не адразу можна вырашыць»
Беларуска Марыя дапамагала ладзіць разьвітаньне са знаёмым, які памёр у Польшчы. Рабілі крэмацыю, пахаваць плянавалі ў Беларусі. Каб перавезьці нябожчыка ў Беларусь, можна зьвярнуцца непасрэдна ў беларускую амбасаду або ў пахавальнае бюро, тлумачыць яна. Бюро можна знайсьці праз інтэрнэт.
«Пахавальныя фірмы бяруць на сябе ўвесь комплекс паслугаў для афармленьня патрэбных дакумэнтаў, каб цела экстрадавалі ў Беларусь. Яны прапануюць розныя варыянты: крэмацыя і перавоз праху або бальзамаваньне і перавоз цела. У некаторых фірмах зарэгістраваныя два офісы: адзін у Менску, другі ў Варшаве, каб вырашаць такія пытаньні», — расказвае яна.
Суразмоўца мяркуе, што зручней зьвярнуцца адразу ў пахавальнае бюро. Там хутчэй вырашаць пытаньні. Супрацоўнікі будуць самі кантактаваць з амбасадай, у тым ліку каб атрымаць даведку на вываз цела. Таксама яны маюць атрымаць даведку ад санітарнага інспэктара Польшчы, што цела можна вывозіць з краіны.
«Гэта не пытаньне падаражэньня. Толькі гэтыя дзьве даведкі ў звычайнага чалавека, які ня ведае, на які дакладна нумар званіць, як сфармуляваць запыт, могуць у стрэсавай сытуацыі адняць шмат часу», — мяркуе Марыя.
Яна расказвае, што хуткую дапамогу выклікаў сусед. Ён пакінуў у шпіталі свой кантакт. Калі знаёмы памёр, то дзяжурны лекар паведаміў пра сьмерць менавіта ягонаму суседу. Таксама лекар паінфармаваў, што ўжо назаўтра цела з шпіталя трэба забраць. Сваякоў нябожчыка ў Польшчы на той момант не было. Цела аддалі суседу, які выклікаў хуткую.
«То бок шпіталь вельмі доўга не трымае памерлых», — падсумоўвае суразмоўца.
Пакуль не забралі цела з шпіталя, знаёмыя нябожчыка зьвязваліся з пахавальнымі бюро, даведваліся пра іхныя магчымасьці.
«Яны амаль усе працуюць 24 гадзіны на содні ў Польшчы. Пытаюць: „Што вы хочаце далей рабіць?“ Важна ў гэтай крызіснай сытуацыі зьвязацца з сваякамі і даведацца, што яны хочуць. Гэта не адразу так можна вырашыць — ці ты хочаш пабачыць яго, ці рабіць крэмацыю», — кажа Марыя.
У гэты ж час варта зьвярнуцца да польскай амбасады з просьбай дапамагчы сваякам нябожчыка зь візамі, каб яны маглі прыехаць і вырашыць патрэбныя пытаньні.
Марыя арганізавала збор грошай ад грамадзкасьці на пахаваньне. Яна абрала плятформу zrzutka.pl. Тая не бярэ працэнты. Зручнейшы збор у польскіх злотых. Грошы можна пералічыць з плятформу на карту ў кожны момант, нават калі яшчэ не сабралі заяўленую суму.
Да таго ж плятформа вэрыфікуе чалавека, які пачынае збор, а таксама сам збор. Арганізатар можа мець або польскі пашпарт, або польскі дазвол на жыхарства. Калі зьбіраюць больш за 20 тысяч злотых (5 тысяч даляраў), плятформа можа затрымаць выплаты, запатрабаваць дадатковых дакумэнтаў, прыкладам, мэдычных.
Выдаткі на працэдуры, зьвязаныя з пахаваньнем, склалі каля $3000, у тым ліку крэмацыя — каля $230 і перавоз урны ў Беларусь — $250.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачываюць у адной магіле, хоць пры жыцьці ня надта ладзілі». Расказваем пра незвычайныя пахаваньні беларусаў у сьвецеАнатамаваньне могуць рабіць некалькі тыдняў
Ірэна Ралавец некалькі разоў арганізоўвала пахаваньне беларусаў, якія памерлі ў Польшчы. Яна тлумачыць, што калі чалавек памёр дома, трэба выклікаць «хуткую» і/або паліцыю. Яны прыедуць, каб пацьвердзіць факт сьмерці. Паліцыя правярае, ці сьмерць ня мела крымінальнага характару. Цела забіраюць у морг. Там часта робяць яго анатамаваньне. Калі чалавек памёр у шпіталі, то цела могуць пакінуць там на дзьве гадзіны. Пасьля гэтага яго забяруць у морг.
«У Беларусі анатамаваньне робяць цягам 1–2 дзён, у Польшчы працэдура можа цягнуцца некалькі тыдняў», — кажа Ірэна.
Сваякоў часта апытвае паліцыя, каб высьветліць прычыну сьмерці. Гэта можа доўжыцца некалькі гадзін. На апытаньне можна прыйсьці зь перакладнікам і адвакатам.
Пасьведчаньне аб сьмерці выдаюць мэдыкі. Зь ім блізкія афармляюць іншыя працэдуры.
Калі беларуса хочуць пахаваць у Польшчы, трэба набыць месца на могілках на 20 або на 100 гадоў. Яно каштуе ад 50 даляраў да некалькіх тысяч, залежна ад прэстыжнасьці месца. Калі па заканчэньні арэнды месца сваякі перастаюць плаціць, парэшткі перазахоўваюць у агульную магілу. Пахаваньне ў Польшчы каштуе каля 2–2,5 тысяч даляраў. Пахаваньне з крэмацыяй — прыкладна столькі ж, кажа Ірэна.
Калі хаваць беларуса ў Беларусі, то пахаваньне з крэмацыяй выйдзе таньнейшае і менш складанае. Зь перавозам цела пахаваньне можа каштаваць больш за 10 тысяч даляраў. Патрэбная даведка ад амбасады, што чалавека дакладна пахаваюць у Беларусі, бо, паводле польскага заканадаўства, чалавека нельга не пахаваць. Звычайна даведкай займаецца пахавальная фірма.
«Урну можна везьці ў Беларусь звычайнай машынай, цела — толькі на адмысловым катафалку», — кажа суразмоўца.
Калі чалавек працаваў у Польшчы і плаціў страхавыя складкі, то ягоным сваякам выплацяць каля $1000 на пахаваньне. За гэтыя грошы можна аплаціць толькі выдаткі на разьвітаньне на тэрыторыі Польшчы. Калі беларус меў турыстычную страхоўку і/або прыватную страхоўку жыцьця, паводле іх могуць быць кампэнсацыі выдаткаў на разьвітаньне. Сваякі або чалавек, які мае даверанасьць, цягам двух гадоў пасьля сьмерці могуць атрымаць апошні заробак нябожчыка.
«Пажадана, каб самотны чалавек за мяжой меў даверанасьць», — раіць Ірэна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень, уцякач, дальнабойнік, пэнсіянэр: стала вядома пра гібель 4 беларусаў за мяжойНябожчык мусіць ехаць у Беларусь з пашпартам
Прадстаўніца ініцыятывы Partyzanka займалася рытуальнымі справамі беларусаў, якія паміралі за мяжой. Яна расказала, што ў кожным разе прычыну сьмерці ў Польшчы расьсьледуе пракуратура. Звычайна цела забіраюць і робяць анатамаваньне. За гэты час у моргу плаціць ня трэба. Калі прычыну сьмерці высьветлілі, але цела яшчэ застаецца ў моргу, трэба будзе даплачваць за дзень па 200–300 злотых (50–75 даляраў).
Пасьведчаньне аб сьмерці аддаюць або родным, або нанятаму адвакату, або чалавеку, які прадстаўляе родных па даверанасьці.
«Самы танны варыянт з тых выпадкаў, што ў мяне былі, — калі родныя наймалі ў Беларусі перавозьнікаў рытуальных паслугаў. Яны пісалі на іх даверанасьць. Лепей за ўсё пісаць даверанасьць адразу паводле польскага ўзору і стандартаў. Такая даверанасьць не патрабуе натарыяльных пацьверджаньняў. Па ўзор можна зьвярнуцца ў Partyzanku, — кажа яна.
За перавоз цела з Польшчы ў Беларусь сваякі плацілі $1200-1300. Польскія фірмы, з словаў суразмоўцы, просяць за падобныя паслугі ў 5-7 разоў больш, то бок да $10 тысяч.
Крэмацыя ў Польшчы абыдзецца прыкладна да $400. Урна каштуе 300-500 злотых, сама крэмацыя 700-1000 злотых. Каб пахаваць урну з прахам у Польшчы, трэба набыць у польскім калюмбарыі месца.
«Калі ты вязеш за мяжу цела, то мае быць цынкаваная труна, калі урну з прахам — то адмысловая ізаляцыя. Пры урне з прахам мае быць пацьверджаньне, што тут прах менавіта гэтага чалавека. Калі вязуць цела, то трэба мець з сабой пашпарт памерлага чалавека», — расказвае прадстаўніца ініцыятывы Partyzanka.
Ад сьмерці да пахаваньня можа прайсьці ў сярэднім 10-14 дзён, але можа быць больш, калі падчас анатамаваньня цела знойдуць нешта падазронае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто забіў Францішка Аляхновіча. Зноў адкрытыя факты«Некаторыя трымаюць урну з прахам побач з тэлевізарам»
Рыта з Чэхіі, працуе ў органах самакіраваньня. Расказвае, як арганізоўваюць пахаваньне ў Чэхіі. Калі там памірае чалавек, незалежна ад грамадзянства, трэба зьвярнуцца ў пахавальнае бюро. Супрацоўнікі прыедуць і забяруць цела ў морг.
«Калі гэта беларус-турыст, то варта зьвярнуцца ў амбасаду Беларусі, яны параяць, што рабіць далей. Яны павінны дапамагчы арганізаваць перавоз цела», — кажа Рыта.
Перавоз цела з Чэхіі ў Беларусь каштуе каля $2,5 тысячы. Цела перад тым абавязкова бальзамуюць. Труна або урна для перавозу таксама патрэбныя адмысловыя.
«Раней перасылалі целы самалётам. Цяпер ні самалётаў, ні цягнікоў няма. Відаць, зручнейшы спосаб — крэмацыя», — мяркуе Рыта.
Калі пахаваньне ў Чэхіі, то можна выбраць — пахаваньне цела ці крэмацыя. У першым выпадку трэба набыць месца на могілках. Іх прадаюць на месцы жыхарства. Магіла мэтар на мэтар, куды зьмяшчаюцца чатыры урны з прахам, каштуе ў нявялікім мястэчку 60 эўра на 15 гадоў.
«Ніхто ня дасьць гэтае месца выкупіць назаўсёды. Дамова звычайна на 10-15 гадоў. Залежыць ад таго, колькі часу будзе раскладацца цела. Калі на могілках ёсьць падземныя воды, то даўжэй. Потым арэнду месца можна працягнуць. Калі ня будзе каму плаціць, то чакаюць 3 гады, а потым магілу прыбіраюць. Тое, што было ўнутры, закопваюць глыбей. Паводле чэскага заканадаўства, нельга вымаць тое, што было ў зямлі», — кажа Рыта.
Калі ў Чэхіі памірае іншаземец, у якога няма сваякоў і блізкіх, то яго пахаваюць дзяржаўным коштам. Гэта будзе клясычнае пахаваньне ў сьціплым варыянце.
«У калегі нядаўна памёр сваяк. Крэмацыя і абрад разьвітаньня абышліся разам у 50 тысяч корун (каля 2000 эўра). Гэта два сярэднія чэскія заробкі. Цяпер у Чэхіі радзей ладзяць публічны абрад разьвітаньня, бо гэта дорага», — тлумачыць Рыта.
Яна дадае, што няма закону, які абавязвае хаваць урну ў прахам у зямлю ці ў калюмбарый.
«Некаторыя трымаюць урну з прахам побач з тэлевізарам», — дадае яна.
Паводле Рыты, у Чэхіі апошнім шляхам нябожчыка можа займацца любы, хто гэта будзе аплочваць. Пажадана, каб сваякі або чалавек з даверанасьцю ад сваякоў, але гэта неабавязкова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўпэўнены на 99,99%». Беларус кажа, што знайшоў пахаваньне брата Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна. ФОТАШто варта рабіць пасьля сьмерці блізкага ў Польшчы. Сьцісла
- Выклікаць «хуткую», паліцыю. Атрымаць пасьведчаньне аб сьмерці. Блізкіх можа апытаць паліцыя.
- Цела забяруць у морг. Імаверна, правядуць анатамаваньне. Пасьля завяршэньня анатамаваньня кошт содняў у моргу — 200-300 злотых.
- Вырашыць, ці пахаваньне будзе ў Польшчы, ці ў Беларусі.
- Вырашыць, будзе традыцыйнае пахаваньне цела або крэмацыя.
- Зьвярнуцца ў пахавальную фірму. Яна можа займаца ўсімі паслугамі — ад разьвітаньня ў Польшчы да перавозу цела ў Беларусь і атрыманьня неабходных папераў. У амбасаду Беларусі можна не зьвяртацца. Камунікаваць з амбасадай можа пахавальнае бюро.
- Праверыць, ці належаць выплаты на пахаваньне паводле страхоўкі.
- Зладзіць разьвітаньне ў Польшчы. Пахаваньне ў Польшчы каштуе каля 2–2,5 тысяч даляраў. Арандаваць магілу ў Польшчы можна на 20 або на 100 гадоў.
- Крэмацыя каштуе да 400 даляраў. Урну з прахам можна ўсталяваць у польскім калюмбарыі. Кошт 500-2500 даляраў. Перавозіць урну з прахам у Беларусь можна звычайнай машынай.
- Перавезьці цела ў Беларусь таньней зь беларускай рытуальнай фірмай — у сярэднім 1300 даляраў, залежыць ад адлегласьці. Польскія перавозьнікі могуць узяць да 10 тысяч даляраў. Трэба мець даведку з амбасады Беларусі на перавоз цела, дазвол ад санітарнага інспэктара Польшчы, пашпарт нябожчыка, адмысловы катафалк.
- Пахаваць у Беларусі.