Беларусь на першым месцы ў Эўропе па колькасьці зьняволеных журналістаў

Акцыя салідарнасьці беларускіх і літоўскіх журналістаў з калегамі, зьняволенымі ў турмах Беларусі. Вільня, Літва, травень 2023 г. Фодаздымак: БАЖ.

На 31 сьнежня 2023 году іх было 37. Другое месца заняла Расея (27 журналістаў), трэцяе — Турэччына (18).

У Беларусі ў 2023 годзе арыштавалі больш за 20 журналістаў, палове зь іх ужо абвясьцілі выракі — турэмнае зьняволеньне.

Як паведаміла выданьне Позірк з спасылкай на штогадовы даклад арганізацыяў-партнэраў плятформы Рады Эўропы ў спрыяньні абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў, журналістаў пакаралі паводле абвінавачаньняў у падтрыманьні экстрэмісцкай дзейнасьці, распаўсюдзе экстрэмісцкага зьместу, у дыскрэдытацыі Беларусі, удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, у рыхтаваньні дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ў актыўным удзеле ў іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі судзяць журналіста Андрэя Толчына

Згодна з дакладам, Беларусь у 2023 годзе заняла першае месца ў Эўропе па колькасьці журналістаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. На момант рыхтаваньня дакладу іх было 38, на 31 сьнежня 2023 году — 37.

Другое месца заняла Расея (27 журналістаў), трэцяе — Турэччына (18). На акупаванай Расеяй тэрыторыі Ўкраіны зьняволілі 17 журналістаў, у Азэрбайджане — 15 журналістаў, у Вялікай Брытаніі і Польшчы — па адным.

Паводле аўтараў дакладу, затрыманыя прадстаўнікі беларускіх СМІ і іхныя сем’і часта сутыкаліся з аднолькавымі мэтадамі сілавых структураў, сярод якіх «раптоўны і непрапарцыйны ператрус у доме, які праводзілі міліцыя ці КДБ; адабраньне прафэсійнага абсталяваньня; прымус да прызнаньня перад камэрай; прымус адвакатаў да падпісаньня згоды аб невыдаваньні; суд за зачыненымі дзьвярыма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Ігара Карнея будуць судзіць за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»

У дакладзе адзначаецца, што «чыстка СМІ закранула нават беларускі прапагандысцкі апарат і СМІ, якія да гэтага часу лічыліся нэўтральнымі або згаворлівымі».

«Самацэнзура больш не абараняе журналістаў. У дзяржаўных СМІ дастаткова адной „дрэннай“ крыніцы ці аднаго няслушнага слова, каб наклікаць на сябе гнеў уладаў. Сьпіс экстрэмісцкага зьместу павялічваецца штодзень, часта без тлумачэньня прычын», — канстатуюць аўтары.

У дакумэнце згадваюць прынятыя ў ліпені 2023 году папраўкі да закону аб СМІ, якія дазваляюць Міністэрству інфармацыі забараняць замежныя СМІ «ў выпадку недружалюбных дзеяньняў замежных дзяржаваў у дачыненьні да беларускіх СМІ», а таксама іх распаўсюджваньне, дзейнасьць, акрэдытацыю на тэрыторыі краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раптоўна памёр беларускі журналіст, апошні рэдактар газэты «Белорусы и рынок» Андрэй Александровіч

«Папраўкі таксама пашыраюць падставы для блякаваньня навінавых сайтаў і агрэгатараў і надзяляюць уладу правам скасоўваць рэгістрацыю выданьняў, якія ўдзельнічаюць у дзейнасьці, прызнанай „экстрэмісцкай“ ці „тэрарыстычнай“. Папраўкі ў значнай ступені легалізуюць практыку, якая ўжо выкарыстоўваецца цяпер», — адзначаецца ў дакладзе.

У дакумэнце адзначылі выкарыстаньне ўладамі наданьня экстрэмісцкага статусу як сродку ціску на СМІ і журналісцкія абʼяднаньні. У якасьці прыкладаў назвалі Радыё Ўнэт (беларуская рэдакцыя wnet.fm), Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ) і Беларускі расьсьледніцкі цэнтар. Асобна ўдакладнілі, што прызнаньне БАЖ экстрэмісцкай арганізацыяй пагражае ўсім афіліяваным зь ёю журналістам 10-гадовым турэмным тэрмінам.

Аўтары дакладу з спасылкай на БАЖ зазначаюць, што пасьля масавых пратэстаў 2020 году выехалі зь Беларусі ня менш за 400 незалежных журналістаў, якія ў асноўным разьмясьціліся ў краінах Балтыі і ў Польшчы.

Асобна аўтары дакумэнту нагадалі, што ў верасьні 2023 году Беларусь забараніла сваім грамадзянам працягваць дзеяньне пашпартоў за межамі краіны. Акрамя таго, паводле інфармацыі аўтараў дакладу, беларускіх журналістаў у выгнаньні цяпер могуць пазбавіць грамадзянства, калі раней іх асудзілі паводле «антыдзяржаўных» абвінавачаньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хросны» Ігара Лосіка запісаў відэа да гадавіны, як палітвязьня трымаюць бяз сувязі з роднымі

Адначасова «некаторыя краіны, якія сталі новым домам для СМІ ў выгнаньні, узмацняюць жорсткасьць міграцыйнага заканадаўства і законаў аб жыхарстве». Паводле інфармацыі аўтараў дакладу, нядаўняе апытаньне расейскіх і беларускіх супрацоўнікаў СМІ паказала, што 40% зь іх пасьля пераезду не атрымалі ніякай дапамогі ад урадавых і няўрадавых арганізацый. Сярод асноўных патрэбаў журналісты назвалі фінансавую падтрымку, юрыдычную і візавую дапамогу, дапамогу ў атрыманьні прафэсійнай адукацыі і доступе да мясцовых мэдыясупольнасьцяў, а таксама псыхалягічную падтрымку.

Як прыклад беспакаранасьці за забойства журналістаў у дакладзе згадваецца справа стваральніка і кіраўніка сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна, якога знайшлі павешаным на лецішчы трэцяга верасьня 2010 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога журналіста Гардзіевіча вызвалілі пасьля 15 дзён арышту. За кратамі яму двойчы выклікалі «хуткую»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты