Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хросны» Ігара Лосіка запісаў відэа да гадавіны, як палітвязьня трымаюць бяз сувязі з роднымі


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

20 лютага дэпутат Бундэстагу Робін Вагенэр, сымбалічны «хросны» асуджаных з палітычных матываў журналіста Ігара Лосіка і ягонай жонкі Дар’і, апублікаваў відэа на гадавіну, як зь Ігарам Лосікам няма сувязі.

«Ігар Лосік — адзін з больш як 1,5 тысячы палітвязьняў у Беларусі. Ён быў арыштаваны ў чэрвені 2020 году за агітацыю за свабодныя выбары. У лютым 2021 году сувязь зь Ігарам цалкам абарвалася. З таго часу ніякіх прыкметаў жыцьця. Дзе Ігар Лосік?» — напісаў Робін Вагенэр у сваім акаўнце ў сетцы Х, былым Твітэры.

Таксама ён апублікаваў відэа, у якім пад мэлёдыю «Купалінкі» расказвае гісторыю палітычнага перасьледу Ігара і Дар’і Лосікаў і пра іх дачку Паліну, якая засталася без бацькоў, і заклікае рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі.

«Гэтая жорсткасьць павінна скончыцца», — кажа на відэа Робін Вагенэр.

20 лютага роўна год, як няма сувязі з журналістам Свабоды Ігарам Лосікам, асуджаным на 15 гадоў паводле палітычных абвінавачаньняў. 20 лютага 2023 году бацькі Ігара атрымалі апошні ліст ад сына.

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG