На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае дырэктар праграмы «Ўсходняга партнэрства» ЭЗ і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзь Мошэс.
— Якое вашае агульнае ўражаньне ад сёлетняга штогадовага пасланьня Пуціна?
— Гэта яго перадвыбарчая праграма на наступныя 6 гадоў. Дата 2030 год гучала ў пасланьні так часта, што здавалася, што ў 2030 годзе мы пачуем такі самы выступ, разьлічаны яшчэ на 6 гадоў. Гэта выглядала, як прамова на сходзе партыйна-гаспадарчага актыву. Я прыгадаў прамову генэральнага сакратара ЦК КПСС Канстанціна Чарненкі на пленуме ЦК у 1984 годзе, прысьвечаным мэліярацыі. Зразумела, прамова Пуціна была больш сучаснай, ён хацеў паказаць, што ніводная дэталь не застаецца па-за ягонай увагай. Але падабенства назіралася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў аб гатоўнасьці расейскай ядзернай зброі і прыгразіў трагічнымі наступствамі «інтэрвэнтам» з Захаду— Зьвярнуў на сябе ўвагу ў цэлым «немабілізацыйны» тон пасланьня. Амаль не было заклікаў «Усё для фронту», да татальнай вайны, «вставайте, люди русские!». Слова «санкцыі» ў прамове не было ўжыта ніводнага разу. Іх нібыта няма.
— Аналітыкі ўжо даўно гавораць пра гэтую дылему расейскай улады. З аднаго боку, пра вайну, пра «спэцыяльную ваенную апэрацыю» немагчыма гаварыць як пра нешта малое, лякальнае. Пуцін казаў пра фронт, пра герояў, пра неабходнасьць плесьці ўсім народам маскіровачныя сеткі. Але, зь іншага боку, ён не хацеў, каб людзі ўспрымалі вайну як экзыстэнцыйны выклік для Расеі. За выключэньнем першых 10 хвілінаў і апошніх дзьвюх хвілінаў, дзе было сказана, што «ўсе пляны Расеі залежаць ад нашых салдат на фронце», — гэта была прамова, у якой вайны няма. Гаварылася пра выдаткі на розныя сацыяльна-эканамічныя праграмы, дэманстраваўся атракцыён нечуванай шчодрасьці. Безумоўна, такая прамова нікога мабілізаваць ня можа. Пад яе ўплывам людзі будуць думаць пра тое, што яны могуць атрымаць ад чарговай вэрсіі мацярынскага капіталу і сямейнай гіпатэкі. Гэта быў выступ мірнага часу, і яго часткі ня вельмі стасуюцца адна з адной.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навумчык разьбірае выступ Пуціна і пагрозы для Беларусі— Адна з тэзаў пасланьня — жывучасьць, устойлівасьць расейскай эканомікі. У адным рэйтынгу Расея ў «пяцёрцы» ў сьвеце, у іншым — у «дзясятцы», усё ў ёй квітнее. У 2028 годзе эканоміка БРІКС складзе 37% сусьветнага ВУП, а эканоміка заходняй «сямёркі» — усяго 28% сусьветнага ВУП. Наколькі такая карціна адпавядае рэальнасьці?
— Што будзе ў 2028 годзе — складана прадказаць, мы ня ведаем, як будзе разьвівацца вайна ва Ўкраіне. Мы таксама ня ведаем, якія рашэньні будзе прымаць Захад адносна санкцыйнага рэжыму. Пуціну вельмі падабаюцца некаторыя формулы, напрыклад, парытэт пакупніцкай здольнасьці (ППЗ). Многія эканамісты гэты паказьнік не ўспрымаюць усур’ёз. Ніхто ў Расеі ўжо ня кажа пра тое, што яна павінна дагнаць і перагнаць Партугалію.
Гэты аналіз Пуціна — сумесь прагнозаў і пажаданьняў. Мы такія прамовы чулі і да Пуціна, і пры ім. Але прагнозы — рэч няпэўная. А што тычыцца рэальнасьці, то і Пуцін сёньня прызнаваў, што ў Расеі вялікая колькасьць людзей, якія жывуць ніжэй за рысу беднасьці. Размовы пра тое, што Расея ў лідэрах паводле ППЗ, весьці больш прыемна. А пра тое, дзе павінна праходзіць рыса годнай пэнсіі, ён гаварыць ня хоча. У канцы прамовы ён сарваўся на параўнаньне з 90-мі гадамі. Ён бы яшчэ з 1913 годам паказьнікі параўнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон заявіў аб стварэньні кааліцыі для паставак Украіне ракет і ня выключыў адпраўкі заходніх войскаў— У зьнешнепалітычным блёку пасланьня ці ня самай гучнай была заява наконт пэрспэктывы ўводу войскаў заходніх дзяржаваў ва Ўкраіну. Пуцін у адказ фактычна прыгразіў ужываньнем ядзернай зброі. Днямі пра магчымасьць уводу войскаў краінаў Захаду ва Ўкраіну гаварыў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Гэта сапраўды такое балючае пытаньне для Крамля?
— У гэтым няма нічога новага. У пэўным сэнсе Пуціну пашанцавала, што Макрон напярэдадні сказаў тое, што ён сказаў. Не сказаў бы гэтага Макрон, знайшлі б іншую нагоду, каб прыгадаць пра наяўнасьць у Расеі ядзернай зброі. Але ў гэтых словах Пуціна адчуваецца пэўная трывога. Ён апісваў, якая сучасная зброя ёсьць у Расеі. Аднак згадкі пра ядзерную зброю — гэта крыху ад няўпэўненасьці.
Пры гэтым немагчыма гаварыць усурʼёз пра пэрспэктыву, што на фронце ва Ўкраіне зьявяцца салдаты краінаў NATO, якія будуць ваяваць з Расеяй. Макрону варта было параіцца з саюзьнікамі і высьветліць, якая будзе рэакцыя на ягоную прапанову. Ён аказаў вялікую паслугу расейскай прапагандзе сваёй заявай. Мы ўжо бачым, што француская дыпляматыя пачынае выкручвацца з нагоды заявы францускага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн назваў Пуціна «звар’яцелым сучым сынам». Што адказалі ў Крамлі— Яшчэ адзін сюжэт пасланьня — заява пра немэтазгоднасьць дыялёгу з ЗША аб стратэгічнай стабільнасьці. Паводле Пуціна, ЗША імкнуцца да паразы Расеі, тады якія перамовы можна весьці? Але ў 60–70-я гады ХХ стагодзьдзя СССР падтрымліваў камуністычны Паўночны Віетнам, у тым ліку і масаванымі пастаўкамі зброі. І гэтая савецкая зброя забівала там амэрыканскіх салдат. Аднак гэта не перашкаджала перамовам аб стратэгічнай стабільнасьці.
— Перамовы аб стратэгічнай стабільнасьці — гэта, сапраўды, зусім іншы сюжэт, ён — пра ядзерную зброю. Але калі параўноўваць, то для ЗША тэма Віетнаму ў 60-я гады была вельмі балючая, аднак яна ня ўспрымалася як пытаньне стратэгічнага выжываньня Амэрыкі. Для Пуціна і для многіх іншых расейцаў вайна ва Ўкраіне ператварылася ў вайну за выжываньне. Мы ўжо казалі, што ў кантэксьце гэтага пасланьня вайна ва Ўкраіне нібыта так не ўспрымаецца.
Але для сучаснай Расеі вайна ва Ўкраіне больш важная, чым у свой час для Амэрыкі была вайна ў Віетнаме. Амэрыка магла дазволіць сабе прайграць Віетнам і заставацца сусьветным лідэрам. Расея ў выпадку паразы ва Ўкраіне будзе ўспрымацца зусім інакш. Так што і гэтыя сёньняшнія заявы Пуціна наконт перамоваў аб стратэгічнай стабільнасьці — таксама праява няўпэўненасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ некалькіх ураджэнцаў Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і загінулі на вайне ва Ўкраіне— Я зьвярнуў увагу на словы з пасланьня Пуціна: «Працягнем спэцыяльныя гіпатэчныя праграмы для Далёкага Ўсходу, Арктыкі, Данбасу і Наваросіі». Пра Наваросію ў Расеі шмат гаварылі ў 2014–2015 гадах, быў нават праект стварэньня пад такой назвай нейкага абʼяднаньня ўсходніх вобласьцяў Украіны ад Харкава да Адэсы пад эгідай Расеі.
Потым размовы пра Наваросію сьцішыліся ці спыніліся. Цяпер Пуцін ізноў ужывае гэты тэрмін. Ці сьведчыць гэта пра тое, што тэрытарыяльныя апэтыты Крамля — большыя, чым тое, што ён ужо анэксаваў?
— Я думаю, што найперш тут ішла размова пра Херсонскую вобласьць. І яна — дакладна не Данбас, а гэтыя новыя анэксаваныя тэрыторыі трэба неяк называць. Але я таксама зьвярнуў увагу на выкарыстаньне Пуціным гэтага тэрміну. Ён нядаўна прагучаў і ў пісаньнях Дзьмітрыя Мядзьведзева. Я думаю, што зводкі з фронту, а таксама зводкі з дыпляматычных франтоў, асабліва з Вашынгтону, паднялі баявы дух расейскіх стратэгаў. Я не выключаю, што паводле іхных плянаў, пасьля таго як скончыцца веснавая бездараж, расейская армія пойдзе на захад. І кантроль над «Наваросіяй» увойдзе ў лік апэратыўных плянаў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывад расейскіх войскаў і мірнае разьвязаньне сытуацыі. Як у сьвеце адрэагавалі на зварот Прыднястроўя да Расеі— Цікава таксама тое, пра што Пуцін у пасланьні не гаварыў. Беларусь была прыгаданая толькі адзін раз. Пуцін сказаў пра пабудову транспартных магістраляў, у тым ліку і «ў Менск, у нашую братнюю Беларусь». Больш ні слова ні пра Беларусь, ні пра іншыя краіны АДКБ. Напярэдадні ў сэпаратысцкім Прыднястроўі адбыўся сход дэпутатаў усіх узроўняў, які заклікаў Расею абараніць рэгіён ад ціску Малдовы. Але і пра гэта Пуцін не згадаў. Чаму?
— Пуцін у гэтай прамове шукаў выйгрышныя тэмы. Атракцыён нечуванай шчодрасьці — гэта выгадна. Іншая справа, што калі ён абяцае 5 тысяч рублёў за кляснае кіраўніцтва, а за ўдзел у вайне чалавек, які, можа, пайшоў на яе з турмы, атрымлівае 200 тысяч, гэта наўрад ці натхніць тую настаўніцу, якой паабяцалі 5 тысяч рублёў.
У зьнешняй палітыцы, у тым ліку і на постсавецкай прасторы, яму няма чым ганарыцца. Бо назіральнікі ж прыгадаюць і фактычны выхад з АДКБ Армэніі, і альянс паміж Казахстанам і Ўзбэкістанам, які выкліканы ўскладненьнем адносінаў Астаны з Масквой. Беларусь — гэта асаблівы выпадак. Я мяркую, што Пуцін выбудаваў аптымальную для яго схему адносінаў зь Беларусьсю Лукашэнкі і мяняць яе ня хоча. Сутнасьць схемы — гэта прамы і ўскосны кантроль над Беларусьсю з захаваньнем Лукашэнкі на чале яе.
На постсавецкай прасторы Пуціну няма чым пахваліцца і нават паабяцаць. Таму і прыгадваецца БРІКС. Некалі ў чарнагорцаў была прымаўка: нас з расейцамі 200 мільёнаў, а бязь іх — паўгрузавіка, Зараз у падобнай ролі Расея. БРІКС разам мо і ўплывовая арганізацыя. Але Расея — гэта 2% ад сусьветнага ВУП. А партнэры па АДКБ — гэта сотыя долі адсотка, якія нікому не цікавыя.
— Некаторыя асьцерагаліся, што зварот прыднястроўскіх дэпутатаў паўторыць крымскую ці данбаскую схему. І адказам на зварот стане далучэньне Прыднястроўя да РФ. Але нават гэтыя дэпутаты таго не прасілі. Тым ня менш — ці ня можа Пуцін падчас сваёй выбарчай кампаніі раптоўна абвясьціць пра далучэньне Прыднястроўя?
— Сапраўды, на Захадзе зараз многія заклапочаныя такім сцэнарам. Але ёсьць адрозьненьні ад крымскай ці данбаскай сытуацыяў. Па-першае, няма агульнай мяжы з Расеяй. З усходу Ўкраіны ісьці вельмі далёка, з поўдня — тое, што адбылося з Чарнаморскім флётам РФ, выключае магчымасьць дэсантнай апэрацыі. Расейскі кантынгент у самім Прыднястроўі малалікі, і служаць там пераважна мясцовыя. Ну, і сытуацыя там насамрэч іншая, чым, скажам, у Данбасе.
У Прыднястроўі 200 тысяч расейскіх грамадзянаў, але 300 тысяч — малдоўскіх, 100 тысяч — украінскіх. Многія там маюць па некалькі пашпартоў, у тым ліку і румынскі, які дазваляе езьдзіць па Эўропе. Значная частка экспарту Прыднястроўя ідзе ў ЭЗ, прычым праз Малдову з малдоўскім мытным афармленьнем. Так што гэта дакладна не Данбас. Нейкую эканамічную дапамогу Расея можа аказаць Прыднястроўю. Але ня больш за тое. Урэшце, калі размова пойдзе пра далучэньне, то Кішынёў зьвернецца да Ўкраіны па вайсковую дапамогу, і ўкраінская армія будзе ў Прыднястроўі раней, чым расейцы прагрэюць рухавікі сваіх самалётаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці атрымаў Лукашэнка магчымасьць самастойна выкарыстоўваць ядзерную зброю?— Вы сказалі, што Пуціна адносна Беларусі задавальняе status quo. І Лукашэнка ў мінулую нядзелю на выбарчым участку казаў, што Беларусь і Расея як сувэрэнныя дзяржавы мацнейшыя, чым калі б яны абʼядналіся. Але ці магчыма, што да выбараў Пуцін выступіць зь нейкай ініцыятывай адносна Беларусі? Скажам, пра магчымасьць вэрбаваць беларусаў у расейскае войска, стварыць вайсковую базу ці нешта такога кшталту.
— Не, я гэтага не чакаю. Магчымасьць беларусам служыць у расейскім войску можа і адкрыцца, але на індывідуальнай аснове. А ня так, што Пуцін скажа Лукашэнку — прышлі мне 5 тысяч сваіх, а мы іх аформім як расейскіх кантрактнікаў. Тут важны фактар — што беларусы ваяваць ня хочуць, і гэта ўсе ведаюць. Расейцам важны практычны кантроль над тэрыторыяй Беларусі. І яны яго і так маюць: расейскае войска сыходзіць зь Беларусі і вяртаецца ў яе, калі захоча.
— З кастрычніка 2022 году спыніліся абстрэлы Ўкраіны зь беларускай тэрыторыі. Яны могуць аднавіцца?
— На вайне эфэктыўна тое, што нечакана. Сухапутнага нападу з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 году не чакалі. Зараз фактару нечаканасьці ня будзе, Украіна да гэтага падрыхтаваная, і наступствы будуць балючыя і для Лукашэнкі, і для Пуціна. Задача захопу Кіева цяпер, відавочна, не стаіць, а значыць, няма і патрэбы ва ўдары з тэрыторыі Беларусі. Тэрыторыя Беларусі насамрэч выкарыстоўваецца для вайны. Паводле ўкраінскіх крыніцаў, у паветры Беларусі рэгулярна баражыруюць расейскія самалёты. Гэта і выведка, і выпрабаваньне ўкраінскіх СПА. І Ўкраіна абвяшчае паветраную трывогу ў такіх выпадках. Гэта ў любым выпадку падвышае ступень трывожнасьці для Ўкраіны.