Пуцін заявіў аб гатоўнасьці расейскай ядзернай зброі і прыгразіў трагічнымі наступствамі «інтэрвэнтам» з Захаду

Уладзімір Пуцін перад сваім выступам 29 лютага 2024 году

Уладзімір Пуцін сказаў, што Расея цяпер нібыта вядзе барацьбу за свае сувэрэнітэт і бясьпеку, а заходнія краіны імкнуцца стрымаць разьвіцьцё расейскай дзяржавы.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што стратэгічныя ядзерныя сілы знаходзяцца ў стане поўнай гатоўнасьці да выкарыстаньня, а таксама аб узмацненьні расейскага войска сучасным дакладным узбраеньнем, якое неўзабаве прадэманструюць на баявых дзяжурствах у раёнах базаваньня.

«У стане поўнай гатоўнасьці да гарантаванага выкарыстаньня знаходзяцца стратэгічныя ядзерныя сілы. Тое, што мы плянавалі ў сфэры ўзбраеньняў — пра што я казаў яшчэ ў пасланьні 2018 году — усё зрабілі або завяршаецца праца», — сказаў Уладзімір Пуцін у часе свайго выступу з пасланьнем да Фэдэральнага сходу Расеі.

Пуцін сказаў, што Расея цяпер вядзе барацьбу за свае сувэрэнітэт і бясьпеку, а заходнія краіны нібыта імкнуцца стрымаць разьвіцьцё расейскай дзяржавы, бо Захаду патрэбна «прастора, якая памірае».

«Захад працягвае хлусіць, кажа, што Расея зьбіраецца напасьці на Эўропу. Гэта трызьненьне. Загаварылі аб адпраўцы на Ўкраіну натаўскіх кантынгентаў. Але мы памятаем лёс тых, хто накіроўваў кантынгенты на нашу тэрыторыю. Цяпер наступствы для інтэрвэнтаў будуць куды больш трагічныя. У нас таксама ёсьць зброя, якая можа паражаць цэлі на іх тэрыторыі», — заявіў прэзыдэнт Расеі.

У сваім выступе Ўладзімір Пуцін адзін раз згадаў пра Беларусь, калі расказваў аб вялікіх плянах будаўніцтва сеткі высокахуткаснай чыгункі. Паводле яго, пасьля завяршэньня лініі Масква — Пецярбург пачнуць будаваць чыгунку на Ўрал, у Растоў, да Чарнаморскага ўзьбярэжжа. «У Менск, брацкую Беларусь, і ў іншых запатрабаваных кірунках», — сказаў Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон заявіў аб стварэньні кааліцыі для паставак Украіне ракет і ня выключыў адпраўкі заходніх войскаў

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы лідараў краін Эўразьвязу ў Парыжы 26 лютага заявіў аб стварэньні кааліцыі для паставак Украіне ракет і ня выключыў адпраўкі заходніх войскаў.

«Сёньня няма кансэнсусу наконт адпраўкі сухапутных войскаў, але выключаць нічога нельга. Мы зробім усё магчымае, каб Расея не змагла выйграць гэту вайну, — сказаў Макрон. — Мы перакананыя, што паражэньне Расеі неабходна для бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці гатовае ўкраінскае грамадзтва да працяглай вайны? Тлумачэньне ўкраінскага палітоляга Фясенкі