У Беларусі распрацавалі законапраект аб адказнасьці за «прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасьцяў». Беларусы з ЛГБТ-супольнасьці расказалі Свабодзе, зь якімі праблемамі цяпер сутыкаюцца яе прадстаўнікі.
«Такія законы павышаюць градус страху»
Новы законапраект ініцыявала пракуратура. Ён прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін». Пра магчымыя новаўвядзеньні стала вядома сёлета ў лютым.
Канкрэтыкі пра будучы закон пакуль мала. Як расказваў генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, ён прадугледжвае пакараньне за «прапаганду ненармальных адносін, пэдафіліі, добраахвотнай адмовы ад нараджэньня дзяцей». Да таго ж прадугледжвае «пэўныя рашэньні, якія тычацца мер мэдычнага характару ў адносінах да тых асобаў, якія гвалтавалі дзяцей». Швед дадаў, што важна праводзіць прафіляктычную работу з бацькамі і дзецьмі ў гэтым кірунку, у тым ліку ў школах. Генпракурор адзначыў, што «важна не дапускаць нават абмеркаваньня адпаведных тэм».
У 2022 годзе ў Расеі забаранілі распаўсюджваць любую інфармацыю, якая «прапагандуе нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, пэдафілію або зьмену полу» сярод людзей усіх узростаў. За парушэньне пагражае штраф каля 2 тысяч даляраў, у выпадку юрыдычнай асобы — таксама могуць спыніць дзейнасьць, у выпадку іншаземцаў — дэпартаваць. Да таго ж, у Расеі прызналі ЛГБТ-рух (што б гэта ні значыла) «экстрэмісцкай арганізацыяй».
У 2023 годзе падобны закон прынялі ў Кіргізстане. Ён забараняе «прапаганду ЛГБТ» толькі сярод дзяцей.
Аліса, супрацоўніца ініцыятывы Tg House, якая дапамагае трансгендэрным людзям, патлумачыла, што новы законапраект рыхтавалі каля двух гадоў.
«У Качанавай праходзілі круглыя сталы, дзе былі дэпутаты», — успамінае яна. Гэта быў канец 2022 году.
Калі закон аб «забароне прапаганды ЛГБТ» прынялі ў Расеі, беларусы ня верылі, што і ў іх краіне да гэтага дойдзе, кажа Аліса. Яна мяркуе, што ў Беларусі такі закон прывядзе да большай дыскрымінацыі людзей ЛГБТК+ супольнасьці.
«Людзі і так вымушаныя хаваць сваю арыентацыю, сваю гендэрную прыналежнасьць. Такія законы павышаюць градус страху», — мяркуе суразмоўца.
Як будзе дзейнічаць частка закону, датычная чайлд-фры, Аліса не ўяўляе.
«Я не разумею, як гэта будзе правярацца, ці хтосьці чайлдфрышка, ці не. Што разумець пад гэтым паняцьцем? Я ня веру, што гэта будзе прымяняцца актыўна, бо даказаць, што чалавек мэтанакіравана ня хоча мець дзяцей, будзе складана. Няясна, каго ў гэтую катэгорыю залічаць. Як даказаць, што асоба такая?» — разважае яна.
Трансгендэрная пэрсона Вікторыя думае, што пасьля прыняцьця новага закону асабліва моцна пагоршыцца акурат жыцьцё трансгендэрных пэрсон.
«Калі я гей ці лесьбі, я магу сустракацца са сваім каханкам ці каханкай ціхенька, нікога не чапаць, ня буськацца пры ўсіх. Іх цяжка распазнаць чалавеку, які не з ЛГБТ-супольнасьці. Калі ты будзеш маўчаць, ня будзеш рабіць камінаўт, то будзе ўсё нармальна. Пры Савецкім Саюзе ж неяк выжывалі, хоць і артыкул быў, было вельмі складана», — кажа яна.
Квір-фэм актывіст:ка! (так яна сябе піша) зь Беларусі Тоні Лашдэн мяркуе, што такія законы выкарыстоўваюць найперш для ціску на актыўную частку грамадзтва і зьнішчэньня іншадумства. Новы закон, на ейную думку, «адкрые новыя магчымасьці для карных органаў, каб перасьледаваць і застрашваць палітычна актыўных і гетэрасэксуальных, і ЛГБТК+ людзей унутры краіны», і паспрыяе «далейшаму разьяднаньню і ўзмацненьню ізаляцыі ў беларускім грамадзтве».
«У публічных выступах пра гэты закон беларускія чыноўнікі маркіруюць тэмы рэпрадуктыўнага выбару (права нараджаць ці не нараджаць дзяцей) і сэксуальнай арыентацыі як нядобранадзейныя і небясьпечныя для беларускага грамадзтва. Звычайна такія прамовы ўплываюць на тое, якая інфармацыя будзе даступная для людзей унутры Беларусі. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра пытаньні кантрацэпцыі, бясьпечнага сэксу і самавызначэньня», — кажа Тоні Лашдэн.
«Мяне звольнілі за тое, што я супраць вайны»
Трансгендэрная асоба Вікторыя зьехала з радзімы паўтара года таму. Яна зрабіла апэрацыю па зьмене полу і памяняла дакумэнты на жаночае імя больш за 10 гадоў таму ў Беларусі. У 2020 годзе выходзіла на маршы пратэсту.
«Мяне не затрымлівалі. Я хутка бегаю. Некалькі разоў хацелі, але мне ўдавалася ўцячы. Апраналася ў спартовы гарнітур, красоўкі, каб, як што, зьбегчы па-хуткаму. Мне зусім не хацелася трапляць туды (за краты. — РС). Яны, можа, і ня білі б жанчыну, хоць, можа, і білі б», — успамінае Вікторыя.
Суразмоўца кажа, што пасьля пратэстаў яшчэ жыла нейкі час у Беларусі, працавала ў мэблевай краме. Аднак адтуль прыйшлося звольніцца праз антываенную пазыцыю, кажа Вікторыя. Канфлікт адбыўся праз два дні пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Зайшлі ў краму два маладыя „ябацькі“, модна прыкінутыя. Я толькі потым зразумела, што гэта правакацыя. Яны сталі гаварыць: „Як там наш Пуцін шчэміць Украіну!“ Я пачала казаць, што там жанчыны паміраюць, дзеці. Яны кажуць: „Там ня людзі паміраюць, а фашысты“», — пераказвае гутарку суразмоўца.
У выніку, па словах Вікторыі, яе пачалі здымаць на камэру. Відэа даслалі дырэктару, прыгразілі выклікаць АМАП.
«Праз 5 хвілін патэлефанаваў дырэктар: «Я не хачу вас бачыць на працы праз 15 хвілін. У вашых інтарэсах сысьці яшчэ раней, бо прыедзе АМАП», — успамінае яна.
Вікторыя кажа, што сышла толькі праз гадзіну. Яна пасьпела перапісаць свае продажы на калег, каб тыя ў канцы месяца атрымалі адсоткі зь іх.
Да таго ж яна пасьпела раздрукаваць на працы антываенныя ўлёткі. Вікторыя зашыфравала ў бар-коды спасылкі на канал Nexta, на збор грошай на карысьць Узброеных сілаў Украіны і на тое, як запісацца добраахвотнікамі абараняць Украіну. Гэтыя налепкі, кажа беларуска, яна расклейвала на прыпынках, заклейвала імі рэкляму. Купіла чорны маркер і пісала антываенныя лёзунгі ў грамадзкіх месцах.
На працу ўладкавалася ў іншую краму. Але калі зразумела, што дырэктар падтрымлівае Пуціна, сама адтуль звольнілася.
Праз паўгода ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Вікторыі патэлефанавалі зь міліцыі, запрасілі на размову, нібыта каб дапамагчы па фота апазнаць людзей. Дзяўчына вырашыла не ісьці на допыт. Сабрала рэчы, набыла білет і ноччу зьехала зь Беларусі.
«Яны глядзяць на цябе, як на малпу ў заапарку»
Вікторыя кажа, што апошнія 15 гадоў паляпшэньняў у жыцьці ЛГБТ-супольнасьці ў Беларусі асабліва не было, але гэта быў адносна спакойны пэрыяд.
Значнай праблемай трансгендэрных асобаў, якую намагаліся вырашыць, была замена ідэнтыфікацыйных нумароў у пашпартах (па іх можна вызначыць, якога полу чалавек быў, калі атрымліваў першы пашпарт і ідэнтыфікацыйны нумар. — РС). Раней, калі чалавек мяняў пол, у пашпарце мянялі і нумар. Пасьля 2012 году яго сталі пакідаць ранейшым. Вікторыя тлумачыць, што многія ўстановы, прыкладам, банкі, маюць базу кліентаў. Калі нумар захоўваецца, то супрацоўнікі бачаць усю гісторыю зьмены дакумэнтаў — што чалавек быў мужчынам, а стаў жанчынай.
«Яны глядзяць на цябе, як на малпу ў заапарку. Людзі не маглі ні крэдыт узяць праз гэта, ні ў крэдыт нешта набыць, ні валюту памяняць. Паўсюль вылазяць твае старыя зьвесткі. Дзіва дзіўнае прыйшло. Паўсюль камінаўт!», — абураецца яна.
Вікторыя кажа, што трансгендэрныя людзі часта ня хочуць публічыць сваю гісторыю, але даводзіцца.
«Чалавек жа мяняе пол, каб сацыяльна адаптавацца, нармальна сябе адчуваць. А тут кожны раз гэта б’е па псыхіцы, заганяе ў дэпрэсію. Былі выпадкі, калі дзяўчына памяняла пол, сядзіць на працы, прыходзіць кліент, які яе раней ведаў, і пачынае абзываць яе па-рознаму. У мяне так таксама было да 2020 году. Абзывалі па-рознаму, вычварэнцам, під*рам», — кажа яна.
На думку Вікторыі, трансгендэрным мужчынам лягчэй жыць, чым трансгендэрным жанчынам.
«Калі дзяўчына носіць адзеньне як хлопец, паводзіць сябе як хлопец, яе называюць бізнэс-лэдзі. А калі мужчына адзяваецца як жанчына, яго называюць під*р», — мяркуе яна.
Яшчэ адной праблемай яна называе тое, што ў камісіях па зьмене полу памянялі мэдычных спэцыялістаў. На ейную думку, новыя менш прыязныя да транспэрсон, чым ранейшыя.
«Перадалі транссэксуалаў звычайным эндакрынолягам, якія нічога ў гэтым не разумеюць», — абураецца яна.
Да таго ж, прыкладам, псыхолягаў сталі мяняць часьцей: кожны раз новаму спэцыялісту трэба расказваць сваю гісторыю ад пачатку.
«Пасьля 2020 году пра ЛГБТ забыліся»
Неўзабаве пасьля спыненьня пратэстаў у Вікторыі было адчуваньне, што ўлады забыліся пра ЛГБТ-супольнасьць, бо былі занятыя толькі палітычнымі пытаньнямі і актывістамі. Аднак калі прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці спрабавалі вырашаць свае праблемы, паляпшаць свае ўмовы, прыкладам, з нумарамі пашпартоў, пісалі звароты ў розныя органы ўлады, то рашэньняў не атрымлівалі.
«Пасьля падзей 2020 году заяўляць пра свае правы было бессэнсоўна, некуды хадзіць, нешта гаварыць. Казалі: „Мы разьбяромся“. Але потым прыходзілі адпіскі, што яны ня бачаць парушэньняў і дыскрымінацыі. Любая ініцыятыва, якая магла б палепшыць жыцьцё ЛГБТК+ пэрсон, была адкладзеная на другі плян, бо спачатку трэба было вырашыць палітычныя моманты», — кажа Вікторыя.
На ейную думку, да 2021 году быў стан стагнацыі, але паступова ўсё скочвалася ў горшы для супольнасьці ЛГБТ бок. Да 2022 году зьнішчылі практычна ўсе грамадзкія арганізацыі ў Беларусі, які абаранялі правы ЛГБТ-пэрсон. Лідэраў такіх ініцыятываў садзілі ў турму.
«Закрытыя ініцыятывы ўнутры Беларусі — гэта вялікая страта. Уявіце, калі ты захварэў і лекар прыйшоў да цябе дадому, або ты сам прыйшоў у паліклініку. А цяпер можна толькі патэлефанаваць, і лекар скажа, якія таблеткі піць. Канечне, вельмі добра, што праваабарончыя арганізацыі кансультуюць, дапамагаюць з-за мяжы, але стала нашмат менш падтрымкі», — кажа суразмоўца.
Цяпер, прыкладам, яны ня могуць прыслаць свайго юрыста, каб ён абараняў правы ЛГБТ-пэрсоны ў беларускім судзе, дадае яна. Вікторыя таксама кажа, што арганізацыі, якія маюць у назьве словы «правы», «ЛГБТ» або хоць нейкі намёк на ЛГБТ, не рэгістравалі задоўга да 2020 году.
«Мая знаёмая праводзіла для лекараў лекцыю пра тое, як варта працаваць з ЛГБТ-людзьмі. Да яе прыйшлі і пачалі казаць, што яна робіць прапаганду ЛГБТ. Зь цяжкасьцю адбілася. Гэта быў 2022 год», — кажа суразмоўца.
Цяпер ціск на ЛГБТ-супольнасьць павялічыўся, мяркуе яна. Вікторыя расказала, што каля паўгода таму быў «налёт» сілавікоў на гей-клюб у Менску.
«Залятаюць мянты ў гей-клюб, кладуць усіх у падлогу, частку забіраюць, дапытваюць. Ёсьць клюб, дзе зьбіраюцца геі і лесьбі. Там не напісана „гей-клюб“ вялікімі літарамі, але людзі пра яго ведаюць. Запужалі, паказалі ўсім, што ўлада азьвярэла», — кажа суразмоўца.
Яна дадае, што цяпер у Беларусі могуць затрымаць за вясёлкавыя матузкі, стужкі, завушніцы.
«Могуць спыніць на вуліцы, праверыць тэлефон. Калі нешта супраць Лукашэнкі, то ўвогуле каюк. Калі ўбачаць, што ты камунікуеш з ЛГБТ-пэрсонамі, пішаш у ЛГБТ-чат, ты сядзеш», — расказвае яна.
Масавыя адмовы ў зьмене гендэру
Супрацоўніца Tg House Аліса зьвяртае ўвагу, што яшчэ нядаўна большасьць людзей, якія хацелі памяняць пол, маглі памяняць свае дакумэнты на імя іншага гендэру. Такія камісіі праводзяць у Беларусі два разы на год, на іх прыходзяць каля 15 чалавек. То бок дазволы атрымлівалі каля 20–30 чалавек у год. Па 2–3 чалавекі звычайна атрымлівалі адмовы. На думку Алісы, гэтыя людзі ня толькі мянялі пашпарты, але і праходзілі потым праз апэрацыі па зьмене полу.
Аднак летась большасьць заяўнікаў атрымалі адмовы ў замене пашпартоў — 16 з 22 чалавек. Да таго ж напрыканцы мінулага году камісію стварылі дзеля аднаго чалавека, які год таму памяняў дакумэнты з жаночага гендэру на мужчынскі. Гэтая асоба рыхтавалася ўжо да апэрацыі па зьмене полу. Са словаў Алісы, яе змусілі здаць новы пашпарт і карыстацца старым, з жаночым гендэрам. Такі выпадак здарыўся ў Беларусі ўпершыню.
«Чалавека прымусілі падпісаць, што ён хоча вярнуць стары дакумэнт. Але ён ня хоча. Ён ужо сацыялізаваўся ў мужчынскім гендэры. А яго прымушаюць жыць у гендэры, у якім ён ня хоча жыць. Гэта вельмі трывожны сыгнал», — кажа Аліса.
Яна абураная яшчэ адным выпадкам. Некалькім транссэксуалам, якія ходзяць на мэдычную камісію ў Цэнтар псыхічнага здароўя ў Менску, прапанавалі ўзяць удзел у навуковым дасьледаваньні, якое праводзіць Акадэмія навук. Навукоўцы дасьледуюць, ці зьвязаны транссэксуальнасьць з генамі. Ім прапанавалі здаць сьліну дзеля навуковых мэтаў. Усе яны адмовіліся.
«Гэта таксама праява дыскрымінацыі. Нідзе не прапісана, што людзі павінны здаваць сваю сьліну нават сэксолягу, які працуе з трансьлюдзьмі», — абураецца Аліса.
Яна дадае, што палітычны перасьлед ЛГБТК+ людзей за пратэсты 2020 году ідзе ўвесь час. Праз гэта больш за 10 актывістаў зьехалі з краіны.
Аліса расказала, што ў Менску затрымлівалі транспэрсону, яна трапіла на Акрэсьціна.
«Там яе зьбівалі, катавалі электрашокерам. Казалі, што забароняць гэтую камісію (па зьмене гендэру. — РС). Прыходзілі да яе ў камэру нейкія супрацоўнікі. Казалі, што ўсіх ЛГБТ-шнікаў мы пасадзім, будзеце адказваць», — пераказвае сьведчаньні затрыманай Аліса.
Людзі з ЛГБТ-супольнасьці, дадае Аліса, расказваюць, што ў камэры іншыя затрыманыя звычайна ставіліся да іх нармальна. Часьцей іх абражалі ці білі супрацоўнікі ізалятара. Звычайна такія людзі стараюцца не гаварыць пра сваю сэксуальную арыентацыю або гендэр.
Колькі чалавек з ЛГБТ-супольнасьці цяпер сядзіць у Беларусі паводле крымінальных артыкулаў, невядома. Аліса мяркуе, што іх можа быць каля дзясятка, мяркуючы, сярод іншага, па тым, каго сілавікі змушалі запісваць відэа.
Падчас падрыхтоўкі публікацыі Свабода зьвязалася з прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасьці, якія працягваюць жыць у Беларусі. Усе яны адмовіліся гутарыць з карэспандэнтам нават на ўмовах ананімнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі падрыхтавалі законапраект аб адказнасьці за «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносін». Раней падобны ўвялі ў Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі аштрафавалі жанчыну, якую першай абвінавацілі ў «экстрэмізьме» за фота зь вясёлкавымі сьцягамі