У Беларусі ўжо было аж тры тытунёвыя фабрыкі. Адна — добра вядомая Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», а яшчэ кампанія «Інтэр Табака», якая належыць набліжанаму да Лукашэнкі алігарху Аляксею Алексіну, што цяпер знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, і фабрыка «Тытунь-Інвэст», якая належыць таксама падсанкцыйным бізнэсоўцам, набліжаным да Лукашэнкі — Паўлу Тапузідзісу і Віктару Пятровічу.
Паводле інфармацыі Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, цяпер зьявіўся яшчэ адзін вытворца — ТАА «Сентоні Про». Яно вырабляе такія цыгарэты, як Kent, Vogue, Rothmans, Pall Mall, Lucky Strike.
Новая вытворчасьць зьявілася пасьля таго, як беларускія вытворцы цыгарэт трапілі пад міжнародныя санкцыі, у тым ліку ў сувязі са шматлікімі фактамі кантрабанды. Новы вытворца пакуль пад санкцыі ня трапіў. Знаходзіцца ён па адрасе Кальварыйская, 24, у тым жа будынку, што і адзін з гандлёвых цэнтраў «Карона» Тапузідзіса.
Аднак столькі цыгарэт на беларускім рынку ня трэба. Фабрыка «Нёман» выпускае каля 28,5 млрд штук цыгарэт за год і займае 72% беларускага рынку цыгарэт. Беларускія цыгарэты адпраўляліся на экспарт, часта кантрабандай.
Апошнім часам фіксуецца шмат кантрабанды беларускіх цыгарэт. 27 лютага польская мытня зайшла беларускіх цыгарэт на 1 млн даляраў у цягніку з угнаеньнямі. Новы ж вытворца, падобна, мае магчымасьць пачаць легальны экспарт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2023 годзе кантрабанда беларускіх цыгарэт у Польшчу павялічылася ў 12 разоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія мытнікі затрымалі фуру зь беларускімі цыгарэтамі, якія везьлі транзытам празь Літву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зарабляе дзясяткі мільёнаў фунтаў на кантрабандзе тытуню ў Брытанію, — СМІ