Пра гэта паведаміла выданьне Rzeczpospolita са спасылкай на Памежную ахову краіны. Адзначаецца, што беларускія цыгарэты польскія памежнікі выяўляюць у чыгуначным і грузавым аўтамабільным транспарце, у «грузах драўніны, вугалю, солі, у ахоўных пакрыцьцях вагонаў-цыстэрнаў».
Выданьне паведамляе, што некалькі дзён таму ў цягніку, які рухаўся з Беларусі, супрацоўнікі Падляскага памежнага ўпраўленьня выявілі 4 тысячы пачкаў цыгарэт у вагонах з вугалём з Казахстану.
Пры гэтым кошт канфіскаваных кантрабандных беларускіх тавараў вырас з 5,8 да 30 млн злотых, што «ўнесла істотны ўклад у павелічэньне агульнага кошту канфіскаванай на польскай мяжы кантрабанды з 216 да 435 млн злотых».
Кантрабанда на мяжы з Украінай, Беларусьсю і Расеяй вырасла за год з 28 да амаль 50 млн злотых, такім чынам, каля 60% гэтай сумы прыпадае менавіта на Беларусь.
«Тыя тавары, якія ўрад абкладае падаткам, пастаўляюцца злачыннымі групоўкамі. А паколькі ў Беларусі такія групы часткова санкцыянаваныя ўладамі, нядзіўна, што маштабы кантрабанды адтуль у Польшчу растуць», — адзначыў прэзыдэнт Цэнтру рынкавых даследаваньняў імя Адама Сьміта Анджэй Садоўскі.
13 лютага Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы паведаміла пра затрыманьне ў Падляскім ваяводзтве партыі кантрабандных беларускіх цыгарэт — усяго 400 тысяч пачкаў.
Цыгарэты перавозіў 41-гадовы грамадзянін Беларусі на грузавіку зь літоўскай рэгістрацыяй. Адзначалася, што па дакумэнтах у прычэпе павінны былі знаходзіцца «элемэнты драўляных дамоў».
«Калі б канфіскаваныя цыгарэты былі прададзеныя [у Польшчы], дзяржаўны бюджэт страціў бы больш за 10 млн злотых», — гаворыцца ў паведамленьні.