Ганаровага мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа на спачынку Тадэвуша Кандрусевіча выпісалі з 1-й гарадзкой клінічнай лякарні пасьля двух тыдняў лячэньня сэрца.
«Практычна напярэдадні Вялікага посту, 12 лютага, я трапіў у шпіталь з дыягназам „мігальная арытмія сэрца“ і праходзіў курс лячэньня да 27 лютага», — паведаміў герарх парталу Catholic.by.
Кандрусевіч падзякаваў лекарам, якія «пасьпяхова прывялі ў норму рытм сэрца», а таксама ўсім, хто маліўся за яго выздараўленьне.
Арцыбіскуп на спачынку паведаміў, што ўжо ў наступную нядзелю, 3 сакавіка, адправіць імшу ў менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча шпіталізаваліАпошні раз Кандрусевіч трапляў у шпіталь летась. Трэцяга сакавіка яго выпісалі. Вярнуўшыся дадому, герарх праз партал Catholic.by падзякаваў «Богу, лекарам і ўсім, хто за яго моліцца».
«Калі з вуснаў лекараў-анколягаў пачуў дыягназ „мэлянома“, то, усьведамляючы сур’ёзнасьць хваробы, паўтарыў словы Сьвятога Пісаньня: „Калі прымаем ад Бога дабро, то чаму ня можем прыняць зло?“, бо, можа, прыйшоў час, калі станаўлюся непатрэбным слугой. Даверыў сябе Богу і маліўся аб здароўі, але пры гэтым згаджаўся з Божай воляй». — напісаў у сваім звароце Кандрусевіч.
Мэлянома — гэта небясьпечнае анкалягічнае захворваньне, якое праяўляецца ростам злаякаснай пухліны ў вобласьці скуры або сьлізістых абалонак.
Апэрацыю для выдаленьня пухліны правялі 8 лютага 2023 году. Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў лекарам за іх прафэсіяналізм і ахвярнае служэньне хворым.
- Тадэвуш Кандрусевіч узначальваў Канфэрэнцыю каталіцкіх біскупаў у Беларусі з 2015 году. У 2020-м кіраўнік беларускай Каталіцкай царквы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з крытыкай гвалту, які чынілі ўлады пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта. Яму амаль 4 месяцы не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы.
- Арцыбіскупа пусьцілі толькі ў сьнежні 2020 году. У студзені 2021-га Тадэвуш Кандрусевіч выйшаў на пэнсію.