СМІ: у Маладэчне «аптымізуюць» тэатар лялек «Батлейка» — 7 супрацоўнікам не працягнулі кантракты

Фрагмэнт са спэктакля тэатра лялек «Батлейка»

У Менскім абласным тэатры лялек «Батлейка» ў Маладэчне не працягнулі кантракт з 7 супрацоўнікамі, а дырэктарку зьнялі з пасады, паведамілі шэраг беларускіх СМІ. Чыноўнікі кажуць, што зачыняць тэатар ня будуць.

Праблемы ў тэатру пачаліся на мінулым тыдні, калі калектыў наведала начальніца ўпраўленьня культуры Менаблвыканкаму і прапанавала супрацоўнікам знайсьці «новага, больш эфэктыўнага кіраўніка», бо былая дырэктарка тэатру Тацяна Чаеўская нібыта не спраўляецца з абавязкамі і яе ўжо зьнялі з пасады, а выканаўцам яе абавязкаў прызначылі галоўнага інжынэра «Батлейкі», паведамляюць выданьні Reform.by і «Люстэрка» са спасылкай на інфармацыю ад чытачоў.

Варта адзначыць, што з сайту тэатру імя і кантакты дырэктаркі Тацяны Чаеўскай пакуль не прыбралі.

На дадзены момант у тэатры не працягнулі кантракты зь сямю супрацоўнікамі: галоўным адміністратарам, галоўным бухгальтарам, двума працаўнікамі майстэрняў, касьцюмэрам і дзьвюма прыбіральшчыцамі, паведамляюць выданьні. Артысты мяркуюць, што наступнымі ў сьпісе на «аптымізацыю» — яны, піша Reform.by.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, ідзе гаворка аб магчымым закрыцьці тэатру або далучэньні яго да іншай установы — напрыклад, да Палаца культуры ў Маладэчне.

Разам з тым чытача «Нашай Нівы» чыноўнікі зь Менскага абласнога ўпраўленьня культуры запэўнілі, што зачыняць тэатар не зьбіраюцца, але, магчыма, ён будзе існаваць «у нейкім новым фармаце».

«„Батлейка“ застанецца адназначна, і дзіцячыя спэктаклі будуць», — сказала сталічная чыноўніца.

Паводле выданьня, у чыноўнікаў да тэатру ёсьць пытаньні наконт выкананьня пляну. «Батлейка» — адзіны ў краіне тэатар, які ня выканаў яго за студзень, і, відаць, тое ж будзе ў лютым, кажуць у абласным упраўленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарку браслаўскага Музэя традыцыйнай культуры Элеанору Зінкевіч арыштавалі на 15 сутак

Тэатар «Батлейка» нібыта за нізкія паказчыкі наведвальнасьці яшчэ ў 2022 годзе, паводле Reform.by, хацелі далучыць да Менскага абласнога драматычнага тэатру ў Маладэчне, аднак зрабіць гэта не ўдалося. Сярод іншага — з прычыны юрыдычных складанасьцяў.

Тэатар лялек «Батлейка» працуе ў Маладэчне з 1990 году. Ён вядомы сваімі пастаноўкамі на аснове нацыянальнай драматургіі, «дзіцячай і дарослай, старажытнай, клясычнай і сучаснай». Тэатар неаднаразова ўзнагароджвалі дыплёмамі і прызамі на міжнародных фэстывалях тэатраў лялек Беларусі, Расеі, Малдовы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Італіі, Сэрбіі, Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сабіна Брыло: «Не хапае слоў, каб гаварыць пра невыноснае, і мы шчабечам абы-што, каб заглушыць бясконцы гул паветранай трывогі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на этапе мантажу забаранілі выставу мастака Кандрусевіча