24 лютага беларусы маглі назіраць выступ Сьвятланы Ціханоўскай на экранах, разьмешчаных у мэтро, гандлёвых цэнтрах ды іншых публічных месцах. Акцыю арганізавала аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol. Яны ж паведамілі, што трансьляцыю ўдалося запусьціць на больш як 2000 экранах па ўсёй Беларусі.
У звароце, які доўжыўся каля 50 сэкундаў, Ціханоўская выказала ўпэўненасьць, што беларусы не забыліся, як сказалі «не» вайне і дыктатуры.
«Сёньня мы гаворым „не“ фальшывым выбарам. Мы ўмеем змагацца. Мы ўмеем аб’ядноўвацца. Мы ўмеем перамагаць. Мы ня спынімся, пакуль усе ня будуць вольныя. Перамены ў Беларусі — задача кожнага з нас», — заявіла дэмакратычная лідэрка.
Блізкія да беларускіх уладаў тэлеграм-каналы паведамілі, што акцыя адбылася з дапамогай уладальніка кампаніі «Легіён-104» Андрэя Смаляка. Нібыта дзякуючы яму ўдалося вывесьці трансьляцыю. Гаворыцца, што на момант трансьляцыі ён выехаў у Польшчу.
Кампанія «Legion 104» займаецца пастаўкай, устаноўкай і абслугоўваньнем рэклямных экранаў, а таксама распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня для іх. На 2024 год у кампаніі працавалі 20 чалавек, сказана на сайце кампаніі.
Кліенты кампаніі — «Статусбанк», «Белдзяржстрах», А-100, «Беларусьнафта», «Эўрагандаль», МАЗ ды іншыя буйныя дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эфэктная акцыя BelPol і тры заявы Лукашэнкі, — палітоляг камэнтуе выбарчую кампанію«Дэзынфармацыя, каб абараніць сябе»
У аб’яднаньні былых сілавікоў BelPol Свабодзе паведамілі, што ніхто з датычных да акцыі з трансьляцыяй не затрыманы, у дзень трансьляцыі гэтыя людзі ўжо знаходзіліся не ў Беларусі.
«Самае галоўнае, што кожны грамадзянін Беларусі ўбачыў нашыя нацыянальныя сымбалі і выбранага прэзыдэнта Сьвятлану Георгіеўну Ціханоўскую. Гэта натхніла людзей. Нават праз 3,5 года пасьля выбараў барацьба за свабоду Беларусі працягваецца. Наконт затрыманых: ніхто з затрыманых не датычны да правядзеньня акцыі. У Беларусі ніхто не знаходзіўся. Што, уласна, і пацьвярджаецца, бо людзей затрымалі нібыта проста за пратэсты», — расказаў Свабодзе прадстаўнік аб’яднаньня Ўладзімер Жыгар.
Што да практыкі затрыманьня людзей, якія не датычныя да падзеі, то, на думку прадстаўніка аб’яднаньня, гэта робіцца, каб проста адсправаздачыцца.
«Затрыманыя — ахвяры рэжыму. Гэта зроблена з адной мэтай: далажыць, што ўсіх злавілі, усё пад самым жорсткім кантролем. Карныя органы баяцца пакараньня. І выйшлі на новы ўзровень працы ў сыстэме. Праз страх перад сваім сюзэрэнам сыстэматычна „ўпарваюць“ яму дэзынфармацыю аб злоўленых экстрэмістах, толькі каб абараніць сябе», — сказаў суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля трансьляцыі ў Беларусі выступу Ціханоўскай пачаліся затрыманьніУладальнік «Legion 104» адмаўляе датычнасьць кампаніі да зьяўленьня выступу Ціханоўскай
Уладальнік кампаніі «Legion 104» Андрэй Смаляк сказаў выданьню «Медиазона», што сапраўды выехаў 24 лютага ў Варшаву. Датычнасьць як сваю, так і кампаніі да зьяўленьня выступу Сьвятланы Ціханоўскай на публічных экранах ён адмаўляе.
«Працуючы над праектам з 2015 году і патраціўшы на яго велізарную колькасьць сіл і рэсурсаў, мы не маглі сабе дазволіць нешта падобнае», — сказаў Андрэй Смаляк.
Ён дадаў, што зь Менску выехаў на свой юбілей.
«25 лютага мне споўнілася 50 гадоў. Я ехаў адзначыць юбілей са сваякамі, якія вучацца ў Варшаве. 1 сакавіка я павінен быў вярнуцца ў Менск. Але пры такім раскладзе я магу вярнуцца толькі на Акрэсьціна і надоўга, таму шлях на радзіму мне закрыты», — кажа Смаляк.
Па яго словах, пра ўзлом яму паведамілі калегі. У гэты момант ён быў ужо на нэўтральнай паласе, пасьля перасячэньня мяжы на аўтобусе зь Менску ў Варшаву. Смаляк патлумачыў, што адбыўся ўзлом сэрвісу кампаніі, празь які змаглі атрымаць доступ да ўсіх экранаў кліентаў кампаніі.
«Мы адсачылі лічбавы сьлед на нашых сэрвэрах, уваход быў зь нямецкага IP, магчыма, з выкарыстаньнем VPN», — сказаў Смаляк.
Кіраўнік «Legion 104» дадаў, што па факце ўзлому сілавікі завялі крымінальную справу. Супрацоўнікі кампаніі цяпер пад ударам.
«Кампанію трасуць не па-дзіцячы. Пэўна: гэта фінал. Цяпер я ў Польшчы зь сям’ёй на найманай кватэры, у кішэні — 900 даляраў. У мяне нічога не засталося. Але я хаця б на волі. Мае калегі ўсё пад ударам», — кажа Смаляк.
«Удзельнічалі ў пратэстах»
25 лютага набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал паведаміў аб затрыманьні як мінімум чатырох супрацоўнікаў кампаніі «Легіён-104», аднак не за трансьляцыю выступу Ціханоўскай на публічных экранах.
Тром мужчынам і жанчыне, прозьвішчы якіх не называюцца, інкрымінавалі ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Трансьляцыя выступу Сьвятланы Ціханоўскай на беларускіх публічных экранах зьявілася напярэдадні Адзінага дня галасаваньня, калі прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Улады абвясьцілі пра яўку больш як 72% выбарнікаў. Сьведкі ж кажуць, што выбары ня выклікалі ў большасьці грамадзян зацікаўленасьці, а ўчасткі пуставалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зварот Ціханоўскай да беларусаў трансьлявалі ў беларускіх крамах