На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае доктар філязофіі, палітоляг Пётра Рудкоўскі.
— Чым умовы правядзеньня сёлетніх выбараў прынцыпова адрозьніваліся ад папярэдніх — парлямэнцкіх у 2019 годзе, прэзыдэнцкіх — у 2020-м?
— Парлямэнцкія выбары 2019 году прайшлі пад знакам «моркаўкі» — «перніку» паводле аўтарытарных мерак. Сёлетнія выбары — пад знакам жорсткага «кіёчка», «пугі». Тады было пацяпленьне адносінаў з Захадам, беларускі рэжым працаваў над іміджам донара рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці. Ва ўнутранай палітыцы імкнуліся выпраўляць імідж міліцыі, тады на пасадзе кіраўніка МУС Шуневіча памянялі на Караева. Улады тады рабілі стаўку на задобрываньне грамадзтва. Ну а цяпер фон выбарчай кампаніі — гэта суцэльныя рэпрэсіі.
— Ініцыятыва назіраньня за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначыла некалькі структурных асаблівасьцяў сёлетняй кампаніі:
- няма апазыцыйных кандыдатаў. У тым жа 2019 годзе нікога зь іх не абралі дэпутатамі, але сярод кандыдатаў яны былі;
- сёлета няма незалежных нацыянальных назіральнікаў на ўчастках, у 2019 і 2020 годзе іх было нямала;
- сёлета няма незалежнага міжнароднага назіраньня, назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ сёлета на выбары не запрасілі;
- пераважная частка незалежных СМІ сёлета выціснутая з краіны і абвешчаная экстрэмісцкімі.
Якія яшчэ структурныя асаблівасьці сёлетніх выбараў вы б адзначылі?
— У 2019 годзе на выбарах інсцэнізаваліся плюралізм і канкурэнтнасьць. На тэлебачаньні апазыцыйныя кандыдаты выступалі з самымі рознымі заявамі. Цяпер гэтага няма і блізка. Улады цяпер мінімізавалі ўсе рызыкі. Зараз на ўсіх участках прысутнічаюць узмоцненыя нарады праваахоўнікаў, забаронена фатаграфаваць бюлетэні, немагчыма ніяк выказаць сваю нязгоду зь цяперашнім палітычным курсам.
— За дзень да асноўнага дня галасаваньня ініцыятыва былых сілавікоў BelPol зладзіла эфэктную акцыю — трансьляцыю на публічныя экраны ў Беларусі (у крамах і на рэклямных шчытах) звароту Сьвятланы Ціханоўскай з заклікам не хадзіць на фальшывыя выбары. Які эфэкт можа мець гэтая акцыя? Ці магла яна зьнізіць рэальную яўку? Паводле ЦВК на 14:00 25 лютага прагаласавала 59% выбаршчкаў.
— Уплыў быў хутчэй сымбалічным. Зараз у Беларусі сытуацыя поўнага кантролю над грамадзтвам. А тут створаны сымбаль таго, што гэты кантроль не ўсяўладны. Калі верыць BelPol і ТГ-каналу Матолькі зварот Ціханоўскай трансьляваўся ў 2000 месцах Беларусі. Гэта сапраўды эфэктна і псыхалягічны рэзананс у гэтай акцыі будзе. Такія акцыямі дэмакратычныя сілы трапляюць у самы нэўральгічны цэнтар рэжыму. У рэжыму ёсьць праблема з адтокам адмыслоўцаў у розных сфэрах, у тым ліку і ў ІТ. І недахоп спэцыялістаў у гэтай галіне і спараджае такія ўразьлівасьці, якімі скарыстаўся BelPol.
— Аляксандар Лукашэнка падчас галасаваньня ў нядзелю зрабіў некалькі важных заяваў.
Ён паведаміў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году. Лукашэнка заявіў, што Беларусі і Расеі ня трэба аб’ядноўвацца ў адну дзяржаву, паводле яго як сувэрэнныя дзяржавы яны больш моцныя, чым зьліўшыся ў адну. Ён таксама паведаміў, што апазыцыя хоча захапіць уладу, заняўшы частку тэрыторыі Беларусі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя заявы?
— Тое, што Лукашэнка зьбіраецца на прэзыдэнцкія выбары, малаінфарматыўна. Гэта было відавочна, што пойдзе, калі толькі здароўе яму дазволіць. Ужо пэўны час ёсьць сымптомы, што здароўе ягонае пагаршаецца. Пераабраньне для яго — гэта і магчымасьць захаваць уладу, і забясьпечыць гарантыі бясьпекі. Тут больш інфарматыўная яго заўвага наконт таго, што сытуацыя ў гэтым пытаньні можа зьмяніцца. Што тычыцца пазыцыі наконт абʼяднаньня з Расеяй, то Лукашэнка прынамсі з пачатку нулявых гадоў ня быў прыхільнікам гэтага. Ён успрымае сябе як «бацьку-заснавальніка» Беларусі.
— А гэтыя пражэкты, якія ён прыпісаў апазыцыі — заняць Кобрын, Маларыту, адтуль запрасіць войскі NATO — што гэта азначае? Гэтая яго сёньняшняя заява перагукаецца зь нядаўнімі заявамі на нарадзе зь сілавікамі, дзе ён таксама ўсялякія жахі распавядаў.
— Яго прамовы на нарадзе зь сілавікамі былі вытрыманыя ў яго звычайным рытарычным стылі. Ён і пра ўборку ўраджаю гаворыць у драматычных танах. Але калі ён казаў пра тры сцэнары апазыцыі, гэта гучала даволі адэкватна. Апазыцыя і праўда можа разважаць над такімі сцэнарамі. Адзін — гэта выкарыстаць сёлетнія выбары, гэта выкарыстаць выбары наступнага году, і гэта весьці гульню «ўдоўгую», спадзяючыся пра дапамозе «мяккай сілы» выклікаць трансфармацыі ў беларускім грамадзтве. Думаю, што ён тады агучыў нейкі экспэртны даклад, які яму прадставілі. І зрабіў ён гэта ў даволі рэалістычным ключы.
— Назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ на сёлетнія выбары не запрасілі. «Вясна» і БХК вялі кампанію назіраньня, іх папярэднія высновы — што выбары не адпавядаюць стандартам свабодных і справядлівых. Хутчэй за ўсё такімі ж будуць і канчатковыя высновы. Ці будуць прызнаныя краінамі Захаду вынікі гэтых выбараў? Калі не, то ў якім сэнсе? У пэўным — дык і ўсе папярэднія не былі прызнаныя. Але з выбараў 2000 году дэлегаты ад Нацыянальнага сходу Беларусі на працягу 6 скліканьняў засядаюць у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (ПА АБСЭ). Пасьля сёлетніх выбараў таксама будуць засядаць?
— Думаю, што дэпутаты абранай сёньня Палаты будуць засядаць у ПА АБСЭ. Напэўна, дэклярацыі аб непрызнаньні вынікаў сёлетніх выбараў у Беларусі будуць выдадзеныя, будзе канстатавана, што выбары былі несвабоднымі і несправядлівымі. Заходні сьвет гэта канстатуе адзінагалосна. Але гэта не адменіць Realpolіtik. У выпадку прэзыдэнцкіх выбараў супадаюць арганізатар фальсыфікацыяў і іх бэнэфіцыяр, гэта адна і тая ж асоба. У выпадку парлямэнцкіх выбараў сытуацыя крыху іншая. Парлямэнтары — усе ці большасьць — зьяўляюцца бэнэфіцыярамі фальсыфікацыяў. Але складана сказаць, што яны арганізатары гэтага. І ў маральным пляне да іх стаўленьне крыху іншае. А матыў у стылі Realpolіtik — што павінны заставацца нейкія каналы камунікацыі. І мяркую, што яны захаваюцца прыблізна ў тым жа фармаце, у якім захоўваліся дагэтуль.
— Навошта на сёлетніх выбарах надзьмувалі датэрміновую яўку? Калі ўсё ясна, то якая розьніца, колькі прагаласавала датэрмінова? Але сёлета яўка на датэрміновым галасаваньні значна вышэйшая, чым была ў 2019 годзе і на адну сотую адсотка вышэйшая, чым была на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе — 41.71%. Навошта?
— У 1994 годзе, на першых выбарах у незалежнай Беларусі, асаблівых фальсыфікацыяў не было. І тады датэрмінова прагаласавала крыху больш за 3% выбаршчыкаў. Але і ў 2001 годзе, на другіх прэзыдэнцкіх выбарах — таксама няшмат, каля 4%. Але потым гэтая доля тых, хто прагаласаваў датэрмінова, няўхільна павялічвалася, у 2020 годзе яна склала 41,7%, у 10 разоў больш, чым у 2001-м. Цяпер — 41,71%. Запавольваецца трэнд. Ёсьць шанец, што да 90% ня дойдзе. Датэрміновае галасаваньне — дадатковая магчымасьць «удасканаліць» вынікі галасаваньня.
— А можа тут мае значэньне «карцінка»? Многія людзі бачаць, што ў асноўны дзень галасаваньня народ да выбарчых скрыняў імкнецца ня надта, пустыя выбарчыя ўчасткі. А тут людзям тлумачэньне: дык гэта ж таму, што амаль палова прагаласавала датэрмінова.
— Так. Гэты візуальны эфэкт таксама мае значэньне. Унутры Беларусі моцна паразрываныя каналы камунікацыі. Унутры Беларусі людзі ня надта дзеляцца інфармацыяй з прычыны кантролю і рэпрэсіяў. Але думаю, што будзе кантраст паміж афіцыйнымі лічбамі яўкі і ўражаньнямі людзей ад паўпустых выбарчых участкаў. Гэта стварае кагнітыўны дысананс. І гэта будзе не на руку рэжыму.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.