Дзьве парафіі, якія вырашылі перайсьці на новаюльянскі каляндар, — гэта парафіі Катэдральнага сабору сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк, ЗША) і Жыровіцкае іконы Божае Маці ў Гайлэнд Парку (Нью-Джэрзі, ЗША).
Дагэтуль абедзьве парафіі прытрымліваліся юльянскага календара. Вернікі, якія не захочуць браць удзел у набажэнствах паводле новаюльянскага календара, маюць права перайсьці ў тыя парафіі БАПЦ, якія застануцца на старым календары.
Паводле першагерарха БАПЦ, кожная парафія можа вызначыць, ці пераходзіць ёй на новае летазьлічэньне — для гэтага трэба мець не звычайную большасьць (як пры галасаваньні па адміністрацыйных царкоўных пытаньнях), а пераважную большасьць вернікаў. Паводле архіяпіскапа Логіна, гэта робіцца для таго, каб унікнуць расколу сярод парафіянаў альбо адыходу вернікаў з БАПЦ.
Пры прыняцьці гэтага рашэньня было ўлічана тое, што беларускія праваслаўныя вернікі зь Нью-Ёрку і яго навакольля пры патрэбе могуць наведваць парафію БАПЦ у Квінсе (таксама ў Нью-Ёрку), якая вядзе набажэнствы паводле старога стылю. Таксама і ў штаце Нью-Джэрзі побач з парафіяй у Гайлэнд Парку ёсьць беларуская праваслаўная парафія Сусьветнага патрыярхату ў горадзе Саўт Рывэр, якая таксама трымаецца Юльянскага календара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юльянскі, грыгарыянскі, новаюльянскі. Што трэба ведаць пра рэлігійныя календары- На сёньняшні дзень большасьць памесных праваслаўных цэркваў перайшлі на новаюльянскі праваслаўны каляндар, у якім нерухомыя сьвяты адзначаюцца паводле новага стылю, а рухомыя, такія як Вялікдзень, паводле старой пасхаліі.
- На старым юльянскім календары засталіся наступныя праваслаўныя цэрквы сьвету: Ерусалімская, Расейская (у тым ліку Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату), Сэрбская і Польская.
- Летась на новаюльянскі каляндар перайшла наваствораная беларуская праваслаўная парафія Сусьветнага патрыярхату ў Вільні.
- 27 лістапада 2023 году адбылася сустрэча першагерарха БАПЦ архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна з Канстантынопальскім патрыярхам Варфаламеем у рэзыдэнцыі Сусьветнага патрыярхату ў Стамбуле (Турэччына).
- У 2023 годзе на новаюльянскі каляндар перайшлі аўтакефальная Праваслаўная царква Ўкраіны і Ўкраінская грэка-каталіцкая царква.