Дзьве беларускі Вольгі выпадкова сустрэліся ў Варшаве каля беларускай амбасады летам 2023 году на акцыі памяці Алеся Пушкіна. Вольга Рытус раней займалася бізнэсам, у Беларусі яна мела ў тым ліку і гостэл. Вольга Скрашчук працавала ў Нацыянальным банку, а потым у сыстэме АРІП. На радзіме яны абедзьве сталі палітзьняволенымі.
«У эміграцыі вельмі важна партнэрства, пункт апоры»
Вольгу Скрашчук затрымалі ў 2021 годзе па «справе Зельцара» — за камэнтар у фэйсбуку. Ёй прысудзілі 2 гады калёніі, тэрмін яна адбыла цалкам, а пасьля вымушана зьехала зь сям’ёй у Польшчу.
Вольгу Рытус затрымалі ў красавіку 2022 году па «народным» 342 артыкуле — арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх. Больш за 3 месяцы трымалі ў СІЗА на Валадарскага, асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». Зьяжджаць зь Беларусі Вольга не зьбіралася, хацела адбыць пакараньне. Але не аддалі пашпарт, шантажавалі малодшым сынам, пагражаючы забраць у дзіцячы дом. У лістападзе 2022 году яе без дакумэнтаў эвакуавалі ў Беласток. Праз тыдзень прывезьлі малодшага сына. Летам 2023 году Вольга з сынамі пераехала ў Варшаву.
«Я ніколі не жыла на дапамогу. З 16 гадоў працавала. У Беларусі ў мяне быў свой бізнэс. Трэба было і тут штосьці рабіць. У мяне з мовамі праблемы, бяз польскай ісьці ў найманыя працаўнікі не выпадала. Вырашыла і тут заняцца бізнэсам — тым, што я ўмею. У мяне цягам чатырох гадоў быў гостэл у Беларусі.
І вось на акцыі памяці Алеся Пушкіна выпадкова пазнаёмілася з былой палітзьняволенай Вольгай Скрашчук. І мы вырашылі разам адкрыць бізнэс. У эміграцыі вельмі важна партнэрства, пункт апоры», — разважае Вольга Рытус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой і Дэпартамэнт гандлю ЗША падпісалі дарожную мапу супрацоўніцтва«Гэта праўда, што беларус беларусу беларус»
У Беларусі, каб адкрыць бізнэс, трэба прайсьці некалькі колаў бюракратычнага пекла, процьму ўзгадненьняў, дзясятак інспэкцый, атрымаць некалькі дазволаў, працягвае Вольга.
«Хто займаўся бізнэсам у Беларусі, у Эўропе лёгка ўсё пераадолее. Прынамсі, у Польшчы ўсё нашмат прасьцей. Страху не было, нас падтрымалі, дапамаглі.
Па-першае, і ва „ўжондах“ (мясцовых органах улады — РС) вам дапамогуць, пракансультуюць, усё патлумачаць. Паколькі ў мяне з польскай мовай праблема, даведалася пра Асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА), дзе можна бясплатна атрымаць кансультацыю юрыстаў, бухгальтараў. Мы аформілі заяўку, яе ўхвалілі. І мы сталі 100-м чальцом АВВА.
І гэта праўда, што беларус беларусу беларус. Была вельмі важная і своечасовая падтрымка супольнасьці», — кажа Вольга.
З пошукам памяшканьня былі праблемы, бо палякі ня вельмі ахвотна наагул хочуць здаваць плошчы замежнікам. Ну, і пад гостэл знайсьці памяшканьне цяжка, бо ня кожны ўладальнік згодны здаць свой аб’ект пад разьмяшчэньне людзей. Маўляў, разьдзярбаняць, сапсуюць. Але і тут пашанцавала.
Знайшлі на ўскраіне Варшавы першы паверх трохпавярховага будынку, дзе раней ужо быў гостэл. Прычым памяшканьне было пасьля рамонту, зь мінімальным наборам мэблі, абсталяваньня. Таму адкрыліся даволі хутка.
«Гэта насамрэч крыху ня тое, што было ў мяне ў Беларусі. Хутчэй, у Варшаве ў нас гостэл-інтэрнат. Мы адразу запусьціліся, гаспадар нам даў растэрміноўку для так званай „каўцыі“ — закладу. Ёсьць бухгальтар — украінец, так што з паперамі, дакумэнтамі, падаткамі ўсё ў парадку.
Але ж беларусы — гэта такая нацыя, якая ўмее ўсё! Я наймала кватэру, дык полька для таго, каб лямпачку замяніць, выклікае электрыка. А нам узяць граблі і прыбраць тэрыторыю — лёгка. Вось у мяне ў гостэле запіла прыбіральшчыца, я сама прыйшла і навяла парадак у пакоях. Лёгка! Ня бачу ў гэтым нічога крыўднага і не саромеюся», — прызнаецца Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя пераможцы другога конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі»«Пажывуць два-тры дні і зьедуць уначы, не заплаціўшы»
Пасьля першага месяца працы жанчыны атрымалі прыбытак. Цяпер у Вольгі Рытус і Вольгі Скрашчук два гостэлы: першы паверх аднаго будынку на 20 пастаяльцаў і непадалёк асобны катэдж на 14 месцаў. Там жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў — беларусы, украінцы, азэрбайджанцы, узбэкі, палякі. У асноўным людзі рабочых спэцыяльнасьцяў, дальнабойшчыкі. Жыве інтэрнацыянальная маладая сям’я: полька і беларус, якія працуюць кур’ерамі. Есьць паркоўка. Усё зручна для доўгатэрміновага перабываньня. А вось пэрсаналу амаль няма.
«Жыў хлопец, дапамагаў па прыборцы. Цяпер дзяўчына-ўкраінка жыве там і прыбірае. Усё больш-менш наладжана. Але гэта бізнэс.
Бываюць і падманы. Людзям цяжка, абяцаюць заплаціць. Мы ідзем насустрач — пасяляем без аплаты. Пажывуць два-тры дні і ціхенька зьедуць уначы, не заплаціўшы. Былі выпадкі, калі людзі пасяляюцца на працяглы тэрмін, мы даем адтэрміноўку, а нас падманваюць. Неяк наш беларус пасяліўся, а потым раптоўна зьехаў у іншы горад. А празь месяц ён заплаціў і выбачыўся. Усялякія выпадкі здараюцца», — дзеліцца праблемамі Вольга Рытус.
«Кавалачак сваёй краіны ў цэнтры Варшавы»
У плянах — разьвівацца далей, павесьці праект да канца: адкрыць яшчэ адзін гостэл у цэнтры гораду для турыстаў. Аформіць яго ў беларускім стылі, каб у ім была агульная прастора для правядзеньня мерапрыемстваў, імпрэзаў, кажа яна.
«Мы марым стварыць кавалачак сваёй краіны ў цэнтры Варшавы.
Пакуль гэта задумка, мы знаходзімся ў стадыі пошуку памяшканьня. Нам таксама нялёгка, бо мы — дзьве жанчыны з ПТСР (посттраўматычным стрэсавым разладам. — РС), якія прайшлі турму... Але тут разьвіваць бізнэс можна».
Гостэлы беларусак называюцца «О2Н». Гэта расшыфроўваецца як «дзьве Олі і гостэл». А калі наадварот, ззаду наперад, Н2О — гэта формула вады, тлумачыць Вольга Рытус.
«Маленькімі крокамі пакрысе я вяртаюся ў той сацыяльны статус, які ў мяне быў у маёй краіне Беларусі. А я з 16 гадоў працавала, атрымала вышэйшую адукацыю, нарадзіла дваіх сыноў. Я мела бізнэс. Мяне адтуль выціснулі. Выгналі ня толькі мяне, і маіх дзяцей (адзін выдатны спартовец, другі размаўляе на чатырох мовах) — яны маглі б прынесьці карысьць краіне. І вось мой бізнэс вяртае мяне да ранейшага жыцьця. Праўда, я ўсё зноў пачынаю з нуля!
Давайце тут штосьці рабіць (бо наўрад ці мы хутка вернемся), давайце станавіцца на ногі. Я вельмі ўдзячная палякам за падтрымку. Але я бачу людзей, якія жывуць на дапамогу і ня хочуць працаваць, злоўжываюць дабрынёй палякаў. Ня будзьце дармаедамі. Трэба штосьці рабіць!» — эмацыйна зьвяртаецца да беларусаў Вольга Рытус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой адкрыла прадстаўніцтва ў Крамянёвай даліне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: Праграма Poland Business Harbour не апраўдала ўскладзеных надзей