Латвія першай у ЭЗ забараніла імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі і Расеі

Збожжавы камбайн жне пшаніцу. Ілюстрацыйнае фота

Саэйма Латвіі 22 лютага адразу ў двух чытаньнях прыняла пастанову аб забароне імпарту расейскай і беларускай сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі сама меней да ліпеня 2025 году.

Падтрыманыя Саэймай Латвіі папраўкі забараняюць увоз сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі ў Латвію з Расеі і Беларусі, а таксама ўвоз у Латвію сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі расейскага або беларускага паходжаньня зь іншых краін, паведамляе прэс-служба ведамства.

На працягу 14 дзён з дня ўступленьня ў сілу гэтых паправак латвійскі ўрад павінен вызначыць у правілах сьпіс канкрэтных прадуктаў, якія забаронена ўвозіць у Латвію.

Забарона будзе дзейнічаць сама меней да 1 ліпеня 2025 году, піша lsm.lv.

Варта адзначыць, што забарона будзе распаўсюджвацца на сельскагаспадарчую і жывёлагадоўчую прадукцыю, якая застаецца ў Латвіі, а не на тую, якая транспартуецца ў іншыя краіны Эўразьвязу.

Прэм'ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня раней заявіла, што яе дзяржава падае прыклад іншым, забараняючы імпарт збожжа з Расеі і Беларусі.

Латвія — першая краіна Эўразьвязу, якая забараніла імпарт сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі з Расеі і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат агучыў сярэдні заробак працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Мы параўналі яго з суседзямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі ліцэнзіі на вываз збожжа, але і іх могуць ня выдаць, калі на ўнутраным рынку будзе нястача