Сьцісла:
- Стаўленьне да вайны грамадзкай думкі ў Беларусі, Украіне і Расеі на працягу баявых дзеяньняў зьмянілася нязначна.
- Беларусы ў пераважнай большасьці выступалі і выступаюць супраць удзелу ў вайне беларускага войска.
- Ва Ўкраіне пераважная большасьць апытаных вераць, што іх краіна адаб’е расейскі напад.
- З пачатку вайны рэзка пагоршылася стаўленьне ўкраінцаў як да беларускай дзяржавы, гэтак і да беларусаў.
- У адказах на пытаньне пра выбар паміж працягам ваенных дзеяньняў і мірнымі перамовамі расейскае грамадзтва падзеленае, ладная яго частка аддае перавагу перамовам.
Як мянялася грамадзкая думка наконт вайны на працягу двух апошніх гадоў, што думалі пра яе ў Беларусі, а што — ва Ўкраіне і Расеі, якія працягваюць ваяваць? Адказ на гэтае пытаньне даюць вынікі сацыялягічных апытаньняў, якія рэгулярна праводзілі ў трох краінах дасьледчыцкія каманды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Удзел Беларусі ў вайне з Украінай — гэта катастрофа для Беларусі». Вынікі апытаньня Chatham HouseУ дзень пачатку вайны 24 лютага 2022 году былі агучаныя дадзеныя онлайн-апытаньня, праведзенага сярод гарадзкога насельніцтва Беларусі — толькі 3% рэспандэнтаў выступалі за тое, каб беларуская армія ўзяла ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку Расеі.
Апытаньне праводзілася ў межах праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House.
Далейшыя дасьледаваньні паказалі, што меркаваньні гарадзкіх беларусаў наконт гэтага заставаліся практычна нязьменнымі на працягу ўсёй вайны.
Графік 1. Стаўленьне да ўдзелу Беларусі ў ваенных дзеяньнях (Chatham House)
За ўдзел беларускай арміі ў вайне была мізэрная доля апытаных, прыблізна роўныя долі рэспандэнтаў (ад чвэрці да траціны) выказваліся за нэўтралітэт у вайне і за падтрымку Расеі без удзелу наўпрост у баявых дзеяньнях.
Што да ацэнак дзеяньняў расейскага войска ва Ўкраіне, то перавага была на баку адмоўных ацэнак. Аднак станоўчыя ацэнкі складалі прыкладна 30%.
Графік 2. Стаўленьне да дзеяньняў расейскага войска на тэрыторыі Ўкраіны (Chatham House)
У лістападаўскім 2023 году апытаньні ў рэспандэнтаў пыталіся, якія формы спрыяньня расейскай арміі з боку Беларусі яны лічаць прымальнымі.
Графік 3. Якія формы падтрымкі Расеі з боку Беларусі вы лічыце дапушчальнымі? (Chatham House)
Лячыць расейскіх параненых, рамантаваць расейскую вайсковую тэхніку, ладзіць супольныя вучэньні — гэта адносная большасьць апытаных палічыла дапушчальным. Наконт іншых, больш шчыльных формаў супрацоўніцтва балянс ацэнак — у адмоўны бок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Антываенныя настроі беларусаў ня здольная зьнішчыць ніякая „кувалда“ прапаганды» — вынікі дасьледаваньняў Беларускай аналітычнай майстэрніЯк ужо адзначалася, Chatham House рэгулярна праводзіць у Беларусі онлайн-апытаньні гарадзкога насельніцтва.
Іншы дасьледчы цэнтар, Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ), ладзіць тэлефонныя апытаньні паводле выпадковай выбаркі. Вынікі такіх апытаньняў рэпрэзэнтуюць усё насельніцтва краіны, а ня толькі яго гарадзкую частку.
Графік 4. Як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускага войска на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях?
Дадзеныя апытаньняў БАМ пра стаўленьне да ўдзелу беларускага войска ў вайне падобныя да дадзеных Chatham House (Графік 1) — пераважная і практычна нязьменная большасьць беларусаў была і застаецца супраць гэтага.
У апытаньнях БАМ адносна выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі Расеяй для нападаў на Ўкраіну перавага адмоўных ацэнак на працягу ўсяго пэрыяду вывучэньня была прыкладна двухразовая, большасьць ставілася да гэтага адмоўна.
Графік 5. Як вы ставіцеся да выкарыстаньня тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры Беларусі для ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне? (БАМ)
Пры гэтым, паводле апытаньняў БАМ, у 2022 годзе большасьць беларусаў не лічыла, што іх краіна была саўдзельніцай ваеннага канфлікту.
Графік 6. Як вы лічыце, ці зьяўляецца Беларусь саўдзельніцай ваеннага канфлікту ва Ўкраіне? (БАМ)
Пяройдзем цяпер да вынікаў вывучэньня грамадзкай думкі ва Ўкраіне. Наступны графік, на якім прадстаўленыя вынікі апытаньняў Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі (КМІС), паказвае, што грамадзкая думка Ўкраіны на працягу вайны адмоўна ставілася да магчымасьці тэрытарыяльных саступак.
Графік 7. Зь якім са сьцьверджаньняў наконт магчымых кампрамісаў для дасягненьня міру з Расеяй вы згодны ў большай ступені?
• Для хутчэйшага дасягненьня міру і захаваньня незалежнасьці Ўкраіны можна адмовіцца ад некаторых сваіх тэрыторыяў
• Ні ў якіх абставінах Украіна не павінна адмаўляцца ад любых сваіх тэрыторыяў, нават калі з-за гэтага вайна будзе працягвацца даўжэй і будзе пагроза захаваньню незалежнасьці
• Цяжка адказаць
На працягу ўсёй вайны давер да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага заставаўся на вельмі высокім узроўні. На пачатку вайны ён узьляцеў да амаль аднадушнай падтрымкі (90%), да лютага 2024 году зьнізіўся на траціну, але большасьць украінцаў дагэтуль давярае Зяленскаму.
Графік 8. Дынаміка даверу У. Зяленскаму на працягу лютага 2022 году (да ўварваньня) — лютага 2024 году
Паводле апытаньняў КМІС, з пачаткам вайны істотна пагоршылася стаўленьне ўкраінцаў як да дзяржавы Беларусі, гэтак і да беларусаў.
Графік 9. У якой якасьці вы гатовыя прыняць прадстаўнікоў наступных групаў людзей? (КМІС)
Паводле верасьнёўскага 2022 году апытаньня КМІС, больш за 40% украінцаў не хацелі б бачыць беларусаў зь Беларусі на тэрыторыі сваёй краіны ні ў якай якасьці.
Паводле апытаньняў украінскага дасьледчага цэнтру «Сацыялягічная група „Рэйтынг“» (Rating), вера ў канчатковую перамогу Ўкраіны захоўвалася ва ўкраінскім грамадзтве на працягу ўсёй вайны.
Графік 10. Ці верыце вы, што Ўкраіна пераможа ў вайне? (Rating)
Адказы на пытаньне, ці адабʼе Ўкраіна расейскі напад, мяняліся на працягу двух гадоў, аднак пераважная большасьць і ў лютым 2024 году давала на гэтае пытаньне станоўчы адказ.
Графік 11. Наколькі вы ўпэўнены, што Ўкраіна зможа адбіць напад Расеі? (Rating)
У верасьнёўскім 2023 году апытаньні Rating большасьць рэспандэнтаў (68%) выказвалі ўпэўненасьць, што ў выніку заканчэньня вайны Ўкраіна захавае ўсе тэрыторыі, якія мела ў 1991 годзе.
Графік 12. На вашую думку, якімі будуць межы Ўкраіны ў выніку заканчэньня вайны? (Rating)
Апытаньні Rating, як і апытаньні КМІС, паказалі істотнае пагаршэньне стаўленьня ўкраінцаў як да дзяржавы Беларусь, гэтак і да беларусаў.
Графік 13. Як гэтыя краіны ставяцца да Ўкраіны?(Rating)
Ва ўкраінскім грамадзтве адчуваньне варожасьці Беларусі Ўкраіне рэзка ўзрасло на самым пачатку вайны, з канца 2022 году да сёлетняга лютага адбылося далейшае пагаршэньне стаўленьня.
Графік 14. Дынаміка стаўленьня (Rating)
Стаўленьне да беларусаў паводле апытаньняў Rating з пачаткам вайны пагоршылася яшчэ больш істотна, чым да дзяржавы Беларусь, і яно працягвала пагаршацца падчас вайны.
Паводле апытаньняў, якія праводзілі ў Расеі розныя дасьледчыя каманды, на прамое пытаньне аб падтрымцы дзеяньняў расейскага войска большасьць апытаных давалі станоўчыя адказы.
Вось вынікі штомесячных замераў, зробленых Лявада-цэнтрам.
Графік 15. Вы асабіста падтрымліваеце ці не дзеяньні Ўзброеных сілаў РФ ва Ўкраіне? (Лявада-цэнтар)
Апытаньні, праведзеныя праектам «Хронікі», давалі больш сьціплыя лічбы падтрымкі дзеяньняў расейскіх войскаў, у іх можна ўбачыць тэндэнцыю зьніжэньня падтрымкі. Аднак і паводле гэтага цэнтру такая падтрымка застаецца высокай.
Графік 16. Вы падтрымліваеце ці не падтрымліваеце ваенную апэрацыю Расеі на тэрыторыі Ўкраіны? («Хронікі»)
На думку дасьледчыкаў, адказы на гэтае прамое пытаньне даюць не зусім адэкватнае ўяўленьне пра сапраўдныя меркаваньні расейцаў — з прычыны дзеяньня фактараў страху і сацыяльнай пажаданасьці. Каб зьменшыць уплыў гэтых фактараў, сацыёлягі прапаноўвалі рэспандэнтам адказаць, як бы яны паставіліся да рашэньня Ўладзіміра Пуціна спыніць ваенныя дзеяньні зараз, у момант правядзеньня апытаньня.
Графік 17. Калі Ўладзімір Пуцін прыме рашэньне вывесьці расейскія войскі з тэрыторыі Ўкраіны і пачне перамовы аб перамірʼі, НЕ дасягнуўшы першапачаткова пастаўленых мэтаў ваеннай апэрацыі, вы падтрымаеце ці не падтрымаеце такое рашэньне Ўладзіміра Пуціна? («Хронікі»)
Навідавоку даволі высокая падтрымка такога гіпатэтычнага рашэньня прэзыдэнта РФ, у апошнім апытаньні доля прыхільнікаў такога рашэньня перавысіла долю яго праціўнікаў.
Падобныя дадзеныя былі атрыманыя яшчэ адным дасьледчым праектам — Russian field .
Графік 18. Калі Ўладзімір Пуцін заўтра падпіша мірную дамову і спыніць ваенную апэрацыю, вы падтрымаеце такое рашэньне? (Russian field)
Паводле Russian field, увесь час назіраньняў перавага была на баку спыненьня ваенных дзеяньняў, калі такое рашэньне прыме Пуцін.
Сацыёлягі таксама задавалі пытаньне пра выбар паміж працягам вайны і пераходам да мірных перамоваў, ня згадваючы Пуціна наўпрост.
Графік 19. Як Вы лічыце, зараз варта працягваць ваенныя дзеяньні ці пачаць мірныя перамовы? (Лявада-цэнтар)
Паводле Лявада-цэнтру, прыкладна палова расейцаў выступае (і выступала) за мірныя перамовы. Аднак гэтыя адказы ня кажуць, на якіх умовах, на думку апытаных, павінен быць заключаны мір.
Графік 20. На ваш погляд, зараз Расеі неабходна працягваць ваенную апэрацыю на тэрыторыі Ўкраіны ці пераходзіць да мірных перамоваў? (Russian field)
Апытаньні Russian field таксама сьведчаць пра падзел расейскага грамадзтва на прыкладна роўныя долі ў гэтым пытаньні.
Нарэшце, большасьць расейцаў не адчуваюць сябе адказнымі за шкоду і пакуты, прынесеныя расейскай арміяй украінцам.
Графік 21. Ці нясуць такія людзі, як вы, маральную адказнасьць за гібель мірных жыхароў і разбурэньні ва Ўкраіне? (Лявада-цэнтар)
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.