Сёлета 100 гадоў ад нараджэньня Васіля Быкава, таму тэкст для дыктоўкі, якую традыцыйна пішуць у Міжнародны дзень роднай мовы, быў ягонага аўтарства. Імпрэза прайшла ў Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні, дзе 21 лютага таксама прагучала лекцыя аб праблемах беларускай мовы.
Мовазнаўца Вінцук Вячорка сказаў, што дакладная назва сьвята — Дзень матчынай мовы: так і ў многіх мовах сьвету, і беларусы сваю мову часта завуць менавіта матчынай.
«Нават калі гэтая мова да чалавека вярнулася праз пакаленьне і ёю зь ім гаварыла ня маці, а бабуля. Зрэшты, і тэрмін „родная мова“ пасуе нашай складанай моўнай сытуацыі: гэта мова твайго роду, сям’і — твая мова», — сказаў Вячорка і зазначыў, што выраз «матчына мова» цяжка перакласьці на расейскую.
Беларуская мова паўнавартасная і багатая, але сытуацыя зь яе ўжываньнем выклікае трывогу, лічыць Вінцук Вячорка. Нездарма ААН унесла беларускую мову ў своеасаблівую «чырвоную кнігу» — сьпіс моваў, якім пагражае зьнікненьне.
Мовазнаўца нагадаў сумную і беспрэцэдэнтную дынаміку: толькі за 10 гадоў (1999–2009) беларускую мову перасталі лічыць роднай 25% жыхароў краіны.
«І ўсё ж 67% рэальна валодаюць беларускаю моваю, што дае спадзеў на станоўчыя зьмены», — ня траціць аптымізму Вінцук Вячорка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР: У цяперашніх умовах прымусовай русыфікацыі вартасьць кожнага вымаўленага беларускага слова павялічваецца шматкроцьБыкаў: «Вынішчацца мова будзе за лічаныя гады»
21 лютага ў «Беларускім доме» таксама шмат гаварылі пра Васіля Быкава, праглядзелі фрагмэнты дакумэнтальнай стужкі пра народнага пісьменьніка Беларусі. Прыгадалі ягоныя папярэджаньні што да лёсу роднай мовы.
«Патрыёты мовы, дзеячы ТБМ выступалі за тое, каб „не перагнуць палку“, каб — „да канца стагодзьдзя“. І гэта ўвогуле правільна. Але вынішчацца яна будзе за лічаныя гады, калі не за месяцы», — казаў Васіль Быкаў пасьля рэфэрэндуму 1995 году, які пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай.
Пісьменьнік жыцьцё і творчасьць прысьвяціў змаганьню за матчыну мову і ніколі ёй ня здрадзіў, зазначыў Вінцук Вячорка. Пасьля гэтага пачалося напісаньне дыктоўкі, тэкст для якой сёлета падрыхтаваў журналіст Сяргей Навумчык паводле кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому».
Дыктавала тэкст Аліна Коўшык, прадстаўніца ў нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту, якая адмыслова прыехала на дыктоўку з Варшавы. У напісаньні паўдзельнічалі больш за 20 чалавек рознага ўзросту. Можна было пісаць або клясычным правапісам — тарашкевіцай, або «афіцыйным». Амаль усе беларусы, акрамя адной дзяўчыны, грамадзянкі ЗША Лібэ Катсэў, якая нядаўна пачала вывучаць беларускую.
Пасьля дзяўчына расказала, што гэта была яе першая беларуская дыктоўка. Калі ж Аліна Коўшык пасьля самаправеркі запытала ў аўдыторыі пра колькасьць памылак, выявілася, што з тэкстам Васіля Быкава большасьць справілася на «выдатна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС заявіў, што ўлады Беларусі ніколі не дзялілі людзей па моўным прынцыпе. А як насамрэч«Зернетка, якое трапіла ў беларускую глебу»
Любоў у Літву пераехала зь Берасьцейскай вобласьці. Яна шчыра прызналася, што ў дыктоўцы зрабіла дзьве памылкі, але не перажывае. Жанчына ахвотна расказала пра свае зносіны з роднай мовай.
«Мова — гэта частка мяне, частка маёй ідэнтычнасьці. Я пачала вучыцца ў 1992 годзе ў цалкам беларускай школе. Маім першым падручнікам быў беларускі буквар Клышкі. Памятаю той дзень — кветкі, першая настаўніца, нам выдалі беларускія кніжкі, мы былі такія шчасьлівыя! Праз чатыры гады частку прадметаў перавялі на расейскую мову, пачалася іншая гісторыя, але ведаеце што? Я — гэта якраз той выпадак, калі зернетка ўкінулі ў зямлю, потым яго закачалі ў асфальт, але час насьпеў — і яно ўзышло», — расказала жанчына.
Любоў зазначыла, што яе дзяды прыехалі ў Беларусь з Расеі, але яна лічыць сябе беларускай і стараецца дваім малым дзецям перадаць любоў да мовы.
«У Вільні нам не хапіла месцаў у беларускай гімназіі, але мы ходзім на дадатковыя заняткі ў беларускі гурток. І я за тое, каб у Беларусі наша мова была адзінай дзяржаўнай», — сказала яна.
Жанчыну падтрымала Вольга зь Менску.
«Дзяржаўнай мусіць быць толькі беларуская, а расейская — мова зносін», — мяркуе Вольга пра моўны статус у будучай Беларусі. У Вільні яна працуе ў гатэлі. Кажа, што ў яе навакольлі дамінуе літоўская мова, якую яна яшчэ толькі вучыць. Таму з калегамі размаўляе па-расейску, але зь сябрамі зь Беларусі — толькі на роднай мове. З дыктоўкай па тэксьце Быкава Вольга справілася лёгка. Яна філёляг, скончыла пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка, калі ўстанова была цалкам беларускамоўнай. Да пераезду ў Літву Вольга роднай мовай карысталася мала, але ў эміграцыі «вярнулася да каранёў».
«Мова — гэта мая сувязь з Радзімай, адчуваньне сябе беларускай, тое, што нас адрозьнівае ад іншых», — кажа Вольга.
Жанчына прызнаецца, што ў жыцьці сустракала дастаткова тых, хто ня любіць беларускай мовы ці яе цураецца, лічыць «сялянскай».
«Не прышчапілі ім любоў да мовы ў дзяцінстве», — кажа пра такіх суразмоўца. Адзначыла жанчына і новую для сябе тэндэнцыю: «Цяпер трапляюцца і тыя, хто баіцца ўжываць беларускія словы, каб не падумалі, што ён нядобра ставіцца да цяперашніх уладаў. Вось нават сёньня пачула пра такое ў тэлефоннай размове з чалавекам зь Беларусі».
Для ўратаваньня і разьвіцьця беларускай мовы жанчына прапануе пашыраць яе ўжытак.
«Прыкладам, узяць за правіла толькі родную мову выкарыстоўваць у сацсетках. Але асноўнае — каб дзеці ў школе вучыліся па-беларуску», — мяркуе жанчына.
Сёлетняя дыктоўка для Вольгі ня першая. Пазалетась яна брала ўдзел у дыктоўцы, якую праводзіла Сьвятлана Ціханоўская.
«Тады я была яшчэ ў Беларусі, дома. Уключыла інтэрнэт, узяла аркуш і напісала. Было цікава. Памятаю, што тэкст быў ад Караткевіча», — прыгадала Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў абвясьціў конкурс для маладых аўтараў«Кожны можа знайсьці варыянт, як пашыраць наш беларускі космас»
Пра першую сваю беларускую дыктоўку расказала і Аліна Коўшык. Вядомая беларуская актывістка пачала з прызнаньня, што мова — гэта яе душа і па-беларуску яна размаўляе заўсёды, а ня толькі дзеля справы ці зь сябрамі.
«Мая любоў да мовы пачалася з пачуцьця шчасьця», — прызналася Аліна і далей расказала пра тое, як з бацькамі пасьля вандровак па розных гарадах прыехала ў Горадню, на радзіму бацькоў.
«У школе я адразу трапіла на дыктоўку па-беларуску. Мне пасьпелі патлумачыць пра літару „ў“, але што ў беларускай мове няма літары „щ“, мне не сказалі. Таму ў слове „шчасьце“ я напісала расейскае „щ“ і атрымала 4. Але ўсё роўна я страшэнна ганарылася, што зрабіла ў дыктоўцы толькі адну памылку. Для мяне як для чалавека, які раней не вучыў беларускай мовы, гэта быў нейкі цуд. Я адчувала рэальнае шчасьце», — згадала Аліна.
Тым, хто пакуль не валодае беларускай мовай, але хоча гэтага дасягнуць, актывістка раіць засвойваць мову праз справы, якія прыносяць задавальненьне.
«Любіце музыку — пачніце слухаць беларускія гурты. Любіце кнігі — пачніце чытаць кнігі па-беларуску. Ня можаце абысьціся без навінаў — пераключыцеся на беларускамоўны сайт. У вас ёсьць дзеткі — чытайце ім кніжкі на матчынай мове. Любіце моду — купляйце адзеньне з надпісамі па-беларуску. Кожны можа знайсьці для сябе варыянт, як пашыраць наш беларускі космас», — падзялілася досьведам Аліна Коўшык.
Міжнародны Дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага ў памяць пра студэнтаў Банглядэш, якія ў гэты дзень у 1952 годзе выйшлі на дэманстрацыю ў абарону роднай бэнгальскай мовы і загінулі ад куляў паліцыі. Банглядэш тады была часткай Пакістану; падзеі, якія пачаліся з дэманстрацыі 21 лютага, прывялі да незалежнасьці краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АПК узнагародзіў Вячорку, Някляева, Смулкову, Сурвілу, Шупу і іншых за ўнёсак у захаваньне і папулярызацыю беларускай мовы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гадзіньнікавы завод «Луч» выпусьціў лімітаваную сэрыю да Дня роднай мовы