Беларускія праваабаронцы выступілі з заявай з нагоды сьмерці палітвязьня Ігара Ледніка, пятай па ліку за апошні час.
20 лютага 2024 году ў Менскай раённай лякарні памёр 63-гадовы палітвязень Ігар Леднік. Яго даставілі туды з бабруйскай калёніі, дзе адбываў пакараньне. Мэдыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але беспасьпяхова. Ігар Леднік меў 2-ю групу інваліднасьці праз хваробу сэрца, а таксама іншыя хранічныя захворваньні. У зьняволеньні стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму была зробленая апэрацыя на страўнікава-кішачным тракце.
25 траўня 2022 года Ігара Ледніка прызналі палітычным зьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго прыбралі ў турму, каб нікому не замінаў скаргамі». Што вядома пра барысаўскага палітвязьня Ігара Ледніка і яго сьмерцьПраваабарончая супольнасць Беларусі піша, што на гэты момант афіцыйная прычына сьмерці Ігара Ледніка ды іншыя абставіны з пэўнасьцю не вядомыя.
«Пэнітэнцыярная сыстэма чарговы раз паказала сваю суцэльную непразрыстасьць і закрытасьць ад грамадзтва, нават у пытаньнях жыцьця і сьмерці. Кожны дзень тысячы зьняволеных у беларускіх турмах пакутуюць праз парушэньні права на жыцьцё і права на ахову здароўя, гарантаваных як міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі, так і Канстытуцыяй».
Праваабаронцы паведамляюць аб адсутнасьці ў папраўчых установах належнага мэдычнага агляду, адпаведных умоў і абсталяваньня, кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу, а таксама аб рэгулярным не аказаньні мэдычнай дапамогі.
«Акрамя таго, утрыманьне некаторых палітвязьняў ва ўмовах incommunicado (бяз сувязі з роднымі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў здавальняючы стан іх здароўя і зьяўляецца недапушчальнай практыкай, якая парушае правы чалавека».
Праваабаронцы нагадваюць, што сьмерць Ігара Ледніка — пятая за апошні час сьмерць палітвязьня ў беларускіх папраўчых установах.
«У сувязі з чарговай сьмерцю палітычнага зьняволенага ў Беларусі мы нагадваем беларускім уладам аб міжнародных абавязаньнях у галіне правоў чалавека. Так, артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што „права на жыцьцё зьяўляецца неад’емным правам кожнага чалавека“. Артыкул 6 Пакту гарантуе гэтае права ўсім людзям, без аніякага адрозьненьня, уключна з асобамі, якія падазраюцца або асуджаныя ў сувязі з нават самымі цяжкімі злачынствамі. Права на жыцьцё ня можа быць рэалізаванае належным чынам пры ігнараваньні права зьняволеных на здароўе».
Праваабаронцы пішуць, што сытуацыя пагаршаецца практыкай адвольнага зьняволеньня: акрамя агульнага ігнараваньня меркаваньняў неабходнасьці і сувымернасьці пры вынясеньні прысудаў, судзьдзі часьцяком не прымаюць пад увагу стан здароўя абвінавачаных, прызначаюць сурʼёзныя санкцыі, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі, за «злачынствы», якія па сутнасьці зьяўляюцца рэалізацыяй правоў чалавека.
«У выніку ў беларускіх турмах апынаюцца людзі з уразьлівых сацыяльных груп, для якіх зьняволеньне — яшчэ большае выпрабаваньне, чым для іншых. Па стане на пачатак 2024 году, сярод палітвязьняў было ня менш за 48 пэнсіянэраў (у 2 разы больш, чым у 2022 годзе), а таксама ня менш за 42 чалавекі з інваліднасьцю і цяжкімі захворваньнямі.
Больш за тое, цалкам відавочна, што ўжо пятая сьмерць палітвязьня ў месцах пазбаўленьня волі за такі кароткі час ад неаказаньня належнай мэдычнай дапамогі зьяўляецца наступствам сыстэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжаньня зь людзьмі, заснаванага на палітычных матывах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У некалькіх гарадах Польшчы прайшлі акцыі памяці памерлага палітвязьня Ігара Ледніка. ФОТАПрадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці патрабуюць ад беларускіх уладаў:
- ад Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь — распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Ігара Ледніка, правесьці абʼектыўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне для высьвятленьня прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадзкасьць аб яго выніках;
- праінфармаваць грамадзкасьць аб выніках расьсьледаваньня сьмерцяў іншых палітычных зьняволеных у беларускіх турмах — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна і Вадзіма Храсько;
- зрабіць праверку па ўсіх выпадках парушэньня права на ахову здароўя ў месцах пазбаўленьня волі і прыняць адпаведныя меры для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці дзеля недапушчэньня падобных трагічных наступстваў у будучыні;
- забясьпечыць належную мэдычную дапамогу ў месцах пазбаўленьня волі, уключна з наяўнасьцю кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу і адпаведнага абсталяваньня;
- ад супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыцьцяўляюць прымусовую ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА ды інш.), ды іх кіраўніцтва выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных абавязаньняў у забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асоб, якія пазбаўлены волі і знаходзяцца ў ізаляцыі, апэратыўна рэагаваць на скаргі зьняволеных, зьвязаных са здароўем, прымаць тэрміновыя захады для іх разгляду.
Заяву падпісалі
- Беларускі Хэльсынскі камітэт
- Respect-Protect-Fulfill
- Офіс правоў людзей з інваліднасьцю
- «Прававая ініцыятыва»
- Lawtrend
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»
- Беларускі ПЭН
- Human Constanta
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава
- Фонд мэдычнай салідарнасьці Беларусі.