«Аднойчы стала вельмі сорамна»
Арцём працуе ў ІТ-сфэры, ён рэлякаваўся ў Польшчу два гады таму. Добра ведае ангельскую, на ёй размаўляе па працы. У звычайным жыцьці — па-расейску. Любіць вандраваць.
«Аднойчы мне стала вельмі сорамна, калі быў у Бэльгіі. З новымі сябрамі загаварылі пра мовы. Высьветлілася, іх у Бэльгіі некалькі: нідэрляндзкая, француская, нямецкая. А адзін мой сябар ведае нават флямандзкую. У агульнай размове я па-ангельску доўга тлумачыў, што Беларусь не Расея і што ў нас ёсьць свая мова. Бэльгійцы папрасілі, каб я пагаварыў па-беларуску, а я толкам і не магу!
Польскай я пакуль ня вывучыў, а на расейскай размаўляць сорамна, асабліва пасьля пачатку вайны. Вось цяпер паралельна вучу і польскую, і беларускую. Займаюся онлайн, пайшоў на базавы курс беларускай мовы. У групе ўсе астатнія — жанчыны, я адзін хлопец.
Дзякуй Богу, на беларускай мне ў Польшчы ёсьць з кім размаўляць. Сябар пастаянна папраўляе мае памылкі. Нібыта я яе ў школе вучыў, нават добрая адзнака была. Толькі цяпер зразумеў, што не такая гэта і лёгкая мова, шмат асаблівасьцяў. Але мне цікава», — кажа Арцём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Загаварыць па-беларуску можна за два тыдні». Беларуска зь Літвы 30 гадоў вучыць беларускай мове іншаземцаў«Я сабе паставіла за мэту перайсьці цалкам на беларускую»
Алена паўтара года таму пераехала ў Літву. Працуе ў буйной лягістычнай кампаніі, валодае ангельскай, вывучае літоўскую і беларускую. Як і Арцём, прызнаецца, што ня ведаць родную мову ёй стала сорамна.
«Я сабе паставіла за мэту — перайсьці цалкам на беларускую, але пакуль не змагла. Хоць скончыла і базавы курс, займалася добрасумленна цягам двух месяцаў.
Чаго я дасягнула: пазбавілася страху размаўляць, адказваю па-беларуску сваім беларускамоўным сябрам, больш зьвяртаюся і да небеларускамоўных па-беларуску. Іду далей да сваёй мэты. Крыху выдыхну, а праз пару месяцаў запішуся на паглыблены курс», — абяцае Алена.
І дадае, што вельмі прыемна было вучыцца ў кампаніі людзей, якія любяць беларускую, імкнуцца карыстацца ёй у жыцьці, не па прымусе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вывучыла беларускую, каб толькі ўразіць свайго беларуса». Украінка дае парады, як за 2 месяцы загаварыць па-беларуску«З розных куткоў сьвету, розных прафэсій»
Дызайнэрка Аліна ведала беларускую мову на ўзроўні, як і дазваляў падтрымаць размову, хоць у паўсядзённым жыцьці звычайна размаўляла па-расейску. А з замежнымі сябрамі і ў зносінах з афіцыйнымі структурамі ў краіне, дзе жыве цяпер, карыстаецца ангельскай. Прыйшла да высновы, што трэба падтрымліваць сваю беларускую, каб не забыцца. Яна раіць усім, хто вучыць беларускую мову, чытаць і размаўляць. Калі чытаць можна самастойна, то для размовы патрэбны суразмоўцы.
«Я падумала, што рабіць гэта лепш у суполцы, дзе ўсе маюць падобныя мэты. Знайшла такія заняткі онлайн, якія мне падабаюцца.
Я ў захапленьні ад іншых студэнтаў: якія ж у нас файныя беларусікі, сабраліся з розных куткоў сьвету, розных прафэсій, каб удасканаліць сваё маўленьне! Падабаецца сама структура інтэрактыўных заняткаў: маўчаць дакладна не атрымаецца, як і „адкасіць“ ад дамашняга заданьня.
Дзьве гадзіны на тыдзень — гэта жывыя размовы на пэўную тэму ў малых групах. Штодзень — крэатыўнае заданьне. Павялічыць слоўнікавы запас дапамагае слова дня. Яго можна ўзбагаціць прыкладна дзесяцьцю словамі, якія прапануюць у чаце іншыя. Кожны дзень можна рабіць маленькія крокі і паглыбляцца яшчэ больш у беларускую мовай і ўлюбляцца ў яе», — разважае Аліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС заявіў, што ўлады Беларусі ніколі не дзялілі людзей па моўным прынцыпе. А як насамрэчПатрэба захаваць у сабе беларуса
Выкладчыца Вольга (поўнае імя яна просіць не называць зь меркаваньняў бясьпекі. — РС), калі толькі задумвалася арганізаваць цікавыя заняткі для дарослых, не чакала, што яе курсы стануць настолькі запатрабаваныя. Кажа, што ўвосень месцы ў некаторыя групы разьляцеліся літаральна за 2-3 дні.
Вольга распрацавала адмысловыя базавы і паглыблены курсы. Базавы курс — калі людзі яшчэ не размаўляюць; баяцца пачаць размаўляць; хочуць пачаць з побытавай лексыкі; зусім ня памятаюць правілаў граматыкі альбо маюць вельмі цьмянае ўяўленьне.
Паглыблены — для тых, хто хоча ўдасканаліць свае веды, узбагаціць слоўнікавы запас; для людзей, якія цікавяцца моўнымі тэндэнцыямі і трэндамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаў гаварыць у сьне па-беларуску». Як праз вайну і рэвалюцыю людзі пераходзяць на беларускую мову«Я ніколі не пыталася ў сваіх вучняў, чаму яны раней ня вывучылі мову. У школе вучылі, але, мабыць, актыўна не размаўлялі. А мова — гэта ня тое, што раз вывучыш — і на ўсё жыцьцё. Трэба заўжды маўленчая практыка, кола суразмоўцаў, іначай усё забываецца, расьце моўны бар’ер.
Ёсьць на занятках тыя, хто ў Беларусі ці за мяжой перайшоў на беларускую два-тры гады таму, ёсьць і тыя, хто не перайшоў, але заняткі ім дапамагаюць хаця б раз на тыдзень размаўляць па-беларуску. Матывацыя тут — акурат мець кола, у якім можна размаўляць і абмяркоўваць нешта цікавае, разьвіваць лексычны запас, успамінаць правілы. Адчуваць, што ты не адзін», — разважае выкладчыца.
За які тэрмін можна вывучыць беларускую мову? Суразмоўца кажа, што шмат што залежыць ад індывідуальных здольнасьцяў. А таксама ад школьнай базы. Некаторыя могуць пачаць размаўляць празь месяц-два пасьля актыўных заняткаў.
«А тым, каму ў школе не пашанцавала з настаўніцай, можа, і паловы года недастаткова для ўпэўненага авалоданьня.
Стараюся рабіць інтэрактыўныя, цікавыя, сяброўскія, утульныя заняткі, але пры гэтым даволі насычаныя ня толькі лексыкай, але і граматыкай. Самае галоўнае, што кожны з удзельнікаў мне настолькі дарагі, што пасьля двух месяцаў мне вельмі цяжка разьвітвацца зь людзьмі. Буду прыдумляць далей нешта цікавае. Для выпускнікаў базавага курсу — паглыблены, а для паглыбленага — нешта новае, але ня менш захапляльнае.
Цяпер адчуваецца патрэба захаваць у сабе беларуса. Гэта актуальна і для беларусаў, якія выехалі, і для тых, хто застаецца ў Беларусі. І мова — гэта моцны стрыжань, за які можна зачапіцца і ня страціць сябе», — перакананая выкладчыца Вольга, якая дапамагае дарослым авалодаць роднай мовай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Дня роднай мовы — інтрыгоўныя пытаньні пра беларускую мову. ТЭСТ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па-беларуску пра Японію і сямейны блог пра Эўропу. Расказваем гісторыі беларускіх трэвэл-блогераў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы былі то ахвярамі, то героямі, цяпер зрабіліся памагатымі Пуціна». Размова з Бахарэвічам пра стэрэатыпы, небясьпеку кніг і шанец Беларусі