«16.02.2024 году ў папраўчай калёніі № 3 асуджаны Навальны А.А. пасьля прагулкі адчуў сябе дрэнна, практычна адразу страціўшы прытомнасьць. Неадкладна прыбылі мэдычныя работнікі ўстановы, была выклікана брыгада хуткай мэдычнай дапамогі. Праведзены ўсе неабходныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія станоўчых вынікаў не далі. Лекары хуткай мэдычнай дапамогі канстатавалі сьмерць асуджанага»,— гаворыцца ў паведамленьні Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі.
Блізкі да расейскіх сілавікоў тэлеграм-канал «112» паведаміў, што прычынай сьмерці апазыцыянэра нібыта стаў тромб, які адарваўся.
Мэдыкі больш за паўгадзіны спрабавалі рэанімаваць Навальнага, пра гэта паведамілі «Інтэрфаксу» ў Лабытнангскай гарадзкой бальніцы.
«Час брыгады хуткай у дарозе заняў менш за сем хвілін. На тэрыторыю калёніі да пацыента мэдыкі трапілі за дзьве хвіліны. Мэдыкі, якія прыбылі на месца, працягнулі рэанімацыйныя захады, якія ўжо аказвалі мэдыкі калёніі. І праводзілі іх больш за паўгадзіны. Аднак пацыент памёр», — адзначылі ў бальніцы.
Палітвязьню Аляксею Навальнаму 47 гадоў. На хваробы ён ня скардзіўся.
Сумневы ў тым, што прычынай сьмерці Навальнага стаў тромб, які адарваўся, выказаў у інтэрвію «Медузе» рэаніматоляг Аляксандар Палупан. Ён уваходзіў у кансіліюм, які працаваў з Навальным у Омску пасьля атручваньня.
«Зразумела, што стан здароўя ў яго быў дрэнны – як і ў любога чалавека, які будзе зьмешчаны ў такія ўмовы. Але мне чамусьці здаецца, што гэта малаімаверная прычына натуральнай сьмерці.
Па-першае, яны адразу сталі пісаць пра тромб, які адарваўся – а пра гэта немагчыма сказаць без ускрыцьця.
У Аляксея не было ніякіх аб'ектыўных рызыкаў тромбаэмбаліі – захворваньняў вен ніжніх канцавінаў, тромбафіліі, трамбозу і гэтак далей.
Ці можна замаскіраваць забойства пад тромбаэмбалію? Калі правесьці сумленнае ўскрыцьцё, то тромб павінна быць відаць. Не можа быць дыягназу «тромбаэмбаліі» без знойдзенага тромбу, які адарваўся. Але яны могуць зрабіць усё што заўгодна – сфальсыфікаваць пратакол ускрыцьця. І ніхто нічога не зможа праверыць» – заявіў у інтэрвію «Медузе» доктар Палупан.
Адмысловы этэр тэлеканалу «Настоящее время» з нагоды паведамленьня пра сьмерць Навальнага:
Адвакат Аляксея Навальнага Леанід Салаўёў заявіў расейскай «Новой газете»:
«Па рашэньні сям’і Аляксея Навальнага я ўвогуле нічога не камэнтую. Цяпер разьбіраемся. Адвакат у Аляксея быў у сераду. Усё тады было нармальна».
Маці палітвязьня Людміла Навальная пракамэнтавала весткі пра раптоўную сьмерць сына ў расейскай калёніі
«Не хачу чуць ніякіх спачуваньняў. Бачылі сына ў калёніі 12 лютага, былі на спатканьні. Быў жывы, здаровы, жыцьцярадасны», – сказала Людміла Навальная, якую цытуе ВВС.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Пуціну далажылі пра сьмерць Навальнага.
«Наколькі мы ведаем, цяпер у адпаведнасьці з усімі дзеючымі правіламі ФСВП займаецца ўсімі праверкамі і высьвятленьнямі, і гэтак далей. Ужо нейкіх не патрабуецца даручэньняў, таму што наконт гэтага ёсьць пэўны збор правілаў, якім цяпер ФСВП кіруецца», — сказаў Пяскоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галгофа Аляксея НавальнагаРасейскія СМІ распаўсюджваюць відэакадры з удзелам апазыцыянэра, зробленыя за дзень да яго сьмерці — 15 лютага. На іх Навальны дыстанцыйна ўдзельнічае ў паседжаньні суду па адной зь ягоных спраў. Ён размаўляе з судзьдзём, задае яму пытаньні і іранічна рэагуе на зьмест справы.
Відэа Аляксея Навальнага ад 15 лютага 2023 на паседжаньні Каўроўскага суду Расеі празь відэасувязь з Харпа:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя рэакцыі на сьмерць Навальнага: «Мы ашаломленыя»Хто такі Аляксей Навальны
Аляксей Навальны — адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі, стваральнік Фонду барацьбы з карупцыяй, вядомага шматлікімі выкрыцьцямі ўлады Ўладзіміра Пуціна, аўтар праекту «разумнага галасаваньня» і іншых апазыцыйных праектаў. Палітвязень.
- Лідэру расейскай апазыцыі Аляксею Навальнаму было 47 гадоў. Апошнія тры ён правёў за кратамі. У месцах пазбаўленьня волі Навальны знаходзіўся са студзеня 2021 году, калі вярнуўся ў Расею зь Нямеччыны, дзе праходзіў лячэньне пасьля меркаванага атручваньня расейскімі спэцслужбамі. Расказваем, што папярэднічала ягонай сьмерці.
- Затрымалі Аляксея Навальнага ў маскоўскім аэрапорце адразу пасьля вяртаньня з Бэрліну. Празь некалькі дзён ранейшы ўмоўны тэрмін, атрыманы па справе «Іў Рашэ», яму замянілі на рэальны. За кратамі палітык павінен быў правесьці 2 гады і 8 месяцаў. Аднак у сакавіку 2022 году Навальнаму прысудзілі яшчэ 9 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы ў махлярстве. А ў жніўні 2023-га — яшчэ 19 за «стварэньне экстрэмісцкай арганізацыі і фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
- Пасьля арышту ў студзені 2021 году Аляксея Навальнага трымалі ў некалькіх розных турмах і калёніях эўрапейскай часткі Расеі, аднак у сьнежні 2023 году перавялі ў калёнію асаблівага рэжыму ў Ямала-Ненецкай акрузе, на поўначы краіны. Перад гэтым праваабаронцы і паплечнікі некалькі тыдняў нічога ня ведалі пра ягоны лёс.
- У жніўні 2023 году яго асудзілі на 19 гадоў калёніі асаблівага рэжыму па справе аб арганізацыі экстрэмісцкай суполкі. Спачатку палітык знаходзіўся ў папраўчай калёніі № 6 ва Ўладзімірскай вобласьці. У сярэдзіне сьнежня 2023 году Навальнага перавялі ў калёнію «Палярны воўк» у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі.
- Пра праблемы са здароўем Навальнага яго паплечнікі і праваабаронцы паведамлялі неаднаразова. Ужо празь месяц пасьля арышту паплечнікі апазіцыянэра распаўсюдзілі інфармацыю, што ў яго пэрыядычныя моцныя болі ў сьпіне і адымаецца нага. Яны таксама запатрабавалі дапусьціць да Навальнага незалежнага лекара, аднак у Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў заявілі, што стан ягонага здароўя здавальняючы. У турэмную лякарню Навальнага перавялі, толькі калі ён абвясьціў галадоўку.
- Паведамленьні аб праблемах са здароўем у Аляксея Навальнага зьяўляліся і пазьней. У студзені 2023 году, напрыклад, яго адвакат расказваў пра ліхаманку і праблемы з страўнікам у Навальнага. А таксама пра тое, што ягоны падабаронны схуднеў на 7 кіляграмаў, а лечаць яго вялікімі дозамі антыбіётыку. Зь верасьня 2023 году Аляксея Навальнага зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Агулам з больш як трох гадоў за кратамі Навальны правёў у ПКТ больш за 300 дзён.