Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў Менску заявіў пра затрыманьне дывэрсантаў і пра тое, як «усе жадаюць Расеі прайграць у вайне з Украінай».
«Вы бачыце, што адбываецца вакол. Але, прабачце мяне, вы яшчэ ня ўсё ведаеце. Скажу вам асноўнае, не канкрэтызуючы. Хутка мы вам даложым па ўсіх гэтых пытаньнях. Сёньня ўсе жадаюць на Захадзе, і ў авангардзе нашы беларускія беглыя (датычна Беларусі), паражэньня Расеі ў вайне з Украінай», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Лукашэнка сказаў, што затрыманьне адбылося нібыта раніцай 16 лютага на ўкраінскай мяжы.
«З дапамогай дронаў па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу мяжу, перакідвалі выбухоўку для зьдзяйсьненьня дывэрсій, перш за ўсё на тэрыторыі Расеі і Беларусі. Толькі што скончылася контратэрарыстычная апэрацыя, якую вы нават не заўважылі. І добра. Гэта ня ваша справа. Вы павінны спакойна працаваць, рабіць сваю працу. Толькі што чэкісцкая ваенная апэрацыя завяршылася. Затрымалі ўсіх дывэрсантаў. А сярод іх беларусы», — удакладніў ён.
Паводле яго слоў, такія затрыманьні адбываюцца «практычна два-тры разы на тыдзень».
Аляксандар Лукашэнка на агульным сходзе Белкаапсаюзу таксама агучыў цытату зь нібыта размовы прадстаўнікоў апазыцыі з заходнімі палітыкамі: «Польшча мае права на заходнія землі Беларусі. А ў выпадку паражэньня Расеі Беларусь будзе прырастаць за кошт заходніх зямель Расеі».
«Чытай, нам прырэжуць нешта з Смаленскай, Бранскай, магчыма, Пскоўскай абласьцей. А заходнюю Беларусь мы павінны (да Менску, як вы ведаеце, мяжа была) аддаць Польшчы. Гэта новыя „дэмакратычныя ўлады вядуць перамовы“ на Захадзе», — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым «дэмакратычныя ўлады вядуць перамовы» ён сказаў менавіта па-беларуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску судзяць украінца, якога абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Украіны«Хто з вас можа з гэтым пагадзіцца? Можа, нехта і можа, але я — ні ў якім выпадку. Мы будзем змагацца да апошняга за нашыя землі. Тым больш мы ж нікому праблем не ствараем. Мы не прэтэндуем ні на Вільню, ні на Беласточчыну, ні на расейскія, ні на ўкраінскія землі. Нам дастаткова таго, што гістарычна нам дасталася. Гэта нашыя беларускія землі», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомельскім абласным судзе пачынаецца суд над украінкай Натальляй Захаранкай, якую вінавацяць у шпіянажы15 лютага раённая газэта «Светлае жыццё» паведаміла, што ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай увялі рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі».
Ва Ўкраіне заявілі, што ў сувязі з гэтай апэрацыяй не заўважылі на беларускай тэрыторыі каля ўкраінскай мяжы нейкай актыўнасьці.