Амэрыканская паліцыянтка, народжаная ў Беларусі
У канцы студзеня ў ЗША забілі паліцэйскага сабаку зь мянушкай Нікс, гэта адбылося падчас службовага заданьня. Афіцэр з сабакам паехалі на выклік аб хатнім гвалце. Падазраваны ўцёк, а падчас пагоні тройчы стрэліў у чатырохлапую паліцыянтку. Сука неўзабаве сканала, зьбеглага мужчыну затрымалі. Як паведамілі ў паліцыі, Нікс нарадзілася ў Беларусі.
У аддзеле паліцыі горада Рокфард штату Ілінойс Свабодзе пацьвердзілі сапраўднасьць гісторыі. Прадстаўнік паліцыі Мішэль Маркомб прыслаў нэкралёг, напісаны ў памяць пра Нікс. Па словах Мішэля Маркомба, афіцэр Джон Варгас, які служыў разам зь ёй, пакуль ня можа даваць інтэрвію.
«Мы ўсё яшчэ перажываем сьмерць Нікс», — адказалі Свабодзе ў паліцыі. Расказваем, што вядома пра сабаку і ейнага гаспадара.
Нікс мела зьмяшаную кроў — сумесь бэльгійскай пароды малінуа і нямецкай аўчаркі. Вядома, што яна нарадзілася 7 жніўня 2016 году, паходзіла зь Беларусі. Першыя гаспадары добра яе натрэнавалі сабачым уменьням. Неўзабаве Нікс прадалі ў ЗША, аднак падрабязнасьці гэтага невядомыя, гаворыцца ў апісаньні жыцьця Нікс, якое распаўсюдзілі пасьля яе гібелі.
Сярод месцаў, дзе разводзяць бэльгійскіх аўчарак малінуа ў Беларусі, ёсьць Барысаўскі аддзел дэпартамэнта аховы МУС РБ. Бэльгійскія аўчаркі таксама служаць у беларускай сілавой сыстэме, праўда, радзей, чым нямецкія. Паводле аднаго з кінолягаў амсьціслаўскага аддзяленьня Дэпартамэнту аховы, яны навучаюцца лягчэй за нямецкіх аўчарак і больш спрытныя.
У 2018 годзе амэрыканскаму паліцыянту Джону Варгасу вельмі спатрэбіўся добра навучаны сабака. Афіцэр тады вучыўся ў кіналягічнай школе ў штаце Ілінойс, аднак рызыкаваў яе ня скончыць, бо на той момант мусіў адмовіцца ўжо ад двух сабак. Ён прызнаваў, што яны непрыдатныя для навучаньня.
Калі Варгас зьбіраўся вяртаць другога сабаку заводчыку, ягонаму кіраўніку патэлефанавалі і паведамілі, што патрэбны сабака знайшоўся. Гэта была сука, што нячаста сустракаецца сярод паліцэйскіх сабак.
Варгас разам з двума калегамі адправіліся за 300 кілямэтраў, каб паглядзець на гадаванца. Уласьнік сабакі вывеў ім «лютую, энэргічную і мэтанакіраваную сумесь бэльгійскага малінуа і аўчаркі». Адзін з афіцэраў выпрабаваў Нікс на тое, што яна ведае і ўмее. Нікс ім падыходзіла.
«Ейны павадок перадалі афіцэру Варгасу і сказалі: „Што ж, вяртайся ў школу і закончы яе“», — так успамінаюць сустрэчу Нікс і Джона Варгаса.
Дзякуючы Нікс Варгас вярнуўся пасьля перапынку ў кіналягічную школу і празь некалькі месяцаў скончыў яе адначасова зь іншымі навучэнцамі, быццам і не рабіў перапынку. Адзінае, з чым трэба было папрацаваць, дык гэта з асаблівасьцямі характару Нікс.
«Girl power»
Пасьля вучобы Нікс разам з Джонам Варгасам паступілі на службу ў аддзел паліцыі гораду Рокфард штату Ілінойс. Колькасьцю насельніцтва (каля 150 тысяч чалавек) ён блізкі да Барысава. Нікс стала першай сукай, якая прыйшла на службу ў паліцыю ў гэтым горадзе.
Інтэрнэт-карыстальнікі адрэагавалі на навіну пра новых службоўцаў у сацсетках. Хтосьці зьдзівіўся, што ўзялі на службу суку. Іншыя, наадварот, адзначалі, што сучкі маюць лепшы нюх, яны больш сканцэнтраваныя на працы, меншыя памерам і таму менш палохаюць людзей. Адна з чытачак падсумавала гэта сьцісла: «Girl power». Ужо тады людзі цікавіліся, ці Нікс выдадуць ахоўную камізэльку. Большасьць зычыла напарнікам «берагчы сябе».
Поўная службовая мянушка сабакі гучала як «K9 Нікс Варгас», дзе ўласным імем было «Нікс». Скаротам «К9» азначаюць паліцэйскіх сабак у ЗША, а таксама кіналягічныя аддзяленьні паліцыі. «Варгас» чатырохлапая афіцэрка ўзяла ад свайго напарніка Джона.
Нікс і Варгас траплялі ў сюжэт мэдыя ў 2019 годзе. Відэа, як Нікс выконвае трукі, можна паглядзець вось тут.
«Аддала жыцьцё, выконваючы працу»
Трагедыя здарылася сёлета 28 студзеня. У нядзелю днём паліцыю выклікалі на сытуацыю, зьвязаную з хатнім гвалтам. На выклік паехалі Джон Варгас і Нікс. Чалавек па імені Малік Тротэр пасварыўся зь дзяўчынай і пасьпеў уцячы з кватэры разам зь ейным тэлефонам. Партнэрка адсачыла ягонае месцазнаходжаньне. Паліцэйскі і сабака пасьпяшаліся за падазраваным, пераскочылі цераз плот, каб яго схапіць.
Паводле папярэдняй вэрсіі, падазраваны тройчы стрэліў у сабаку, а таксама страляў у паліцыянта. Варгас пацэліў Тротэру ў нагу. Таго затрымалі і даставілі ў шпіталь. Нікс жа неўзабаве сканала ад ранаў. Ёй было сем гадоў.
У Ілінойсе за забойства паліцэйскага сабакі караюць пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Тэрмін могуць падоўжыць да 10 гадоў.
«Гэтыя жывёлы становяцца вашымі партнэрамі. Яны становяцца часткай сям’і, яны становяцца вашымі найлепшымі сябрамі. Вы так моцна разьлічваеце на іх цягам дня. Яны абараняюць вас», — сказаў намесьнік начальніка паліцыі штату Арэгон Мэт’ю Калнінс, калі выказваў спачуваньне калегам у сувязі са сьмерцю сабакі.
«Яна аддала сваё жыцьцё, выконваючы сваю працу», — адзначыла прэзыдэнт рады сяброў Рокфардзкай паліцыі К-9 Кэці Гансэн.
Дэпартамэнт паліцыі ў Рокфардзе паставіў фатаздымак Нікс на вокладку сваёй старонкі ў сацыяльных сетках.
У суботу 17 лютага прыхільнікі Нікс робяць памінальную сустрэчу ў памяць пра чатырохлапую паліцыянтку ў горадзе Рокфард. Пастар нават адправіць набажэнства ў царкве. Адтуль будзе ісьці жывая трансьляцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жывёлы дапамагаюць перажыць крызісы і дэпрэсію». Як беларуска пакінула дома каня і дрэсуе за мяжой сабакАхвотныя могуць расьпісацца ў кнізе памяці, пакінуць паштоўкі са спачуваньнямі, зрабіць ахвяраваньне рытуальнай службе, якая зоймецца целам загінулага сабакі, або таварыству сяброў паліцыі Рокфарду. Можна таксама падзяліцца ўспамінамі пра Нікс на інтэрнэт-старонцы, прысьвечанай ёй. У спачуваньнях людзі называюць Нікс афіцэрам, а таксама дасылаюць фота зь ёй.
«Я мела гонар пазнаёміцца з афіцэрам K9 Нікс і яе партнэрам афіцэрам Варгасам, калі вучылася ў Цывільнай паліцэйскай акадэміі. Яна была прыгожым сабакам, і было відаць, наколькі яны адданыя адно аднаму. Маё сэрца з падразьдзяленьнем K9 паліцыі Рокфарда і асабліва з афіцэрам Варгасам і ягонай сям’ёй у сувязі з гэтай трагічнай стратай афіцэра K9 Нікс. Яе заўсёды будуць памятаць», — напісала ва ўспамінах Гейл Пікерынг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жывёлы ў выгнаньні». Кранальны праект пра ўзьяднаньне хатніх гадаванцаў з гаспадарамі-ўцекачамі