Аўстрыйская група Raiffeisen Bank International (RBI) хоча сысьці зь Беларусі і вядзе перамовы аб продажы сваёй долі ў беларускім «Прыёрбанку» і яго даччыных кампаніях, паведаміла 14 лютага прэс-служба «Прыёрбанку».
«Raiffeisen Bank International AG (RBI) знаходзіцца на прасунутай стадыі перамоваў аб продажы 87,74% сваіх акцый у ААТ „Прыёрбанк“ і яго даччыных кампаніях інвэстару з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Soven 1 Holding Limited, што можа прывесьці да патэнцыйнага сыходу RBI зь беларускага рынку», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аўстрыйская група чакае, што пагадненьне можа прывесьці да стратаў каля 225 мільёнаў эўра ў сувязі з розьніцай паміж коштам куплі і балянсавым коштам капіталу беларускага «Прыёрбанку».
«Прыёрбанк» у Беларусі ўваходзіць у лік сыстэмна значных банкаў — найбуйнейшых крэдытных арганізацый краіны, устойлівасьць фінансавага стану якіх уплывае на банкаўскую сыстэму ў цэлым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Raiffeisen Bank страціла 84 мільёны эўра праз дэвальвацыю беларускага рубля- У справаздачы за 2023 год групы кампаній RBI паведамлялася, што яе актывы ў Беларусі ўпалі на 9,1% — яны крыху не дацягваюць да 2,5 млрд эўра.
- Летась у Беларусі закрылі шэраг офісаў «Прыёрбанку».
- У красавіку 2023 году паведамлялі, што «Прыёрбанк» можа перайсьці пад крыло расейскага «Ашчадбанку». Як сьцьвярджалі СМІ, RBI абмяркоўвала магчымы абмен сваёй даччынай крэдытнай арганізацыі «Райффайзенбанк» у РФ на эўрапейскія актывы расейскага банку. Пазьней у «Прыёрбанку» заявілі, што ніякіх камунікацый з Raiffeisen Bank International наконт гэтага ў беларускага банку не было.