Кабінэт міністраў Украіны пастанавіў выйсьці з дамовы СНД пра прынцыпы і парадак выкананьня вайсковых перавозак, падпісанай 15 траўня 1992 году ў Ташкенце (Узбэкістан).
Міністэрства замежных спраў Украіны мусіць паінфармаваць аб гэтым рашэньні ўрад Беларусі, архіў якога зьяўляецца дэпазытарыем гэтай дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея будзе губляць вайсковы ўплыў на постсавецкія дзяржавыШто прадугледжвала дамова
Дамова рэглямэнтавала транспартаваньне вайсковых грузаў чыгуначным, паветраным, марскім, рачным і аўтамабільным транспартам краін СНД.
Апроч таго, пры неабходнасьці краіны надавалі свой транспарт і абавязаныя былі забясьпечваць сродкамі сувязі, а таксама прыладамі і абсталяваньнем.
Да 2024 году ўдзельнікамі гэтай дамовы былі 11 дзяржаў: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Малдова, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан і Ўкраіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ў краінах АДКБ кажуць пра высылку салдат у Казахстан для здушэньня пратэстаўЧаму гэта важна
Расея ў некалькіх рэгіёнах колішняга Савецкага Саюзу ўтрымлівае так званыя міратворчыя сілы, а таксама пэрыядычна праводзіць супольныя вучэньні ў межах АДКБ.
Падпісаная дамова дазваляла бесьперашкодна перавозіць вайсковую тэхніку і сілы для супольных вайсковых вучэньняў, а таксама для ратацыі расейскіх міратворчых падразьдзелаў, што знаходзіліся ў Нагорным Карабаху, у Таджыкістане, на тэрыторыі Грузіі ў Паўднёвай Асэтыі і ў Абхазіі, а таксама на тэрыторыі Малдовы ў Прыднястроўі.
У прыватнасьці, праз Украіну ажыцьцяўлялася ратацыя расейскіх войскаў у Прыднястроўі.
Пасьля ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Малдова закрыла сваю паветраную прастору для расейскіх вайсковых грузаў. Праз Украіну гэта таксама стала немагчымым — украінскія ўлады закрылі сваю паветраную прастору, увялі ваеннае становішча і цалкам спынілі супрацу з Расеяй.
Расея ажыцьцяўляла ратацыю сваіх войскаў у Прыднястроўі кожны год у кастрычніку. Апошняя ратацыя адбылася ў кастрычніку 2021 году.
Некаторыя ўкраінскія вайсковыя экспэрты сьцьвярджалі, што Расея спрабавала праводзіць ратацыю сваіх вайскоўцаў у Малдове праз эўрапейскія краіны пад выглядам турыстаў, а запчасткі для вайсковай тэхнікі, якія можна было пастаўляць пад выглядам тавараў падвойнага прызначэньня, накіроўвалі нібыта ў межах адмысловага эканамічнага дагавору з Малдовай.
Пры апошняй афіцыйнай спробе Расеі правесьці ратацыю праз Малдову ў канцы 2022 году Кішынёў забараніў уезд на малдоўскую тэрыторыю шэрагу расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле іх, прадстаўлялі Апэратыўную групоўку расейскіх войскаў. Улады Малдовы лічаць незаконным яе знаходжаньне ў Прыднястроўі. Тады праблему ратацыі ўдалося часткова вырашыць пры дапамозе прызыву на службу расейскіх грамадзян, якія жывуць у Прыднястроўі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты знайшлі сакрэтны крамлёўскі дакумэнт аб захопе Малдовы і адкрыцьці другога фронту ў Прыднястроўі