Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «жахлівай і небясьпечнай» заяву Дональда Трампа аб намеры не абараняць краіны NATO, якія не выконваюць свае абавязкі па фінансаваньні арганізацыі.
«ЗША плячо ў плячо з нашымі хаўрусьнікамі стварылі альянс NATO, які стаў больш і мацней, чым калі-небудзь, і стаіць на абароне дэмакратыі супраць аўтарытарнай агрэсіі Ўладзіміра Пуціна», — заявіў Джо Байдэн 11 лютага, паведаміў «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт ЗША дадаў, што лідэрства Амэрыкі ў сьвеце і падтрымка хаўрусьнікаў мае вырашальнае значэньне для бясьпекі амэрыканскага народу.
«Неабдуманыя выказваньні аб бясьпецы NATO і салідарнасьці вакол Артыкула 5 служаць толькі інтарэсам Пуціна», — працытавала агенцтва Reuters заяву старшыні Эўрапейскай рады Шарля Мішэля.
Дональд Трамп дадаткова не камэнтаваў свае выказваньні.
Выступаючы перад выбарнікамі, экс-прэзыдэнт ЗША і найбольш імаверны кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на новыя выбары працытаваў нібыта пытаньне прэзыдэнта неназванай «вялікай краіны»: «Сэр, калі мы не заплацім і на нас нападзе Расея, Вы нас абароніце?»
«Не, я б вас не абараняў. Насамрэч, я б заклікаў іх рабіць усё, што яны хочуць. Вы павінны заплаціць», — сказаў Трамп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што будзе заахвочваць Расею атакаваць членаў NATO, якія ня робяць абаронных выплатаўЗаявы Трампа прагучалі на фоне таго, як ЗША ўжо некалькі месяцаў ня могуць дамовіцца аб выдзяленьні Ўкраіне 61 мільярда даляраў з-за супраціўленьня рэспубліканцаў у Кангрэсе. 7 лютага Сэнат ЗША ня змог прагаласаваць за законапраект аб узмацненьні міграцыйнай палітыкі, які таксама прадугледжваў дадатковыя сродкі для Ўкраіны, Ізраіля і Тайваня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO адрэагаваў на пагрозы ТрампаКраіны NATO пагадзіліся ў 2014 годзе, што да 2024 году будуць выдаткоўваць мінімальна па 2 працэнты ВУП на абарону. Шмат якія з эўрапейскіх краінаў дагэтуль не дасягнулі гэтага паказьніку.
Паводле артыкулу 5 Статуту NATO, напад на любую краіну альянсу лічыцца нападам на NATO і мае прывесьці да калектыўных абарончых дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп перамог на кокусах рэспубліканцаў у штаце Нэвада