І галоўная мараль адна: большасьць войнаў пачынаюцца без паважнай прычыны, на пустым месцы, зь бязглуздымі матывацыямі, за якія, аднак, вымушаныя па-сапраўднаму паміраць людзі.
Першая Ўсясьветная вайна пачалася, калі Нямеччына, Аўстрыя, Брытанія, Расея былі на піку сваёй эканамічнай і палітычнай магутнасьці. Аўстра-Вугоршчына была шматнацыянальнай і даволі талерантнай кантынэнтальнай імпэрыяй, Расея — магутнай краінай-кантынэнтам ад Фінляндыі да Паміру з гіганцкім патэнцыялам і пэрспэктывамі. Нямеччына лічылася новай эўрапейскай супэрсілай, інтэлектуальнай і заможнай. Тагачасная Брытанія — глябальная імпэрыя, над якой не заходзіць сонца, крыніца ведаў і перадавых думак. За што яны ваявалі? Што ім прынесла тая вайна, акрамя разбурэньня і мільёнаў ахвяраў?
Другая Ўсясьветная вайна пачалася, калі Нямеччына паднялася пасьля прыніжальнага Вэрсальскага міру, адрадзілася як эканамічная, вайсковая супэрсіла, а СССР устаў на ногі пасьля грамадзянскай вайны і крывавай перакоўкі бальшавікамі аграрнай эканомікі былой Расеі. Вынікам — шматмільённыя жахлівыя ахвяры, фактычнае зьнішчэньне цэлых народаў і культураў на эўрапейскім кантынэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін расказаў сваю вэрсію гісторыі ВКЛ і сказаў, што бацька Зяленскага ваяваў супраць фашызму, хоць той нарадзіўся пасьля вайныНа Ўкраіну Пуцін напаў у 2014 годзе, калі Расея была на ўзьлёце, аблюбаваная інвэстарамі, прыцягальная, залітая грашыма ад сваіх прыродных рэсурсаў. І ўсё гэта было перакрэсьлена, зьнішчана з-за геапалітычных і гістарычных фантазій аднаго славалюбівага і ня надта адукаванага чалавека, якога лёс вынес на вяршыню ўлады. Менавіта гэтыя фантазіі і комплексы Пуцін дэманструе цягам усяго інтэрвію Карлсану — і нічога іншага.
«Мая першасная выснова — Карлсан безнадзейны інтэрвіюер, а Пуцін зьехаў з глузду», — нязвыкла простым тэкстам напісаў у твітэры выкшталцоны і рафінаваны галоўны вонкавапалітычны аглядальнік Financial Times, камэнтуючы інтэрвію. Цяжка не пагадзіцца.
Расея зьнішчана як сучасная рынкавая паважаная дзяржава, якой яна з агаворкамі яшчэ магла лічыцца ў 2014 годзе. Украіне — і без таго беднай, карумпаванай і выміраючай — нанесены гіганцкі дадатковы ўдар па дэмаграфіі, інфраструктуры, эканоміцы. І адрадзіцца яна зможа толькі дзякуючы міжнароднай падтрымцы (можна спадзявацца, што такая падтрымка прыйдзе). А магчыма, і ня зможа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі апазыцыйны палітык патрабуе прыцягнуць Пуціна да адказнасьці па артыкуле «Рэабілітацыя нацызму»І ўсё гэта, яшчэ раз, праз тое, што Ўладзімір Пуцін начытаўся кансьпіралягічных кніжак, наслухаўся падхалімаў і, падобна, страціў рэшткі разважлівасьці і дальнабачнасьці падчас пандэміі і ізаляцыі. І, канечне, праз тое, што пад ягоным кіраўніцтвам жывуць яшчэ 100–120 мільёнаў людзей, значная частка якіх — такія ж ірацыянальныя, закамплексаваныя і малаадукаваныя (ці проста абыякавыя).
З гэтага імкненьня да імпэрскай велічы і магутнасьці можна было б сьмяяцца, калі б яно ня стала прамой прычынай сьмерці і паламаных жыцьцяў для соцень тысячаў невінаватых украінцаў.
У гэтай вайны не было ніякіх рацыянальных прычынаў. І ад гэтага сапраўды страшна.
Для беларусаў і для ўсяго сьвету ад гэтага інтэрвію нічога не зьмянілася, але адна выснова павінна зрабіцца яшчэ больш відавочнай. Трэба працягваць падтрымліваць Украіну — іншага нам не застаецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.