Гуманітарная ініцыятыва BySol апублікавала справаздачу аб выплаце 200 сем’ям палітвязьняў.
У ініцыятыве заявілі, што выплаты праверыла прадстаўніца Нагляднай рады маратону «Нам ня ўсё адно».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BySol выплаціў палітвязьням амаль 50 тысяч эўра, сабраных на маратоне «Нам ня ўсё адно»Ініцыятыва BySol адзначае:
- Кожная з заявак, атрыманых падчас маратону, была падтрыманая на суму EUR500;
- падтрымлівалі выплатай як тых, хто яшчэ ў турмах, так і тых, хто вызваліўся зь іх;
- усе, хто ня трапіў пад выплаты ў межах маратону, атрымалі дапамогу з уласных рэсурсаў BySol;
- з маратонскіх грошай на свае патрэбы BySol нічога ня браў;
- адмінвыдаткі, зьвязаныя з выплатай маратонскіх грошай, ініцыятыва BySol пакрыла з уласных рэсурсаў.
29 ліпеня ад 10-й ранку да 10-й вечара менскага часу на YouTube-пляцоўках праходзіў усебеларускі онлайн-маратон салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!». Збор грошай працягваецца і пасьля заканчэньня онлайн-маратону.
Яго галоўнай мэтай быў збор сродкаў для палітычных зьняволеных і іх сем’яў. З ініцыятывай правесьці такі маратон выступіла прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.
Падчас маратону сабралі каля 575 тысяч эўра. Зь іх BySol перадалі 100 тыс. эўра, 27,5 тыс. эўра — фонду салідарнасьці ByHelp, па 13,5 тыс. — праваабарончай ініцыятыве Dissidentby, дабрачыннай арганізацыі Littouwin LIONS CLUB, фонду дапамогі беларусам у Літве Razam і ініцыятыве «Анархічны Чорны крыж Беларусі», 13 тыс. — дабрачыннаму фонду «Краіна для жыцьця», 9,5 тыс. — ініцыятыве «Беларуская рада культуры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BySol у 2022 годзе перадаў рэпрэсаваным каля 2 мільёнаў эўра, — Андрэй Стрыжак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Верталёт, тэлефон і каб тата хутчэй вярнуўся дахаты. Якіх падарункаў чакаюць дзеці палітвязьняў на Каляды