З нагоды сьмерці за кратамі 50-гадовага Вадзіма Храсько, праваабаронцы нагадваюць, што гэта ўжо чацьвёртая сьмерць палітзьняволенага ў турме, пра якую вядома. «На жаль, не апошняя, бо ўладзе абсалютна напляваць на стан здароўя тых, каго яна трымае ў закладніках. Праваабаронцы маюць сьпіс людзей, стан здароўя якіх амаль не пакідае ім шанцу выйсьці з турмы жывымі, і ўсё гэта адбываецца ў цэнтры Эўропы, на нашых вачох.»
Аўтары звароту заклікаюць не маўчаць: «калі ваш сваяк у цяжкім стане ў турме, паведамляйце пра гэта праваабаронцам. Своечасовы візыт адваката да арыштанта можа ўратаваць жыцьцё, але на яго не заўсёды ёсьць грошы. Не саромейцеся зьвяртацца па дапамогу».
Праваабаронцы абяцаюць, што «семʼі памерлых у турмах палітвязьняў, якія зьвернуцца да нас па дапамогу, атрымаюць усю магчымую падтрымку. Гэта тое, што мы можам рэальна сёньня зрабіць у гэтай вусьцішнай сытуацыі».
- Вадзім Храсько, якога засудзілі на тры гады па арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), памёр у ноч з 8 на 9 студзеня, афіцыйная прычына сьмерці — пнэўманія. Яго даставілі ў шпіталь, калі шанцаў на выратаваньне ўжо не было. Паводле праваабаронцаў, ён меў шэраг захворваньняў, пра якія ведаў і судзьдзя Сяргей Хрыпач, які выносіў прысуд.