Холдынг «Амкадор» «кашалька Лукашэнкі» Шакуціна і ягоных «дочак» закідваюць судовымі пазовамі

Холдынг «Амкадор» набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна працягваюць закідваць судовымі пазовамі, вынікае з дадзеных на сайце Вярхоўнага суду, заўважыла «Люстэрка».

Пазовы падаюць розныя кампаніі — ад транспартнікаў да вытворцаў вырабаў са сталі.

Напрыклад, у лютым у Эканамічным судзе Менску заплянаваны разгляд сама меней шэсьць пазоваў да холдынгу «Амкадор». Яны тычацца невыкананьня (або неналежнага выкананьня) абавязаньняў па дамовах куплі-продажу і пастаўкі тавараў. Некаторыя таксама тычацца спагнаньня няўстойкі і працэнтаў за карыстаньне чужымі грашыма.

Сярод пазоўнікаў — транспартна-экспэдыцыйная кампанія «Глобал Лагістык», «Тэхінтэркорн» (аказвае інжынірынгавыя паслугі, у тым ліку мантаж прамысловага абсталяваньня), «Сталь ТМК» (вытворца вырабаў з мэталу). Таксама пазоў падала расейская кампанія «Метмашэкспорт», якая займаецца ў тым ліку вырабам і мантажом трубаправодных сыстэм са сталі.

У Эканамічных судах Віцебскай і Менскай абласьцей на люты таксама заплянаваны разгляд спраў па пазовах да «Амкадора».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: «Амкадор» заняўся распрацоўкай зброі

Як адзначае выданьне, пазовы супраць «Амкадора» падаюць ужо некалькі апошніх гадоў. Часта суды прымаюць рашэньне спагнаць з холдынгу пэўныя сумы на карысьць пазоўнікаў. Напрыклад, у лістападзе 2023 году Эканамічны суд Менску спагнаў з холдынгу на карысьць кампаніі «БелРус-Сібека» амаль 103 тысячы рублёў (сярод іншага, гэта асноўны доўг і працэнты за карыстаньне грашыма).

А ад пазову «Нафтана» холдынгу ўдалося часткова адбіцца ў ліпені 2023 году ў Эканамічным судзе Віцебскай вобласьці. З «Амкадора» тады спагналі каля 11 тысяч рублёў (зь якіх 10 тысяч была пеня), а ў астатняй частцы пазову адмовілі. Іншыя падрабязнасьці справы на сайце Вярхоўнага суду не паведамляюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кашалёк Лукашэнкі» Шакуцін зарабляе на санкцыях — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар

ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасьцю і рэалізацыяй спэцыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лягістычнай, торфаздабыўнай, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін.

Асноўны ўладальнік — набліжаны да Лукашэнкі Аляксандар Шакуцін, ён жа ўзначальвае раду дырэктараў. Па стане на 2022 год у структуру холдынгу «Амкадор» уваходзілі 26 прадпрыемстваў, у тым ліку 17 заводаў. Паводле ацэнак BelPol, на сёньняшні дзень у холдынгу працуе каля 7000 чалавек. У 2020 годзе Шакуцін трапіў пад санкцыі ЭЗ як «кашалёк» Аляксандра Лукашэнкі.

Пра тое, што справы ў «Амкадора» ідуць ня самым лепшым чынам, раней расказваў у сваім расьсьледаваньні BelPol. Паводле зьвестак абʼяднаньня, да лістапада 2023 году «Амкадор» меў пратэрмінаваную запазычанасьць па пагашэньні крэдыту ў «Беларусбанку» ў памеры 38 млн рублёў. Беларускія «дочкі» холдынгу моцна закрэдытаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кашалёк» Лукашэнкі Шакуцін арганізаваў паралельны імпарт заходняй тэхнікі ў Беларусь з дапамогай нямецкай кампаніі, — расьсьледаваньне

Мяркуючы па адным з дакумэнтаў наконт бюджэту «Амкадора» на 2024 год, які апынуўся ў распараджэньні BelPol, на аплату адсоткаў за карыстаньне грашыма (крыніца пазык не названая, але, хутчэй за ўсё, гаворка пра банкаўскія крэдыты) холдынгу спатрэбіцца каля 3,8 млн рублёў. Ня выключана, што тут гаворка пра выплаты працэнтаў па пазыках ня ўсіх кампаній холдынгу — гэта значыць, сума можа быць яшчэ большай.