Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кашалёк» Лукашэнкі Шакуцін арганізаваў паралельны імпарт заходняй тэхнікі ў Беларусь з дапамогай нямецкай кампаніі, — расьсьледаваньне


Аляксандар Шакуцін, архіўнае фота
Аляксандар Шакуцін, архіўнае фота

«Кашалёк» Лукашэнкі Аляксандар Шакуцін, які трапіў пад санкцыі ЭЗ, арганізаваў паралельны імпарт сельскагаспадарчай тэхнікі замежных вытворцаў, якія заявілі пра сыход з расейскага і беларускага рынкаў. Для гэтага бізнэсмэн выкарыстоўвае зарэгістраваную ў Нямеччыне кампанію SV Maschinen GmbH. У Расеі і Беларусі яна вядомая пад гандлёвай маркай «СВ Машыны».

Да такіх высноваў прыйшоў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) па выніках расьсьледаваньня, падрыхтаванага ў партнэрстве з расейскім выданьнем «Вёрстка», нямецкім Paper trail media, пры падтрымцы «Кібэрпартызан».

Расейская дачка SV Maschinen GmbH — ТАА «СВ Машины» — існуе з 2014 году, беларуская дачка — замежнае ўнітарнае прадпрыемства «СВ Машыны» — пачало працаваць у Менску ў 2010 годзе.

Кампанія, зьвязаная з Шакуціным, не хавае сваёй дзейнасьці. «СВ Машыны» ў якасьці афіцыйнага дылера прэзэнтавалі тэхніку CNH Industrial і Amazone у чэрвені на выставе «Белагра-2023». На афіцыйным сайце ў ліпені кампанія паведаміла пра паступленьне флягманскіх збожжаўборачных камбайнаў New Holland вытворчасьці CNH Industrial на склад у Новым Двары.

Гэтыя падзеі адбыліся ўжо пасьля таго, як вытворцы сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі абвясьцілі пра сыход зь Беларусі і Расеі: карпарацыя CNH Industrial выпусьціла афіцыйную заяву аб прыпыненьні паставак на расейскі і беларускі рынкі адразу пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, кампанія Amazone заявіла, што прыпыніла пастаўкі ў Беларусь і Расею, у сакавіку 2022 году.

Расьсьледніку БРЦ удалося пагутарыць пад выглядам кліента з прадстаўніком беларускага офіса «СВ Машыны», які паведаміў пра навінку — трактар McCormick. Гэта амэрыканскі брэнд, якім валодае італьянская кампанія Argo, яго прадукуюць у Гішпаніі, Францыі і Нямеччыне.

«У нас прыедуць у лістападзе, сьнежні McCormick 8-й, 7-й сэрыі, а [трактары вытворцы Case IH сэрыі] „Пума“ (Puma) мы... раней вазілі і зараз будзем вазіць, нікуды мы ад гэтага не падзенемся», — паведамілі журналісту.

CNH Industrial сапраўды спыніла пастаўкі ў Расею, але яе прадстаўніцтвы ў Эўропе — найперш у Польшчы і Італіі — прадаюць тэхніку беларускаму прадпрыемству зь нямецкай рэгістрацыяй, якое перапраўляе яе Расеі. Напрыклад, сёлета SV Maschinen GmbH паставіла 18 новых трактароў фірмы CNH Industrial Italia S.P.A. вытворчасьці Аўстрыі і Вялікай Брытаніі ў Расею фірмам «Тэхнатрэйд» і «Бізнэс маркет», паведамляюць расьсьледнікі.

З накладных, якія апынуліся ў распараджэньні БРЦ, вынікае, што ў апошнія тры гады кошт паставак у Расею расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі: у 2020-м — $383,5 тыс., у 2021-м — $1,8 млн, у 2022-м — $9 млн.

10 кастрычніка БРЦ адправіў афіцыйныя запыты кампаніям-вытворцам з просьбай растлумачыць, як гэтая сытуацыя адпавядае іх рашэньню пакінуць расейскі і беларускі рынкі. На момант публікацыі журналісты не атрымалі адказаў.

Нямецкая рэгістрацыя SV Maschinen GmbH дазваляе кампаніям спасылацца на яе эўрапейскае рэзыдэнцтва, а беларускаму бізнэсоўцу Шакуціну — працягваць весьці бізнэс у Эўразьвязе, нягледзячы на санкцыі, адзначаюць расьсьледнікі.

У ранейшым расьсьледаваньні БРЦ «Аляксандар Шакуцін зарабляе мільёны даляраў у Эўропе...» экспэрты тлумачылі, што кампаніі ўдалося абысьці санкцыйнае заканадаўства ЭЗ дзякуючы заблытанай структуры ўласьнікаў.

На момант публікацыі 70% SV Maschinen GmbH валодае літоўская EM System, астатнімі 30% — бізнэс-партнэр Шакуціна, дырэктар кампаніі Валянцін Ягораў. Літоўскай EM System валодаюць Аляксандар Шакуцін і яго даўні беларускі бізнэс-партнэр Ігар Субоцін. Кампанія знаходзіцца пад нацыянальнымі санкцыямі Літвы.

Каб зразумець, як абмежаваньні супраць EM System паўплывалі на SV Maschinen GmbH, журналісты БРЦ зьвярнуліся ў Службу расьсьледаваньняў фінансавых злачынстваў МУС Літвы, а таксама папрасілі ўласьнікў EM System Аляксандра Шакуціна і Ігара Субоціна пракамэнтаваць дзейнасьць SV Maschinen GmbH. На момант публікацыі БРЦ не атрымаў адказу ні ад эўрапейскіх чыноўнікаў, ні ад беларускіх бізнэсоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG