Грошы на адваката былому страйкамаўцу Краўчанку, якога хочуць дэпартаваць зь Літвы, сабралі менш чым за дзень

Беларусы менш чым за содні сабралі 3 тысячы эўра для былога страйкамаўца Сяргея Краўчанкі, якога ўлады Літвы зьбіраюцца дэпартаваць з краіны.

Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак, патрэбную суму ўдалося сабраць менш, чым за содні.

Сяргей Краўчанка — адзін з актыўных удзельнікаў страйкаму на прадпрыемстве «Беларусьнафта» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі. Быў вымушаны уцякаць ад рэпрэсій у Літву. Нядаўна яму адмовілі ў статусе ўцекача, у той час як ягоная сям’я раней атрымала такі статус у сувязі зь перасьледам Сяргея.

Як распавёў Сяргей Краўчанка, у чэрвені 2023 году ён, як звычайна, падаўся на дазвол на жыхарства па ўз’яднаньні зь сям’ёй. Не атрымаўшы адказу на заяву ў належны тэрмін, ён прыйшоў у Дэпартамент міграцыі Літвы, дзе яму безальтэрнатыўна сказалі падавацца на ўцякацтва. У той жа дзень Сяргея затрымалі на 48 гадзін і паведамілі, што ён зьяўляецца «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы». Пасьля гэтага яго вывезьлі ў лягер для ўцекачоў, дзе адбыўся суд. Пасьля суду беларуса адпусьцілі дадому чакаць рашэньня па запыце на ўцякацтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве расказалі, колькі беларусаў прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» за апошні год

Яшчэ праз паўгода Сяргею прыйшла адмова — справа ў тым, што з 2015 па 2018 год ён працаваў ратавальнікам-пажарнікам. Сяргей Краўчанка з такой фармулёўкай не пагадзіўся і зьвярнуўся ў суд.

«Я нідзе нічога не хаваў пра працу ў МНС, і гэта не лічылі небясьпечным, — расказаў мужчына выданьню «Люстэрка». — Я тушыў пажары, даставаў людзей пасьля ДТЗ. Доступу да сакрэтнай інфармацыі ня меў. На службе змагаўся з несправядлівасьцю і праз рознагалосьсі з кіраўніцтвам звольніўся. Мяне, напрыклад, абурала, што нам нельга езьдзіць па краіне без дазволу кіраўніцтва, атрымліваць вышэйшую адукацыю ў цывільных ВНУ. Ды і стаўленне да падначаленых у той момант рэзка пагоршылася».

Для таго, каб знайсьці неабходныя беларусу для аплаты паслуг адваката 3000 эўра, фонд BYSOL абʼявіў дабрачынны збор, бо Краўчанка ўжо больш за 7 месяцаў знаходзіцца бяз працы і вымушаны прасіць дапамогі, каб наняць адваката і аспрэчыць прынятае рашэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы назвалі колькасьць беларусаў, якім у 2023-м не далі дазвол на жыхарства праз «пагрозу нацыянальнай бясьпецы»

Літва за год (з канца лістапада 2022 па канец лістапада 2023 году) прызнала «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» 1644 беларусаў. За гэты пэрыяд

  • 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне ў Літве, 343 беларусам вырашылі яго не працягваць, 450 беларусам — анулявалі;
  • двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства ў Літве, а ў васьмі выпадках яго анулявалі;
  • 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Літвы дэпартавалі беларуса, які 17 гадоў пражыў там паводле дазволу на жыхарства
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Літве прызнаў законнай адмову Вользе Карач у палітычным прытулку. Рашэньне канчатковае, але яна не зьбіраецца пакідаць краіну