У Беларусі за «здраду дзяржаве» будуць судзіць афіцэра-артылерыста. Ён ужо год за кратамі

Намесьніка камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалягічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе гвардыі падпалкоўніка Антона Чарамных пачнуць судзіць у Менскім гарадзкім судзе 15 лютага.

Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Сяргей Кацар, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Антона Чарамных абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага» (ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК). Па гэтых артыкулах яму пагражае ад 10 да 20 гадоў зьняволеньня.

Тое, што Антона Чарамных з пачатку лютага 2023 году ўтрымліваюць у СІЗА-1, распавёў праваабаронцам «Вясны» былы вязень. Ён паведаміў пра абвінавачваньне афіцэру ў «здрадзе дзяржаве».

Абставіны справы невядомыя.

Два гады таму газэта «Звязда» рабіла рэпартаж з 120-й мэханізаванай брыгадзе, што дысьлякуецца ў менскім Уруччы, дзе журналісты размаўлялі і з Антонам Чарамных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 лютага: дэпутата з Заслаўя абвінавацілі ў фінансаваньні «экстрэмізму»; затрымалі лекара з ЛАДЭ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 лютага: затрымалі яшчэ адну жонку палітвязьня 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 студзеня: на шклозаводзе «Нёман» затрымалі пяць чалавек; вырак у Віцебску за «абразу» сілавікоў