Ігар Кізім прызначаны амбасадарам Украіны па асаблівых даручэньнях у Беларусі

Ігар Кізім, архіўнае фота

Рашэньнем міністра замежных спраў Украіны Ігар Кізім прызначаны амбасадарам па асаблівых даручэньнях па Беларусі. Пра гэта сам дыплямат паведаміў у сваім Фэйсбуку.

«Рашэньнем Міністра замежных спраў я прызначаны амбасадарам па асаблівых даручэньнях па Беларусі. Відавочна, што на дадзены момант любое пытаньне, якое тычыцца Беларусі, мае „асаблівы“ характар», — адзначыў Ігар Кізім і паставіў смайлік, які падміргвае.

Ён паведаміў, што ў ягоныя абавязкі ўваходзяць «пытаньні, зьвязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткай беларускага грамадзтва, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, у прыватнасьці што тычыцца падтрымкі расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны».

Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэта Валер Кавалеўскі вітаў прызначэньне Ігара Кізіма на пасаду амбасадара Ўкраіны па асаблівых даручэньнях у Беларусі:

«Спадар Кізім даўно і добра ведае Беларусь, асаблівасьці нашай краіны, сытуацыі ўнутры і вакол яе. Я перакананы, што новы дыпляматычны ўзровень нашых адносінаў дазволіць напоўніць супрацу дэмакратычных сіл Беларусі з афіцыйным Кіевам новым зьместам на карысьць народаў Беларусі і Ўкраіны», — заявіў Кавалеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новы пасол Украіны будзе ўручаць даверчыя граматы новаму прэзыдэнту Беларусі». Палітоляг пра адстаўку Ігара Кізіма
  • Ігар Кізім быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі з лютага 2017 году.
  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Кіеў разарваў дыпляматычныя адносіны з Расеяй, але не зь Беларусьсю.
  • У красавіку 2023 году, пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў Менску з кіраўніком акупаванай Расеяй «ДНР» Дзянісам Пушыліным, Кіеў адклікаў амбасадара Кізіма для кансультацыяў.
  • 22 чэрвеня 2023 году ўказам прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Кізім быў вызвалены ад пасады амбасадара Ўкраіны ў Беларусі. Новага амбасадара не прызначылі. Тым самым Зяленскі прадэманстраваў паніжэньне ўзроўню дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю.
  • Пра хуткае прызначэньне Кізіма 29 студзеня паведамляў тэлеграм-канал, зьвязаны з дарадцам Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатолем Лябедзькам. «За ўвядзеньне пасады спэцпрадстаўніка па Беларусі выступалі многія беларускія і ўкраінскія палітыкі», — адзначалася ў паведамленьні.
  • Раней сваіх спэцыяльных прадстаўнікоў па Беларусі, адказных за супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначылі шэраг краін, сярод якіх Швэцыя (Крысьціна Юханэсан), Літва (Аста Андрыяўскене), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Каплімаа). У 2021–2022 гадах спэцпрадстаўніком ЗША была Джулі Фішар. Яна была прызначаная амбасадарам у 2020 годзе, але так і ня трапіла ў Менск з прычыны пазыцыі беларускіх уладаў, якія былі незадаволеныя ўзмацненьнем амэрыканскіх санкцый. Новы спэцпрадстаўнік ЗША пакуль не прызначаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар Ўкраіны: «Што Беларусь не ўступіла ў вайну — Лукашэнка тут увогуле ні пры чым»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Украіны: Афіцыйных кантактаў з Лукашэнкам не было, неафіцыйныя — магчыма
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны ў Беларусі: «Калі нехта думае, што ўкраінцы перастануць супраціўляцца — узгадайце, хто казаў, што вайна працягнецца тры дні»