У інтэрвію выданьню Liga.net амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракамэнтаваў шматлікія заявы Аляксандра Лукашэнкі, што Ўкраіна прапаноўвала Беларусі заключыць пакт аб ненападзе.
«Наш прэзыдэнт выразна сказаў, што афіцыйныя перамовы не вядуцца. Хто там меў зносіны ці ня меў зносіны — мне складана сказаць. Але каб утрымаць Лукашэнку ад дзеяньняў, якія могуць уяўляць пагрозу на паўночных межах, усе магчымасьці вартыя таго, каб іх ужыць. Відавочна, што нам не патрэбны новы фронт на 1084 км», — сказаў Кізім.
Ён дапусьціў нейкі кантакт з рэжымам Лукашэнкі як элемэнт публічнай дыпляматыі.
На пытаньне, ці не выключае пасол неафіцыйныя кантакты, пасол адказаў:
«Так. Тут я спасылаюся на прэзыдэнта Зяленскага. Наша галоўная задача — каб з тэрыторыі Беларусі не было нападу на Ўкраіну. І для гэтага ўсе магчымасьці павінны быць выкарыстаныя. Ці то асабісты пасланьнік, ці проста грамадзкая арганізацыя — абмеркаваць гэта можна. Напрыклад, калі ішлі перамовы тут з расейцамі, я ўдзельнічаў, я ведаю, што адбывалася, якія дакумэнты прапаноўваліся. Гэта было афіцыйна», — сказаў Кізім.
Ён выключыў кантакты пры ўдзеле МЗС і амбасадара.